
Фінальны мужчынскі паядынак паміж італьянцам Янікам Сінэрам і іспанцам Карласам Алькарасам (першая і другая ракеткі свету) меў зацяты характар. У канцоўцы першага сэту больш удалым быў Алькарас – 6:4. У другой партыі першы нумар рэйтынгу адразу зрабіў брэйк і не ўпусціў сваёй перавагі – таксама 6:4. Падобны сцэнар назіраўся і ў трэцяй партыі – зноў 6:4. А ў чацьвёртай, якая стала заключнай, Сінэр зноў праштампаваў аналагічныя 6:4. Такім чынам італьянскі майстар ракеткі ўзяў рэванш у Алькараса за паразу на «Ралан Гарос» і стаў упершыню пераможцам Уімблдона. Да гэтага Сінэр двойчы выйграваў адкрыты чэмпіянат Аўстраліі і адзін раз US-Open.
«Чэлсі» перамог на клубным чэмпіянаце свету
Завяршыўся і клубны футбольны чэмпіянат свету. У вырашальным двубоі сустрэліся еўрапейскія клубы «Пары Сэн-Жэрмен» і лонданскі «Чэлсі». Выразнымі фаварытамі лічыліся парыжскія гульцы, але за тое мы і любім футбол, што часта ён непрадказальны. Першы тайм стаў бенефісам Коўла Палмера – хаўбек «Чэлсі» двойчы забіў сам і зрабіў яшчэ адзін асіст. Перад перапынкам табло высвечвала 3:0 на карысць лонданцаў. У другім тайме ПСЖ нічога ня здолеў зрабіць, а «Чэлсі» мог забіць яшчэ і заслужана перамог з сухім лікам. Узнагароды пераможцам і лаўрэатам у індывідуальных намінацыях уручаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Жаночы футбольны Еўра: вядомыя ўсе пары чвэрцьфіналістаў
Вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты жаночага чэмпіянату Еўропы па футболе. У групе С зборная Швецыі прапусьціла першай у паядынку з Германіяй, але ўрэшце разграміла суперніцаў – 4:1. Скандынаўкі набралі 9 ачкоў і выйшлі ў плэй-оф з першага месца, немкі – другія.
У суцяшальным матчы каманда Польшчы дамаглася першай вікторыі ў фінальных турнірах – «бялэ-чэрвоныя» ў шматголавай сустрэчы адолелі дружыну Даніі – 3:2.
У нядзелю фінішавалі каманды квартэту D. Францужанкі ўпэўнена перамаглі каманду Нідэрляндаў – 5:2, саступаючы цягам гульні 1:2. А дзяўчаты з Англіі разграмілі іншую брытанскую каманду – Уэльса – 6:1. «Трохкаляровыя» выйшлі з першага месца, ангелькі – з другога.
Такім чынам чвэрцьфінальныя пары склаліся так: Нарвегія – Італія, Швецыя – Англія, Іспанія – Швайцарыя і Францыя – Германія.
Кубак Беларусі: пакуль без сенсацый
Адбыліся чатыры матчы 1/16-й фіналу футбольнага Кубку Беларусі. Яны прайшлі на палях ніжэйшых па класе клубаў. Вось іх вынікі: «Энергетык БДУ» (Менск) – БАТЭ (Барысаў) – 0:1, барысаўцы нарэшце парадавалі сваіх прыхільнікаў; «Ліда» – «Арсенал» (Дзяржынск) – 0:1, «Баранавічы» – МЛ (Віцебск) – 1:2 у дадатковы час, «Юні Ікс Лабс” (Менск) – «Смаргонь» – 0:2. У гэтай сустрэчы голам вызначыўся Мацвей Дукса, які толькі што вярнуўся ў склад роднай каманды. Такім чынам аніводнай сенсацыі на гэтай стадыі розыгрышу Кубку краіны пакуль не здарылася. Сёння пройдзе яшчэ адна сустрэча – бабруйская «Белшына» будзе прымаць на сваім полі клуб «Маладэчна».
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






