BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яркія старты ў Лізе нацый: вынікі першых чвэрцьфіналаў

Першая серыя чвэрцьфінальных матчаў Лігі нацый атрымалася насычанай і непрадказальнай. Германія ў гасцях перамагла Італію з лікам 2:1. Італьянцы выйшлі наперад дзякуючы голу Сандра Таналі, але немцы змаглі адыграцца і вырваць перамогу дзякуючы дакладным ударам Ціма Кляйндынста і Леона Гарэцкі.

Іспанія выратавалася ад паразы ў матчы з Нідэрландамі — 2:2. Вырашальны мяч за іспанцаў на 90+3-й хвіліне забіў Мікель Мерына. У матчы Данія — Партугалія вырашальны гол на 78-й хвіліне забіў Расмус Хойлунд, што прынесла датчанам перамогу 1:0.

Харватыя ўпэўнена перамагла Францыю — 2:0, дзякуючы галам Антэ Будзіміра і Івана Перышыча. У матчы паміж Украінай і Бельгіяй украінцы ўзялі верх — 3:1. У серыі стыкавых матчаў Турцыя абыграла Венгрыю 3:1, Грузія ўпэўнена перамагла Арменію 3:0, а Аўстрыя і Сербія разышліся ўнічыю — 1:1. Матчы ў адказ адбудуцца 23 сакавіка.

Юніёры Беларусі падзялілі ачкі з Кіпрам у спарынгу

Маладзёжная зборная Беларусі (U-19) не здолела ўтрымаць перамогу ў таварыскім матчы супраць зборнай Кіпра. Ілля Губарэвіч адкрыў лік на 57-й хвіліне, але супернікі змаглі зраўняць перад фінальным свістком — 1:1. Наступная сустрэча паміж камандамі адбудзецца 23 сакавіка. Гэтыя матчы для беларускай зборнай — частка падрыхтоўкі да кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026, дзе супернікамі будуць Ліхтэнштэйн, Грэцыя і Турцыя.

“Гомель” выбівае “Металург” і выходзіць у паўфінал

Хакеісты “Гомеля” зрабілі крок да галоўнага трафея экстралігі, перамогшы “Металург” у напружанай серыі плэй-оф. Выніковы матч, які прайшоў у Гомелі, завяршыўся з лікам 1:0 на карысць гаспадароў. Адзіны гол у сустрэчы на ​​рахунку Максіма Кунішнікава, які закінуў у сярэдзіне другога перыяду. Гамяльчане маглі павялічыць перавагу, але брамнік “Металурга” Сяргей Бальшакоў некалькі разоў ратаваў сваю каманду. Жлобінцы ў канцы сустрэчы знялі брамніка, але лік так і не змяніўся. “Рысі” ўзялі рэванш за паразу ў мінулагоднім паўфінале і скінулі “Металург” з трону чэмпіёна, якім жлобінская каманда была тры сезоны запар.

Змены ў «Нёмане»: Летаў сыходзіць з пасады галоўнага трэнера

Галоўны трэнер хакейнага клуба «Нёман» Яўген Летаў пакіне сваю пасаду пасля двух гадоў працы ў камандзе. Разам з ім сыходзіць і трэнер па фізічнай падрыхтоўцы Аляксандр Шабанаў. Такое рашэнне было прынята пасля паразы «Нёмана» ў 1/4 фіналу плэй-оф ад «Дынама-Маладзечна» (2:4 у серыі). Летаў узначальваў каманду з 2022 года.

Беларускі хакеіст атрымаў сур’ёзную траўму ў матчы польскай лігі

Беларускі абаронца Дзмітрый Заламай, які выступае за польскі ГКС з Ястшэмбе, атрымаў цяжкую траўму падчас гульні супраць «Энергіі» з Торуні. На 19-й хвіліне матчу ён няўдала ўрэзаўся ў борт, пасля чаго быў вымушаны пакінуць пляцоўку на насілках. У выніку ў Заламая дыягнаставалі пералом патылічнай косці і пашкоджанне шыйных пазванкоў.

Ціманоўская вярнулася ў Польшчу пасля трэніровак у ЗША

Крысціна Ціманоўская вярнулася ў Польшчу пасля паўгода падрыхтоўкі ў ЗША. Беларуская лёгкаатлетка трэніравалася ў штаце Фларыда, каб палепшыць форму перад будучымі спаборніцтвамі. Ціманоўская пачала выступаць за Польшчу пасля таго, як падчас Алімпіяды ў Токіа ў 2021 годзе беларускія ўлады спрабавалі прымусова вярнуць яе ў Беларусь. Спартоўка папрасіла палітычны прытулак і атрымала польскае грамадзянства.

Кірсці Ковентры стала першай жанчынай на чале МАК

Кірсці Ковентры з Зімбабвэ, двойчы алімпійская чэмпіёнка па плаванні, абраная новай прэзідэнткай Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Выбары адбыліся на 144-й сесіі арганізацыі, якая праходзіць у Коста-Наварына ў Грэцыі. Ковентры атрымала падтрымку большасці галасоў. Яна афіцыйна ўступіць на пасаду 24 чэрвеня 2025 года і будзе кіраваць камітэтам на працягу васьмі гадоў. Папярэдні кіраўнік МАК Томас Бах, які ўзначальваў арганізацыю з 2013 года, стане ганаровым прэзідэнтам.