BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Юнацтва” і “Брэст” выйгралі апошнія матчы рэгулярнага сезону Экстралігі

Апошнім тур рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакеі  прайшоў з перамогамі “Юнацтва” і “Брэста”.

Ice hockey stick and puck 20181220

Менчукі ўпэўнена абыгралі “Ліду” 4:0 і ў 12-ы раз у гісторыі сталі пераможцамі рэгулярнага сезону. А “Брэст”, перамогшы “Авіятар” 5:2, заняў 7-е месца і выйшаў у плэй-ін.

Протас набраў 50 ачкоў у НХЛ хутчэй за Касціцына

Беларускі нападнік Аляксей Протас дасягнуў 50 ачкоў у сезоне НХЛ пасля матчу “Вашынгтон” – “Эдмантан”, які завяршыўся з лікам 7:3, дзе ён зрабіў тры галявыя перадачы. Цікава, што на гэта яму спатрэбілася на 20 матчаў менш, чым Сяргею Касціцыну, які ў 2010/11 набраў 50 ачкоў у “Нэшвіле”. Цяпер галоўны рэкорд для беларусаў у НХЛ належыць Ягору Шаранговічу – 59 ачкоў у мінулым сезоне.

Беларускі абаронца Ляўшуноў дыскваліфікаваны ў АХЛ

Арцём Ляўшуноў, 19-гадовы хакеіст “Рокфард Айсхогс”, атрымаў дыскваліфікацыю на адзін матч у АХЛ. Падчас гульні супраць “Чыкага Вулвз” ён атрымаў штраф за грубасць пасля ўдару суперніка клюшкай. У бягучым сезоне Ляўшуноў згуляў 47 матчаў, набраў 21 ачко, але таксама меў 59 хвілін штрафу.

Расейскі вінгер трэніруецца з БАТЭ

27-гадовы Мікалай Пруднікаў, які раней выступаў у Расеі, Венгрыі і Арменіі, далучыўся да трэніровак БАТЭ. Футбаліст, які нарадзіўся ў Шклове, узімку праходзіў прагляд у “Дынама-Брэст”, дзе забіў у таварыскіх матчах. Цяпер ён спрабуе замацавацца ў складзе барысаўскага клуба.

“МЛ Віцебск” будзе базавацца ў Стайках

Галоўны трэнер “МЛ Віцебск” Аляксандр Шагойка паведаміў, што клуб у новым сезоне будзе трэніравацца ў Стайках. Гэта рашэнне прынята пасля дамоўленасці з інфраструктурай базы. Сам трэнер з іроніяй адзначыў, што ім давядзецца “ўжывацца” з “Дынама-Мінск”, якія таксама выкарыстоўваюць гэту базу.

Маладыя лідары “Барселоны” настойваюць на новым форвардзе

Іспанскія футбалісты Педры і Ламін Ямаль выступілі за падпісанне новага нападніка, які б замяніў Роберта Левандоўскага, паведамляе El Nacional. На іх думку, камандзе патрэбны больш рухомы гулец, здольны не толькі забіваць, але і ўдзельнічаць у стварэнні атак, апускаючыся глыбей у поле. Кіраўніцтва каталонцаў разглядае Душана Улахавіча з “Ювентуса” і Аляксандэра Ісака з “Ньюкасла”. Калі адзін з іх далучыцца да “Барселоны”, гэта можа аслабіць пазіцыі Левандоўскага ў складзе.

Беларускія футбалісткі згуляюць супраць Сербіі ў Лізе нацый

Жаночая зборная Беларусі па футболе сёння правядзе матч супраць Сербіі ў рамках Лігі нацый УЕФА. Беларускі ўжо саступілі Венгрыі 0:2 у першым матчы, а сербкі перамаглі Фінляндыю 1:0. Пачатак матчу ў 20:00.

Матчы плэй-оф SEHA-лігі стартуюць 1 сакавіка

У гандбольнай SEHA-лізе 1 сакавіка стартуе раўнд плэй-оф.  “Мяшкоў Брэст” сустрэнецца з менскім СКА, а “Машэка” прыме “Зеніт” (СПб). Пераможцы выйдуць у паўфінал. Летась “Мяшкоў Брэст” стаў чэмпіёнам SEHA-лігі, перамогшы ў фінале “Еўрафарм Пелістэр”.

Беларускае Радыё Рацыя