Пасля паўзы на міжнародныя матчы аднавіўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. На сталічнай “Чыжоўка-Арэне” “Юнацтва” разграміла “Брэст” 4:0. Па два ачкі за гаспадароў набралі Уладзіслаў Дземідовіч (1+1) і Валянцін Дземчанка (0+2), а галкіпер Георгій Кузняцоў адбіў усе 20 кідкоў суперніка. Дзякуючы гэтаму поспеху сталічны клуб параўняўся па ачках з “Нёманам” на першым месцы ў экстралізе, але ў гарадзенцаў ёсць гульня ў запасе. Паралельна ў Наваполацку мясцовы “Хімік” прымаў салігорскі “Шахцёр” і святкаваў вікторыю з лікам 3:2. Аўтарам вырашальнай шайбы ў навапалачан стаў Дзяніс Кірпічонак.

Аляксей Протас другі матч запар без ачкоў
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі “Вашынгтон” у гасцях саступіў “Даласу” — 1:3. У складзе сталічнай каманды беларускі нападнік Аляксей Протас гуляў на левым фланзе другога звяна, у кампаніі з П’ерам-Люкам Дзюбуа і Томам Уілсанам. У выніку Протас правёў на лёдзе 17 хвілін 53 секунды, ачкоў не набраў, кідкоў па брамцы не выканаў і зарабіў паказчык карыснасці -1. Гэта другі матч запар Протаса без ачкоў. Такое з ім адбываецца другі раз у гэтым сезоне.
“Інтэр” разграміў “Лацыё” у чэмпіянаце Італіі
“Інтэр” на выездзе разграміў “Лацыё” ў матчы 16-га тура чэмпіянату Італіі — 6:0. “Інтэр” з 34 ачкамі ідзе трэцім у табліцы, адстаючы ад “Напалі”, які правёў на гульню больш, на адзін бал.
Італія ці Германія прымуць фінал Лігі нацый УЕФА
Выканкам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый назваў магчымыя месцы правядзення фінальнага этапа Лігі нацый УЕФА. Гаспадаром вырашальнага раунда чацвёртага сезона гэтага турніру стане пераможца чвэрцьфінальнага супрацьстаяння паміж футбалістамі зборных Італіі і Германіі. Калі перамогуць італьянцы, то фінальная стадыя пройдзе на дзвюх арэнах Турына. У выпадку выйгрышу немцаў фінал прымуць Мюнхен і Штутгарт. Дзеючыя пераможцы Лігі нацый – футбалісты Іспаніі – сустрэнуцца ў чвэрцьфінале з камандай Нідэрландаў. Віцэ-чэмпіёны свету французы будуць супернічаць з харватамі. Датчане згуляюць з партугальцамі, прычым той, хто прайграе ў гэтай пары, стане супернікам зборнай Беларусі ў адборавым турніры чэмпіянату свету 2026 года.
Міхаіл Мудрык трапіўся на допінгу
Украінскі паўабаронца “Чэлсі” Міхаіл Мудрык здаў станоўчы допінг-тэст. У пробе “А” футбаліста выявілі забароненае рэчыва. Допінг-пробу, якая дала станоўчы вынік, узялі ў хаўбека напрыканцы кастрычніка. Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні будзе выкрыта проба “B”. Мудрык выступае за «Чэлсі» з 2023 года. Яго кантрактнае пагадненне з клубам разлічана да 2031 года. У гэтым сезоне ён прыняў удзел у 15 матчах ва ўсіх турнірах, у якіх запісаў у актыў тры галы і пяць выніковых перадач. Трансферны кошт футбаліста ацэньваецца на 30 мільёнаў еўра. У выпадку пацверджання віны гульца Мудрык можа быць дыскваліфікаваны на чатыры гады.
Беларускае Радыё Рацыя






