Ноччу ў Нацыянальнай хакейнай лізе прайшла сустрэча дзвюх камандаў, за якія выступаюць беларускія гульцы. «Юта» Уладзіслава Калячонка абыграла «Калгары» Ягора Шаранговіча з лікам 5:1.

Калячонак правёў на лёдзе 12 хвілін і 27 секунд, здзейсніў 2 перахопы, заблакаваў 1 стрэл суперніка, ужыў 1 сілавы прыём і зарабіў паказчык карыснасці «-1». Шаранговіч жа правёў на лёдзе 17 хвілін і 33 секунды (з іх у большасці 2 хвіліны 47, і ў меншасці 45 секунд), нанёс 2 кідкі, дапусціў 1 страту, выйграў 6 з 14 укідванняў і зарабіў паказчык карыснасці «-1».
Яшчэ адзін беларускі хакеіст, які выступае ў мацнейшых лігах паўночнай Амерыкі, згуляў сёння свой матч. У другой па значнасці лізе АХЛ адбыўся адзін паядынак. «Віндзар Спітфайерз» на сваім лёдзе саступілі «Су-Сэнт-Мары Грэйхаўндс» з лікам 1:3. У складзе гаспадароў адзіную шайбу закінуў беларускі форвард Ілля Протас. У сярэдзіне трэцяга перыяда ён рэалізаваў большасць «Віндзара». У бягучым сезоне ў беларуса 16 ачкоў, з якіх 10 галоў і 6 выніковых перадач у 10 праведзеных матчах пры 6 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «+ 6». Нагадаем, што Ілля быў ў гэтым міжсезонні задрафтаваны за каманду з НХЛ «Вашынгтон Кэпіталз», за якую паспяхова выступае яго старэйшы брат Аляксей.
Пераносімся да беларускага хакея. Сёння трыма матчамі распачнецца 19 тур Экстралігі. У Берасці заходняе дэрбі – «Брэст» прымае «Ліду». «Гомель» прыме наваполацкі «Хімік». А «Віцебск» у сябе прыме баранавіцкі «Авіятар». Пачатак усіх гульняў у 17 гадзін па-польскім часе і ў 19 па-беларускім.
У Ніжнім Ноўгарадзе сёння распачнецца матч двух суседзяў па турнірнай табліцы ў Заходнім дывізіёне расейскай Кантынентальнай хакейнай лігі паміж мясцовым «Тарпеда» і «Дынама-Менск».
Instagram-акаўнт беларускага рэжысёра, сузаснавальніка Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі SOS BY Андрэя Гнёта абвешчаны «экстрэмісцкім матэрыялам». Такое рашэнне прыняў так званы суд у Баранавічах 29 кастрычніка.
Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Яго дзейнасць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021 года Гнёт атрымаў сігнал, што рэжыму вядома пра яго пратэстную актыўнасць, пасля чаго ён пакінуў Беларусь. Праз тое, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






