BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каладзінская і Курачкіна сталі чэмпіёнкамі Еўропы па вольнай барацьбе

Ванэса Каладзінская стала чэмпіёнкай Еўропы па вольнай барацьбе. Кантынентальнае першынства праходзіць у Бухарэсце. Беларусы ў ім удзельнічаюць у нейтральным статусе. У фінале вагавай катэгорыі да 53 кілаграмаў Каладзінская перамагла шведку Эму Малгрэм — 10:2. Яна ўжо мела ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Парыжы. Ванэса Каладзінская стала трохразовай чэмпіёнкай Еўропы. Раней яна перамагала ў 2017 і 2020 гадах. Ірына Курачкіна ў вагавай катэгорыі да 57 кілаграмаў перамагла ў фінале прадстаўніцу Балгарыі Эвеліну Ніколаву — 7:2. Курачкіна таксама трохразовая чэмпіёнка Еўропы (раней заваёўвала золата ў 2018 і 2021 гадах).

Валадзько заваявала срэбраную медаль

У сталіцы Балгарыі Сафіі на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы беларуская спартоўка Сюзана Валадзько заваявала срэбраны медаль у вазе да 71 кг. У рыўку беларуска справілася са штангай вагой 105 кг. У штуршку Валадзько ў другой спробе ўзяла 130 кг. Выніковая сума 235 кг прынесла беларусцы срэбраны медаль. Чэмпіёнкай Еўропы стала румынка Ларэдана Тома, якая падняла сумарна 241 кг.

Змушко спынілася за крок ад медаля Чэмпіяната свету на дыстанцыі 200 метраў брасам

У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту, на якім у нейтральным статусе выступаюць беларускія спартоўцы. Другую спробу заваяваць медаль Чэмпіяната свету ў горадзе Доха распачала Аліна Змушко, на гэты раз на дыстанцыі 200 метраў брасам. Некалькі дзён таму беларуска фінішавала шостай у фінале на стомятроўцы, а зараз дацягнуцца да тройкі зноў не атрымалася, хаця Аліна была даволі блізкая. Яна завяршыла заплыў на чацвёртым месцы, праўда, адставанне ад бронзавага медаля, які выйграла канадка Сідні Пікрэм, склала паўтары секунды. Чэмпіёнкай свету стала Тэс Схаўтэн з Нідэрландаў, другую пазіцыю заняла амерыканка Кейт Даглас.
Тым не менш, Змушко з’едзе з Дохі з выкананым алімпійскім нарматывам на сотні брасам, а таксама з нацыянальным рэкордам на дыстанцыі ўдвая даўжэйшай. Таксама пуцёўку ў фінал на дыстанцыі 200 м на спіне заваявала Анастасія Шкурдай. У сваім паўфінале ўладальніца алімпійскай ліцэнзіі ў гэтым відзе закранула борцік другой, паказаўшы час 2 хвіліны 9,76 секунды.

Зборная Беларусі па пляжным футболе стартавала на чэмпіянаце свету з перамогі

Зборная Беларусі па пляжным футболе стартавала на чэмпіянаце свету ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з перамогі. У пятніцу была абыграная зборная Сенегала — 6:4. Аўтарам хет-трыка стаў Алег Гапон, два галы забіў Ігар Брыштэль, адзін — Юрый Пятроўскі. Заўтра беларусы сустрэнуцца са зборнай Японіі, віцэ-чэмпіёнамі свету.

Ілля Шкурын забіў ужо 10-ы гол у чэмпіянаце Польшчы

Беларускі нападнік Ілля Шкурын, які выступае за “Сталь” з горада Мелец, забіў пераможны гол у матчы з адным з лідараў бягучага чэмпіянату Польшчы. Гэта ўжо 10-ы дакладны стрэл футбаліста. На гэты раз 24-гадовы беларус вызначыўся ў гасцявым матчы супраць “Шлёнска”, які перад гульнёй дзяліў лідарства ў чэмпіянаце з “Ягелоніяй”. На 45-й хвіліне Ілля атрымаў пас пасля розыгрышу штрафнога, падпрацаваў мяч пад правую нагу і моцным ударам адправіў мяч у сетку. Гэта быў адзіны гол у матчы – 1:0. Цяпер Шкурын займае другое месца ў спісе лепшых бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы ў мацнейшым дывізіёне. У яго 10 дакладных удараў у 20 гульнях. Лідыруе Эрык Эспазіта са «Шлёнска», які забіў 14 галоў. Таксама на рахунку Іллі пяць голавых перадач. Дзякуючы перамозе “Сталь” узнялася на 8-е месца ў табліцы польскай экстракласы. Пасля 20 матчаў у каманды 28 ачкоў. Нагадаем, што пасля выбараў у 2020-м Ілля апублікаваў пост, у якім заявіў, што адмаўляецца прыязджаць у зборную пры ўладзе Лукашэнку.

Лідар экстралігі “Шахцёр” прайграў «Нёману»

У рамках Betera-Экстралігі па хакеі “Шахцёр” на выездзе саступіў “Нёману” з лікам 2:4. “Шахцёр” пасля 52 гульняў з 82 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы, “Нёман” ідзе чацвёртым з 70 баламі. Таксама «Дынама-Маладзечна” абыграла Ліду – 5:3, а «Брэст” саступіў сталічнаму „Юнацтву» – 0:3.

Беларускае Радыё Рацыя