BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Калгары» Шаранговіча абыграў «Анахайм», «Арызона» Калячонка выйграла ў «Эдмантана»

Ноччу прайшлі матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. «Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Анахайм» 6:3. Беларус правёў на лёдзе 17 хвілін 40 секунд, набраў 1 (0+1) ачко ў меншасці, нанёс 3 кідкі, заблакаваў 2 кідкі, здзейсніў 1 перахоп, дапусціў 2 страты і зарабіў паказчык карыснасці «-1».

Фота: sportnet.live

У бягучым сезоне Шаранговіч правёў 79 гульняў, набраў 58 (30+28) ачкоў. «Арызона» Уладзіслава Калячонка выйграла ў «Эдмантана» 3:2 у авертайме. Беларус правёў на лёдзе 15 хвілін 54 секунды, заблакаваў 3 кідкі, здзейсніў 1 перахоп і зарабіў паказчык карыснасці «0». У бягучым сезоне НХЛ у яго актыве 2 (1+1) ачкі ў 3 матчах, пры паказчыку карыснасці «+2».

Футбалісты “Нёмана” выйгралі чацвёрты матч запар у чэмпіянаце Беларусі

Гарадзенскі “Нёман” падоўжыў пераможную серыю на старце футбольнага чэмпіянату Беларусі. Падначаленыя Ігара Кавалевіча святкавалі чацвёртую вікторыю запар, абыграўшы ў Магілёве футбалістаў “Дняпра” 2:0. Героем  паядынку стаў 21-гадовы камерунскі нападнік гасцей Леанард Гвет, які двойчы эфектна забіў супернікам.

Пазней футбалісты “Гомеля” згуляюць на сваім полі з чэмпіёнам краіны менскім “Дынама”, “Іслач” з Менскага раёна будзе супернічаць з дзяржынскім “Арсеналам”, а ў Жодзіне тарпедаўцы прымуць барысаўскі БАТЭ.

“Мяшкоў Брэст” прыме СКА ў фінале гандбольнага чэмпіянату Беларусі

У гандбольным чэмпіянаце Беларусі сярод мужчынскіх каманд стартуюць медальныя серыі. У першым паядынку за золата 32-га нацыянальнага першынства дзейны чэмпіён “Мяшкоў Брэст” прыме на сваёй арэне менскі СКА. Берасцейцы выдатна прайшлі дыстанцыю рэгулярнага сезона, перамаглі ва ўсіх 20 праведзеных сустрэчах, а потым былі яшчэ чатыры вікторыі ў плэй-оф. Паўторная сустрэча залатой серыі пройдзе 20 красавіка ў Менску, а 27 красавіка каманды зноў сустрэнуцца ў Берасці. У першым матчы за бронзавыя ўзнагароды гандбалісты “Кронана” згуляюць у Гародні са сталічным БДУФК-СКА. Медальныя серыі працягнуцца да трох перамог.

Салаш у складзе “Бура” ўзяў срэбра баскетбольнага Еўракубка

Беларускі баскетбаліст Максім Салаш стаў срэбраным прызёрам Еўракубка ў складзе французскага “Бура”. У першым паядынку фінальнай серыі “Бур” уступіў у сталіцы Францыі баскетбалістам “Парыжа” з лікам 64:77, а потым на сваёй арэне прайграў 81:89. У першай гульні Максім Салаш не набраў ачкоў, а ў другім паядынку зарабіў 5 балаў. У гэтым еўракубкавым сезоне беларускі нападнік правёў 23 паядынкі, набраўшы 202 ачкі (у сярэднім – амаль 8,8 бала за адну гульню). У чэмпіянаце Францыі баскетбалісты “Бура” займаюць трэцяе месца.

Рэзервісты БК “МІНСК” выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату Беларусі

Пасля другіх матчаў серый 1/8 фіналу вызначыўся яшчэ адзін удзельнік чвэрцьфінальнай стадыі баскетбольнага чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд. Рэзервовая каманда “МІНСКА” пасля хатняй перамогі над берасцейскай “Вікторыяй” 74:46 і на выездзе была мацней за берасцейцаў – 75:56. Цяпер у барацьбе за выхад у паўфінал менчукі сустрэнуцца з магілёўскім “Барысфенам”.

Сасновіч выйшла ў фінал кваліфікацыі турніру WTA-500 у Штутгарце

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 922 тысячы даляраў. У першым кваліфікацыйным раундзе беларуска абыграла ў двух сэтах харватку Яну Фэт – 6:4, 7:6 (7:4). Заўтра ў вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з французскай тэнісісткай Асеан Додэн.

Беларускае Радыё Рацыя