BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Калгары” з Шаранговічам перамог «Бостан»

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ “Калгары” з Ягорам Шаранговічам з лікам 4:1 святкаваў перамогу ў гасцях у “Бостана”, лідара Усходняй канферэнцыі.

Фота Мінспорта РБ

Беларус правёў гульню ў цэнтры першага звяна. Адбегаў 16 хвілін 39 секунд, бамбардзірскімі баламі не вызначыўся, запісаў у актыў 2 кідкі і 1 сілавы прыём, 2 перахопы, дапусціў адну страту, выйграў 3 з 7 укідванняў, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0.

«Вашынгтон» з Аляксеем Протасам капітуляваў у сталіцы ЗША перад «Манрэалем» 2:5. Беларускі нападнік правёў на пляцоўцы 10 хвілін 50 секунд, бамбардзірскімі баламі не вызначыўся, запісаў у актыў 1 кідок, заблакаваў 1 кідок суперніка, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці -1. Протас не набірае ачкоў 14 матчаў запар, з 30 снежня мінулага года.

Беларусы перамаглі зборную Узбекістана па міні-футболе ў таварыскім матчы

Зборная Беларусі па міні-футболе святкавала перамогу над камандай Узбекістана ў першым таварыскім матчы ў Ташкенце. Падначаленыя Аляксандра Чэрніка выйгралі 3:2. Мячы ў складзе беларусаў забілі Арцём Якубаў, Зміцер Шыманоўскі і Аляксей Лукша. Другая сустрэча адбудзецца таксама ў сталіцы Узбекістана 9 лютага.

Забелін перайшоў ў «Сокал» Багі

Саратаўскі “Сокал” з другога расейскага дывізіёна аб’явіў аб падпісанні кантракта з Паўлам Забеліным. Раней гэты беларускі паўабаронца выступаў у салігорскім “Шахцёры” пад кіраўніцтвам Аляксея Багі, цяперашняга галоўнага трэнера “Сокала”. 28-гадовы футбаліст быў гульцом стартавага складу, не раз трапляючы ў сімвалічныя зборныя па версіі розных спартовых рэсурсаў. Усяго за гарнякоў Забелін правёў 38 матчаў, у якіх вызначыўся двума забітымі мячамі. Апошнім клубам Забеліна быў казахстанскі «Табол», у складзе якога Павел удзельнічаў у Лізе канферэнцый, згуляўшы 8 гульняў. У табліцы другога расейскага дывізіёна “Сокал” займае 16-е месца (пры 18 камандах) і размяшчаецца ў зоне вылету.

«Мальёрка» і «Рэал Сасьедад» у першым матчы паўфіналу Кубка Іспаніі мячоў не забілі

“Мальёрка” і “Рэал Сасьедад” згулялі ўнічыю ў першым матчы 1/2 фіналу Кубка Іспаніі — 0:0. Сустрэча ў адказ адбудзецца 27 лютага на стадыёне «Рэале Арэна» ў Сан-Себасцьяне. У другім паўфінале сыдуцца мадрыдскі “Атлетыка” і “Атлетык” з Більбао.

“Саўтгэмптан” перамог “Уотфард” у паўторным матчы 1/16 фіналу Кубка Англіі — 3:0. У 1/8 фіналу «Саўтгэмптан» пазмагаецца з «Ліверпулем». “Лідс” адолеў “Плімут” 4:1 і згуляе ў 1/8 фіналу з пераможцам пары “Чэлсі” — “Астан Віла” (першы матч гэтыя каманды згулялі ўнічыю 0:0.

Клопп гатовы ўзначаліць «Барселону»

Галоўны трэнер «Ліверпуля» Юрген Клопп, які абвясціў аб сваім сыходзе з клуба пасля заканчэння сезона, можа ўзначаліць «Барселону». Як паведамляе журналіст Херард Рамэра, «Барса» — адзіная каманда, дзеля якой немец гатовы адмовіцца ад гадавога водпуску. Раней спартовы дырэктар каталонскага клуба Дэку заявіў, што інфармацыя аб магчымым найманні Клоппа з’яўляецца заўчаснай. Нагадаем, цяперашні галоўны трэнер “Барселоны” Хаві таксама пакіне яе пасля заканчэння сезона.

Хандошка заваявала бронзу Чэмпіяната свету ў Досе

Сінхраністка Васіліна Хандошка выйграла бронзавы медаль на чэмпіянаце свету па водных відах спорту ў горадзе Доха. Беларуска, якая выступала на спаборніцтвах у нейтральным статусе, узяла ўзнагароду ў адвольнай праграме ў дысцыпліне “сола”.

На Алімпіяду-2024 Хандошка трапіць не зможа: «сола» не з’яўляецца алімпійскім відам, а ў спаборніцтвах дуэтаў і камандных спаборніцтвах беларускі да ўдзелу не дапушчаны.

Беларускае Радыё Рацыя