BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Камунальнік” выйграў бронзу жаночага чэмпіянату Беларусі

У чэмпіянаце Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд вызначыўся бронзавы прызёр – ім стаў магілёўскі “Камунальнік”. Трэцяе месца па выніках сезона магіляўчанкі аспрэчвалі з берасцейскім “Прыбужжам”. Два першыя матчы серыі да трох перамог прайшлі на поўдні краіны 12 і 13 траўня, тады каманды абмяняліся перамогамі. Далей суперніцы пераехалі ў Магілёў, трэці матч супрацьстаяння завяршыўся вікторыяй гаспадынь пляцоўкі 3:2. Напярэдадні высвятленне адносін таксама перацякло ў пяты сэт. У канцоўцы мацнейшымі апынуліся магіляўчанкі 15:12. Такім чынам, 3:2 у чацвёртым паядынку і 3:1 у пары. “Камунальнік” упершыню за 12 гадоў бярэ медалі жаночага нацыянальнага першынства, а “Прыбужжа” перарывае серыю з шасці запар трапленняў у прызы.

Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” выйшлі наперад у фінале чэмпіянату Беларусі

Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” выйгралі ў “Гомеля” ў першым матчы за залатыя медалі жаночага чэмпіянату Беларусі. У Гомелі падначаленыя Канстанціна Шараварава паказалі выдатную гульню і ўпэўнена перамаглі дзеючых чэмпіёнак з перавагай у дзевяць мячоў – 33:24. Другі паядынак серыі да дзвюх перамог адбудзецца 25 траўня ў Менску. У стартавым матчы бронзавай серыі гандбалісткі “Гараднічанкі” перамаглі ў Гародні берасцейскі клуб “Вікторыя-Бярэсце” з лікам 30:23.

Гол Падстрэлава прынёс менскаму “Дынама” валявую перамогу ў матчы з “Шахцёрам”

Менскае “Дынама” на хатняй арэне ў валявым стылі перамагло “Шахцёр” у матчы 9-га тура чэмпіянату Беларусі — 3:2. Гаспадары саступалі пасля 22-й хвіліны, калі Арцём Быкаў адзначыўся аўтаголам, але здолелі пераламіць ход паядынку. Вырашальным стаў гол Зміцера Падстрэлава на 89-й хвіліне. Менчане з 19 ачкамі ідуць чацвёртымі ў табліцы, саступаючы берасцейскаму “Дынама” па дадатковых паказчыках.

ВРЗ зноў абыграў “Менск” ў 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ другі раз абыграў “Менск” у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. На паркеце сталічнага Палаца спорту “Уручча” на працягу пяці стартавых хвілін Дзмітрый Шыманоўскі і Юрый Дубкоў двойчы паразілі вароты менчан. Адразу пасля перапынку Данііл Крывіцкі і Ілля Манаенкаў аднавілі парытэт – 2:2. У авертайме лік не змяніўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку гамяльчан – 5:4. У першым матчы ВРЗ перамог на сваёй арэне з лікам 2:0. Трэці паядынак серыі да трох перамог пройдзе 23 траўня ў Гомелі.

Гарноська заваявала пяць узнагарод міжнароднага турніру ў Дубаі

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах завяршыўся міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы UAE Gymnastika Solo Cup з удзелам беларусак. На спаборніцтвах выступілі больш за 700 грацый з 23 краін, якія вызначалі найлепшых у розных узроставых катэгорыях. У самым прэстыжным турніры сярод сеньёрак былі прадстаўлены наймацнейшыя гімнасткі з Беларусі і Расеі, паміж якімі і разгарнулася асноўная барацьба за ўзнагароды. Лідар нашай каманды Аліна Гарноська ўзяла медалі ў кожным з відаў праграмы: беларуска выйграла срэбра ў практыкаваннях з мячом і булавамі, а таксама стала бронзавым прызёрам у кампазіцыях з абручом і стужкай. Акрамя таго, Гарноська паказала другі вынік у шматбор’і, саступіўшы толькі Ганне Паповай з Расеі.

Трое беларусаў выступяць на чэмпіянаце свету па дзюдо ў ААЭ

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах стартаваў чэмпіянат свету па дзюдо. Планетарны форум у Абу-Дабі сабраў больш за 650 спартоўцаў са 108 краін, на турнір заявіліся трое прадстаўнікоў беларускай каманды. Першым на татамі выйдзе Руслан Галавачоў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 73 кг. На стадыі 1/32 фіналу беларусу будзе супрацьстаяць дзюдаіст з краіны-гаспадыні Карым Абдулаеў.

Беларускае Радыё Рацыя