
Працягваецца выніковы тэнісны турнір ATP у Турыне.
Нумар 1 у сусветным рэйтынгу гішпанец Карлас Алькарас перайграў 6 ракетку амерыканца Тэйлара Фрыца з лікам 2:1. Цягам амаль трохгадзіннага матча тэнісісты згулялі тры сэты – 6:7, 7:5, 6:3.
З двума перамогамі гішпанец і ўзначаліў табліцу ў сваёй групе А.
Беларускі форвард «Зімбру» Дзяніс Казлоўскі прызнаны найлепшым футбалістам і ўключаны ў сімвалічную зборную 19 тура першынства Малдовы.
На рахунку футбаліста – хет-трык у вароты «Бельцаў» (3:1).
У Казлоўскага 14 галоў у 15 матчах, ён ужо на 5 забітых мячоў абыходзіць бліжэйшых канкурэнтаў у спісе бамбардзіраў малдаўскай Суперлігі.
Жаночая зборная Беларусі па футболе правядзе два таварыскія матчы. Абедзьве гульні адбудуцца на трэніровачнай базе Федэрацыі футбола Босніі і Герцагавіны ў Зеніцы. З гаспадарамі поля беларускі сустрэнуцца 26 лістапада, а 29 лістапада згуляюць з камандай Грэцыі.
Зборная Марока U-17 перамагла Новую Каледонію на чэмпіянаце свету U-17 з лікам 16:0.
Гэта найбуйнейшая перамога ў гісторыі ўсіх чэмпіянатаў свету па футболе на кожным роўні.
Да гэтага рэкорд адначасна належаў Гішпаніі, якая абгуляла Новую Зеландыю 13:0 у 1997 годзе на ЧС U-17, і ЗША, якія забілі 13 галоў Тайланду на жаночым чэмпіянаце свету 2019 года.
Зборная Марока зрабіла 81 удар па варотах у гэтым матчы. Найлепшым гульцом сустрэчы ў складзе зборнай Новай Каледоніі стаў брамнік Нікалас Кутран, які зрабіў 14 сэйваў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора былі згуляныя заключныя матчы 23 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Нёман» у Гародні саступіў смаленскаму «Славуцічу» з лікам 1:4.
Салігорскі «Шахцёр» з такім сама лікам толькі наадварот 4:1 перамог «Магілёў».
«Брэст» перайграў па булітах «Ліду» з лікам 5:4.
У сустрэчы лідараў турнірнай табліцы «Дынама-Маладэчна» саступіла менскаму «Юнацтву» – 1:4.
Пасля 23 матчаў на першым радку з 40 ачкамі ідзе «Юнацтва», на другім «Дынама-Маладэчна», у якога 37 пунктаў і з 35 ачкамі замыкае тройку лідараў – «Ліда».
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала другой у свеце паводле агульнай сумы прызавых у гісторыі жаночага тэнісу. Яна абышла польку Ігу Свёнтэк і амерыканку Вінус Уільямс, саступаючы цяпер толькі сястры апошняй, легендарнай Серэне Уільямс.
Згодна з абноўленымі дадзенымі рэйтынгу WTA, на рахунку цяперашняй першай ракеткі свету Сабаленкі — 45 175 621 даляр. Для параўнання, у Серэны Уільямс — 94 816 730 даляраў.
У тройку лідараў таксама ўваходзяць полька Іга Свёнтэк (43,64 мільёна даляраў). Далей ідуць амерыканка Вінус Уільямс (42,86 мільёна), румынка Сімона Халеп (40,23 мільёна), беларуска Вікторыя Азаранка (38,89 мільёна) і расейка беларускага паходжання Марыя Шарапава (38,77 мільёна).
У 2025 годзе Арына Сабаленка перамагла на US Open, выйграла турніры WTA 1000 у Маямі і Мадрыдзе, а таксама «пяцісотнік» у Брысбене. Па выніках сезона яна паставіла рэкорд паводле прызавых за адзін каляндарны год — 15 008 519 даляраў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя





