BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Казахскі «Кайрат» з беларусамі адолеў браціслаўскі «Слован»

Учора прадоўжыліся матчы трэцяга раўнда ў футбольных еўракубках. Шэсць матчаў прайшлі ў Лізе чемпіёнаў.

Футбол. Здымак ілюстрацыйны.
Футбол. Здымак ілюстрацыйны

Казахскі “Кайрат” (Алматы) на сваім полі з мінімальным лікам 1:0 перайграў славацкі «Слован» (Браціслава). З 65 хвіліны казахі гралі ў большасці. Забілі з пенальці на 90 хвіліне. А на 92-й быў выдалены галоўны трэнер гасцей. Што ж тычыцца беларускіх гульцоў «Кайрата», то абаронца і капітан каманды Аляксандр Мартыновіч адгуляў увесь матч, а паўабаронца Валер Грамыка быў заменены на 78 хвіліне. Нагадаем, што «Кайрат» ужо сабе забяспечыў еўравосень. А вось якую даведаемся неўзабаве.

Аўстрыйскі «Рэд Бул» у Зальцбургу саступіў бельгійскаму «Бруге» 0:1. Балгарскі «Лудагорац», які ў першым раўндзе выбіў з Лігі чэмпіёнаў менскае «Дынама», згуляў у Разградзе 0:0 з венгерскім «Ферэнцварашам».

Чэмпіён Польшчы познаньскі «Лех» на сваім полі прайграў сербскай «Црвене Звездзе» з лікам 1:3.
Нідэрландскі «Феенорд» Робіна ван Персі ў прыгожым матчы ў Ротэрдаме перайграў з лікам 2:1 турэцкі «Фенербахчэ» Жазэ Маўрыньё. Пры чым развязка надышла на апошніх хвілінах гульні. На 86-й туркі лік параўнялі, а на 91-й чырвона-белыя зафіксавалі сваю перамогу.
Французская «Ніца» на сваім полі саступіла з лікам 0:2 партугальскай «Бенфіцы».

Дзве сустрэчы прайшлі ўчора і ў трэцім раўндзе Лігі Еўропы. Латышскі «РФС» у Рызе саступіў фінскаму «КюПС» з лікам 1:2. Харвацкая «Рыека» з такім самым лікам 1:2 саступіла на сваім полі ірландскаму «Шэлбурну».

20-гадовы беларускі паўабаронца Глеб Кучко накіраваўся ў арэнду ў «Медзь» з другога футбольнага дывізіёна Польшчы. Клуб з Легніцы арандаваў гульца моладзевай зборнай Беларусі ў плоцкай «Віслы». Нагадаем, што пагадненне беларуса з камандай з Экстракласы разлічана да 20 чэрвеня 2027 года. У бягучым сезоне Кучко два разы трапляў у заяўку асноўнай каманды «Віслы», але на поле так і не з’яўляўся. Пасля трох тураў «Медзь» з нулём у графе ачкі размяшчаецца на перадапошнім радку Д2 Польшчы.

У Кубку Салея ці Кубку Беларусі па хакеі ўчора былі згуляныя некалькі матчаў. «Лакаматыў» у Воршы саступіў «Магілёву» з лікам 1:5. «Хімік» у Наваполацку прайграў смаленскаму «Славуцічу» з лікам 1:3.І «Металург» у Жлобіне таксама саступіў «Віцебску» з лікам 1:2.

Адбылося лёсаванне тэніснага турніру WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці.

Першая ракетка свету Арына Сабаленка стартуе з 2-га раўнда. Суперніцай беларускі будзе найлепшая ў пары Маркета Вандроўшава (№63, Чэхія) – Жаклін Крысціян (№52, Румынія).
У паўфінале кваліфікацыі турніру ў Цынцынаці выступала таксама 119-я ракетка планеты беларуска Аляксандра Сасновіч. Але саступіла на самым старце турніру 149-й ракетцы амерыканцы Уітні Асюгвэ з лікам 0:2. 6:7, 4:6 па сэтах.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя