BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кібератакі Расеі на аб’екты зімовых Алімпійскіх гульняў

алімпіяда

Міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні паведаміў, што Расея здзейсніла кібератакі на аб’екты зімовых Алімпійскіх гульняў у Карціне.
«Мы сарвалі серыю кібератак на ўстановы Міністэрства замежных спраў, пачынаючы з Вашынгтона, а таксама на некаторыя сайты зімовых Алімпійскіх гульняў, у прыватнасці гатэляў у Карціне», – сказаў Таяні.
Міністр падкрэсліў, што «гаворка ідзе аб дзеяннях расейскага паходжання».

А тым часам у першы дзень спаборніцтваў па кёрлінгу на зімовых Алімпійскіх гульнях прапала святло.
Інцыдэнт здарыўся падчас сустрэчы змешаных пар паміж Канадай і Чэхіяй. Святла не было некалькі хвілін.
Афіцыйнае адкрыццё Алімпіяды адбудзецца 6 лютага.

Разам з тым прадстаўнікам СМІ на Алімпіядзе дазволена браць з сабой у прэс-цэнтр да аднаго літра спіртнога.
«У прэс-цэнтр прадстаўнікам прэсы дазваляецца прыносіць разумную колькасць ежы толькі для асабістага спажывання. Выключэнні: спецыяльнае дзіцячае харчаванне і малако, а таксама пры наяўнасці адпаведных медыцынскіх паказанняў.
Усе віды алкагольных напояў дазволеныя ўнутры памяшкання, але не больш за 1 літр на чалавека»
, – гаворыцца ў матэрыялах.
Пры гэтым праносіць алкаголь у алімпійскую вёску забаронена.
Гульні пройдуць у Мілане і Карціна-д’Ампеца ў перыяд з 6 па 22 лютага.

Учора каманда менскага «Дынама» да 19 гадоў сустрэлася з аднагодкамі з французскага «ПСЖ». Гульня прайшла ў рамках 1/16 фіналу Юнацкай лігі УЕФА.
Матч прайшоў у Парыжы і скончыўся паразай нашых юнакоў з лікам 0:4.
«ПСЖ» U-19 атрымаў пуцёўку ў 1/8 фінала турніру.

Стала вядома месца правядзення матч за Суперкубак Беларусі па футболе, у якім гарадзенскі «Нёман» згуляе з «МЛ Віцебск».
Гульня пройдзе 28 лютага ў Менску на стадыёне «Дынама-Юні».
Намінальны гаспадар паядынку будзе вызначаны сёння. Працэдура лёсавання пройдзе ў Доме футбола. Час правядзення матча таксама стане вядомы пазней.

Таксама на паседжэнні выканаўчага камітэта АБФФ, якое прайшло ў Доме футбола ў Менску зацвердзілі праект лічбавага календара гульняў чэмпіянату, розыгрышаў Суперкубка Беларусі і Кубка Беларусі сярод жаночых каманд вышэйшай лігі і гульняў чэмпіянату, а таксама розыгрышаў Суперкубка і Кубка сярод мужчынскіх каманд вышэйшай лігі.
Выканкам АБФФ абраў лічбавы каляндар на сезон 2026 года, паводле якога першы тур ЧБ будзе згуляны з 20 па 22 сакавіка. Апошні, 30-ы тур, адбудзецца 28-29 лістапада.

На паседжанні было таксама прынята змякчыць ліміт на легіянераў для ўдзелу ў матчах чэмпіяната Беларусі па футболе.
З сезона-2026 на полі адначасна могуць з’явіцца 5 легіянераў у складзе адной каманды. Раней іх было 4.

«Цэле» абыграў «Радомлье» з лікам 3:1 у 20-м туры чэмпіянату Славеніі па футболе.
Гэтая перамога стала першай для беларускага спецыяліста Івана Маеўскага ў ролі галоўнага трэнера «Цэле».
Адзначым, што гэта быў ягоны першы матч на дадзенай пасадзе.
Пасля 20 тураў «Цэле» займае першы радок у турнірнай табліцы чэмпіяната, маючы ў актыве 47 ачкоў.

Прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына ўнесены ва ўкраінскую базу «Міратворац».
2 лютага Інфантына заявіў, што выступае за адмену забароны на ўдзел Расеі ў міжнародных спаборніцтвах, якую ФІФА і УЕФА ўвялі ў 2022 годзе пасля ўварвання ва Украіну.
Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны, сістэматычнай падтрымцы і дапамозе расейцаў, а таксама ўдзеле ў інфармацыйна-прапагандысцкіх правакацыях Расеі.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Пітсбург» у гасцях саступіў у авертайме «Нью-Йорк Айлендэрс» з лікам 4:5.
25-гадовы беларускі абаронца «Пітсбурга» Ілля Салаўёў вызначыўся асістам.
Ён правёў на лёдзе 14 хвілін 12 секунд.
У сезоне НХЛ Салаўёў правёў 20 матчаў і набраў 5 (1+4) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+4» і 10 хвілінах штрафнога часу.

«Вашынгтон» сустракаўся з «Філадэльфіяй» і саступіў з лікам 2:4.
У «Філадэльфіі» беларускі галкіпер Аляксей Коласаў застаўся на лаве запасных.
У «Вашынгтона» форвард Аляксей Протас правёў на лёдзе 20 хвілін 27 секунд і за гэты час закінуў шайбу ў меншасці.
Прoтас правёў 55 матчаў у сезоне, набраў 38 ачкоў (19+19), мае паказчык карыснасці «+13» і 18 хвілін штрафнога часу.
Коласаў у сезоне правёў чатыры матчы, не атрымаў ніводнай перамогі, яго каэфіцыент надзейнасці складае 4, працэнт адбітых кідкоў – 83.

25-гадовы беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас правёў 300-ю гульню ў НХЛ.
Протас-старэйшы стаў сёмым беларусам у гісторыі, які пакарыў планку ў 300 матчаў. За гэты час ён набраў 157 (62+95) балаў.
Протас стаў 12-м хакеістам, які дасягнуў планкі ў 300 матчаў у НХЛ сярод гульцоў, якія былі задрафтаваны ў 2019-м годзе.
Лідары па колькасці матчаў у НХЛ сярод беларусаў:
Руслан Салей – 917
Міхаіл Грабоўскі – 534
Ягор Шаранговіч – 411
Андрэй Касціцын – 398
Сяргей Касціцын – 353
Уладзімір Цыплакоў – 331
Аляксей Протас – 300

Учора ў матчы 1/8 фіналу турніру серыі WTA 500 у Абу-Дабі 109 ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Аляксандра Сасновіч сустракалася з прадстаўніцай Філіпін 45 ракеткай Аляксандрай Эалай. Беларуска саступіла на тай-брэйку ў трэцім сэце з лікам 1:2 – 6:2, 4:6, 6:7 у матчы, які доўжыўся амаль 3 гадзіны.

А тым часам беларуская першая ракетка свету Арына Сабаленка знялася з турніру Qatar TotalEnergies Open, які пройдзе на наступным тыдні ў горадзе Доха.
Прычынай адмовы ад удзелу на турніры ў Катары стала карэкціроўка гульнявога графіка.
Раней 27-гадовая тэнісістка дайшла да фіналу Australian Open, дзе саступіла Алене Рыбакінай. Да гэтага беларуска пачала сезон з перамогі на турніры WTA 500 у Брысбене.
Нагадаем, Сабаленка выйграла дэбютны для сябе турнір у горадзе Доха ў 2020 годзе. З таго часу яна мела тут толькі дзве перамогі пры трох паразах. Летась тэнісістка вылецела ўжо ў першым крузе, саступіўшы Кацярыне Аляксандравай.

На чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе былі згуляныя паўфінальныя матчы.
Гішпанія перамагла Харватыю з лікам 2:1. А дзеючы чэмпіён Партугалія з лікам 4:1 перайграла Францыю.
Такім чынам бронзу паміж сабою разыграюць Харватыя і Францыя, а новы тытул чэмпіёна ў пірэнейскім фінале – Партугалія ды Гішпанія.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя