BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кіліян Мбапэ прыбыў у лякарню ў Нямеччыне

Нападнік зборнай Францыі Кіліян Мбапэ прыбыў у нямецкую лякарню. Раней з’явілася інфармацыя, што Мбапэ прапусціць усе матчы групавога этапа Еўра-2024. У канцы матча 1-га тура групавога этапа чэмпіянату Еўропы 2024 года паміж Францыяй і Аўстрыяй Кіліян зламаў нос. Пазней паведамлялася, што яму ўдалося пазбегнуць аперацыі. На Еўра зборная Францыі гуляе ў групе D. Супернікі каманды Дэшама – нацыянальныя каманды Аўстрыі, Польшчы і Нідэрландаў. Сёння, нагадаю, у праграме Еўра матчы зборных Турцыі і Грузіі, а таксама Партугаліі і Чэхіі.

Першыя ўдзельнікі 1/8 фіналу вызначацца ў розыгрышы Кубка Беларусі па футболе

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе вызначацца першыя ўдзельнікі 1/8 фіналу. У першым паядынку фіналіст мінулага кубкавага сезона “Іслач” згуляе ў гасцях з гомельскім “Лакаматывам”, а затым лідары чэмпіянату краіны футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” таксама на выездзе сустрэнуцца з яшчэ адным прадстаўніком другога дывізіёна “Маладзечна-2018”. Заўтра дзейны ўладальнік Кубка гарадзенскі “Нёман” будзе супернічаць з менскім клубам “Юні Ікс Лабс” на полі сталічнага стадыёна “Дынама-Юні”, а “Міёры” прымуць чэмпіёна Беларусі менскае “Дынама”. Матчы за выхад у 1/8 фіналу праходзяць з 18 чэрвеня па 14 ліпеня.

Карцоў стаў найлепшым гульцом 12-га тура чэмпіянату Беларусі

Берасцейскі дынамавец Ягор Карцоў прызнаны найлепшым гульцом 12-га тура чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным хатнім паядынку з магілёўскім “Дняпром” 24-гадовы расейскі паўабаронца берасцейцаў быў сапраўдным лідарам каманды. Аформіўшы хет-трык, Карцоў узначаліў бамбардзірскую гонку беларускага першынства, забіўшы 9 мячоў. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага ўік-энду стаў камерунскі нападнік гарадзенскага “Нёмана” Леанард Гвет, які эфектным ударам прынёс перамогу над барысаўскім БАТЭ – 1:0.

Баскетбалісты “Бостан Сэлтыкс” у 18-ы раз сталі чэмпіёнамі

52 ачкі Джэйсана Тэйтума і Джэйлена Браўна дапамаглі “Бостану” стаць чэмпіёнам. У пятым матчы фінальнай серыі плэй-оф НБА “Бостан” на хатнім паркеце святкаваў перамогу над “Даласам” – 108:88 і 4:1 у серыі. Абаронца “Сэлтыкс” Джэйлен Браўн названы найлепшым гульцом фінальнай серыі. У сярэднім ён набіраў 20,8 ачка, 5,4 падбора і 5 перадач пры 44% трапленняў. Гэты чэмпіёнскі тытул стаў для “Бостана” першым з 2008 года і 18-м у гісторыі, па колькасці кубкаў каманда выйшла ў адзінаасобныя лідары лігі, абышоўшы “Лос-Анджэлес Лэйкерс”.

Беларускае Радыё Рацыя