
У сталіцы Румыніі Бухарэсце на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе беларускі прадстаўнік грэка-рымскай барацьбы Кірыл Маскевіч стаў уладальнікам бронзавага медаля ў вагавай катэгорыі да 87 кг. У паядынку за трэцяе месца Маскевіч адолеў шведа Алекса Кесідзіса з лікам 12:1.
Юлія Гуліна выйграла малы срэбраны медаль
У сталіцы Балгарыі Сафіі на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы беларуская спартоўка Юлія Гуліна заваявала малы срэбраны медаль у вазе да 55 кг. У рыўку беларуска паслядоўна справілася са штангай вагой 80, 83 і 85 кг, што і прынесла ёй срэбраную ўзнагароду. У штуршку Гуліна ў другой спробе ўзяла 98 кг, але ў трэцім падыходзе не справілася з вагой 102 кг. Сума 183 кг стала шостай у выніковым заліку.
Аліна Змушко фінішавала шостай на чэмпіянаце свету
У фінальным заплыве чэмпіянату свету па плаванні, які праходзіць у горадзе Доха, беларуска Аліна Змушко паказала шосты час на дыстанцыі 100 метраў брасам. Вынік Змушко – 1.06, 58 секунды. Ілля Шымановіч у паўфінале на дыстанцыі 50 метраў брасам паказаў дзесяты час — 27,07 секунды, завяршыўшы выступы. Нагадаю, Шымановіч адабраўся ў паўфінал лідэрам па выніках кваліфікацыі (26,66 секунды).
Вікторыя Азаранка прабілася ў 1/8 фінала турніру ў Катары
Вікторыя Азаранка, якая займае 31-ы нумар рэйтынгу ВТА, выйшла ў трэці раўнд турніру катэгорыі ВTA-1000 у горадзе Доха. Беларуская тэнісістка ў 1/16 фіналу была мацней за кітаянку Ван Сінь Юй — 7:6 (7:2), 6:2. У 1/8 фіналу Азаранка будзе змагацца з прадстаўніцай Латвіі Аленай Астапенкай, якая абыграла украінку Ангеліну Калініну 6:0, 6:3.
“Дынама” выйшла ў плэй-оф КХЛ
Менскае “Дынама” ў гасцявым паядынку КХЛ адолела “Віцязь” — 3:2. Вырашальная шайба на рахунку Дзмітрыя Корабава. Такім чынам, “зубры” апошнімі ад канферэнцыі прабіліся ў накаўт-раўнд. “Дынама” з 63 баламі ў актыве пасля 63 матчаў займае 8-е месца на Захадзе. Наступную сустрэчу “зубры” правядуць 15 лютага ў гасцях супраць маскоўскага “Дынама”.
Хакеісты “Віцебска”, “Магілёва” і “Металурга” перамаглі ў матчах экстралігі
У Гомелі, Магілёве і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным матчы пятая каманда сезона “Гомель” прымала “Віцебск” і прайграла 1:2. “Віцебск” скараціў адставанне ад лідыруючага “Шахцёра” да двух балаў. Для “Гомеля” гэтая няўдача стала чацвёртай запар. У Наваполацку мясцовы “Хімік” сустракаўся з “Металургам” і прайграў дзеючым чэмпіёнам – 1:4. “Магілёў” на хатняй арэне перамог аршанскі “Лакаматыў” 1:0 – магіляўчане захоўваюць шанцы на трапленне ў зону плэй-ін.
“Мінск” прайграў 28-ы матч у сезоне
У хатнім матчы другога этапа Адзінай лігі ВТБ у групе “В” “Мінск” прайграў “Уралмашу” пад кіраўніцтвам свайго былога трэнера Расціслава Вергуна — 77:89. Самым выніковым ў складзе “Мінска” стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан — 21 ачко, 2 падборы і 3 перадачы.
“Рэал” і “Манчэстэр Сіці” перамаглі ў гасцях у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У першым матчы 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі “Рэал” дзякуючы голу Браіма Дыяса на 48-й хвіліне сустрэчы перамог у гасцях нямецкі “Лейпцыг” 1:0. Ангельскі “Манчэстэр Сіці” дзякуючы двум галам, забітым у даданыы да кожнага з таймаў час, перамог у гасцявым паядынку дацкі “Капенгаген” 3:1. За “гараджанаў” адзначыліся Дэ Бройнэ, Сілва і Фодэн, а ў складзе “Капенгагена” адзін гол забіў Мацсан.
Беларускае Радыё Рацыя






