BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Клуб “Маладэчна” працягвае “падаць”

Двума матчамі ўчора стартаваў 12 тур чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. Гульцы «Маладэчна» не змаглі парадаваць перамогай свайго новага трэнера – Паўла Бацюту і саступілі на сваім полі аднаму з лідараў чэмпіяната берасцейскаму «Дынама» з мінімальным лікам 0:1. Такім чынам, «Дынама» ўзнялося на другі радок, а «Маладэчна» працягвае заставацца на апошнім месцы з «абаранкам» у графе «ачкі».
А вось у Гомелі гарадская каманда даволі нечакана саступіла дзяржынскаму «Арсеналу» з лікам 0:2.

Вырашана, што 18 чэрвеня, на Нацыянальным стадыёне будзе дагуляны матч 3-га тура чэмпіянату Беларусі «Дынама» Мінск – «Нёман», які быў спынены праз завіруху. Матч будзе распачаты на адрэзку 12:43 і адновіцца адразу са штрафнога ўдара па браме «Нёмана».

У розыгрышы Першай лігі беларускага чэмпіяната ўчора таксама былі згуляныя некалькі матчаў. З цікавага можна адзначыць сустрэчу магілёўскага «Дняпро» ды «Слоніма». «Ільвы» з берагоў Барысфена на сваім полі разграмілі «ільвоў» са Шчары з лікам 4:0, і тым самым яшчэ больш умацаваліся на вяршыні турнірнай табліцы. Чаго не скажаш пра слонімцаў, якія зараз яшчэ больш наблізілся да зоны вылета з лігі.

Стала вядома, дзе «Тарпеда-БелАЗ» і менскае «Дынама» прымуць супернікаў у еўракубках. Пасля пачатку вайны ва Украіне беларускія клубы і зборныя праводзяць матчы на нейтральных палях у іншых краінах. „Асабіста я дапамагаў знайсці стадыёны для менскага «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» — яны згуляюць у Венгрыі. Там ужо практычна ўсё пацверджана, трэба толькі дамовіцца пра некаторыя дэталі. Спадзяюся, што вашы клубы паспяхова выступяць у еўратурнірах”, — заявіў дарадца прэзідэнта УЕФА Ёзэф Клімент. Лёсаванне першага і другога раўндаў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі канферэнцый пройдуць на наступным тыдні. Самі матчы першага раўнду адбудуцца 8-10 і 15 і 17 ліпеня. У першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў Беларусь прадставіць менскае «Дынама», у кваліфікацыі Лігі канферэнцый выступяць «Тарпеда-БелАЗ», берасцейскае «Дынама» ды гарадзенскі «Нёман». Каб дабрацца да асноўнага раўнду еўракубкаў, камандам трэба прайсці чатыры раўнды. Год таму менскае «Дынама» дабралася да асноўнай стадыі Лігі канферэнцый, але не змагло выйсці ў плэй-оф.

Беларускі трэнер зборнай Узбекістана па футболе Міхаіл Ерамчук быў узнагароджаны ордэнам «Дустлік» за выхад каманды на чэмпіянат свету 2026 года. Гэтым ордэнам узнагароджваюцца асобы за дасягненні ў рабоце па ўмацаванні дружбы, братэрства і ўзаемнай згоды паміж прадстаўнікамі ўсіх нацый і народнасцяў, уклад у развіццё дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі Узбекістана.

Ад навінаў футбольных пяройдзем да хакея. Учора за акіянам быў згуляны чацьвёрты матч фінальнай серыі Кубка Стэнлі ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Гэтым разам «Эдмантан» у авертайме перамог «Фларыду» з лікам 5:4 і тым самым параўняў лік 2:2 у серыі да 4 перамог.

Працягваецца сусветная Ліга нацый у валейболе. У свеце апошніх падзеяў на Блізкім Усходзе, так супала, што ўчора ў Бразіліі адбыўся матч паміж зборнымі ЗША ды Ірана. І тут персы таксама пацярпелі паразу, гэтым разам ад амерыканцаў, з лікам 2:3.
А сёння лідар турніра – зборная Польшчы сустрэнецца з аўтсайдарам – зборнай Турцыі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя