
«Дынама-БНТУ» не стане дагульваць чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сезона-2025/26.
Футбольнае менскае «Дынама», якому і належыць клуб, паведаміла БАМФ пра зняцце каманды з чэмпіянату і Кубка Беларусі з 1 студзеня.
Пасля 12 тураў «Дынама-БНТУ» з 4 ачкамі займае 11-е месца з 13-ці.
Пытанне пра лёс чэмпіёнак Беларусі па футболе – каманды «Дынама-БДУФК» будзе вырашана 29-30 снежня.
Раней паведамлялася, што клуб таксама можа быць расфарміраваны. Калі ж «Дынама-БДУФК» у новы сезон увойдзе, то ўжо без легіянерак і ў асноўным сваімі выхаванкамі.
«Дынама-БДУФК» летам 2026 года павінна выступіць у жаночай Лігі чэмпіёнаў. Каманда створаная ў 2020 годзе і з таго часу нязменна станавілася чэмпіёнам краіны.
А тым часам, 21-гадовы беларускі паўабаронца Максім Кірэеў дэбютаваў у вышэйшым дэвізіёне чэмпіяната Бельгіі па футболе. Яго новы клуб «Мехелен» на выездзе саступіў «Сэнт-Труйдэну» з лікам 0:1 у матчы 19-га тура.
Максім патрапіў у заяўку гасцей упершыню з моманту летняга пераходу і выйшаў на поле на 84-й хвіліне.
Яго дэбют затрымаўся з-за траўмы, якая непакоіла яго яшчэ да трансферу ў «Мехелен».
Сусветная федэрацыя стральбы з лука (World Archery) прыняла рашэнне дазволіць спартоўцам з Беларусі маладзейшым за 21 год удзельнічаць у сваіх турнірах.
Атлеты змогуць выступаць у нейтральным статусе, прычым допуск распаўсюджваецца і на камандныя дысцыпліны.
У кітайскім Хэбэі прайшлі спаборніцтвы па лыжнай акрабатыцы ў рамках этапа Кубка свету па фрыстайле, да якога былі дапушчаныя беларускія спартоўцы ў нейтральным статусе.
33-гадовая Ганна Гуськова, заняўшы 9-е месца сярод жанчын, набрала 29 заліковых ачкоў, што ўзняло яе на 31-е месца ў рэйтынгу допуску фрыстайлістаў да АГ-2026. Пры гэтым на Гульні дапускаецца не больш за 4 чалавекі ад адной краіны, з-за чаго 8 спартовак перад Гуськовай адсейваюцца.
Такім чынам, цяпер беларуская фрыстайлістка трапляе ў топ-24 спартовак, якія атрымаюць пуцёўкі на Алімпіяду.
Канчаткова рэйтынг будзе сфармаваны пасля яшчэ трох этапаў Кубка свету-2025/26, якія пройдуць у студзені ў Канадзе і ЗША. Пакуль не паведамляецца, ці маюць беларускія спартоўцы візы для выступленняў там.
Адзначым, што папярэдні раз беларускія фрыстайлісты выступалі на этапе Кубка свету 12-14 студзеня 2022 года ў амерыканскім Дыр-Уэлі. Пазней дзейнічаў міжнародны бан, уведзены ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Толькі ў снежні 2025-га пасля рашэння CAS беларускія фрыстайлісты сталі атрымліваць нейтральны статус для выступленняў.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» на сваім лёдзе саступіў «Дэтройту» з лікам 2:5.
Беларускі нападнік Аляксей Протас закінуў шайбу на 31-й хвіліне матча.
Па выніках гульні 24-гадовы форвард правёў на лёдзе 18 хвілін 26 секунд, набраў 1 (1+0) ачко, зрабіў 2 кідкі, зарабіў 2 хвіліны штрафу, дапусціў 3 страты, здзейсніў 1 хіт і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-2».
У бягучым сезоне на рахунку Протаса 22 (12+10) ачкі ў 35 матчах пры паказчыку карыснасці «+20» і 14 хвілінах штрафу.
«Філадэльфія» Аляксея Коласава прайграла «Рэйнджэрс» па булітах 4:5. Беларус, экстрана выкліканы ў асноўны склад, правёў усю гульню на лаве запасных.
«Чыкага» беларускага абаронцы Арцёма Леўшунова прайграў «Атаве» з лікам 4:6.
Беларус адзначыўся асістам пры другой шайбе каманды.
Усяго ён адгуляў 23 хвіліны 21 секунду, выканаў 3 кідкі, зрабіў 3 блокі і 1 сілавы прыём, атрымаў 2 хвіліны штрафу і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-4».
Усяго ў сезоне ў Леўшунова 15 (1+14) ачкоў.
З 32 баламі ў 35 гульнях яго «Чыкага» апусціўся на апошняе месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
«Бостан» без Уладзіслава Калячонка саступіў «Ванкуверу» ў серыі булітаў – 4:5.
«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Вегас» з лікам 6:3. Беларус правёў на пляцоўцы 16 хвілін 36 секунд, два разы кінуў па брамцы, зрабіў два блокі, выйграў адно з двух укідванняў і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1». Гулец працягнуў серыю без дзейсных балаў да пяці матчаў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ў нядзелю былі згуляныя першыя матчы 35 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Віцебск» на сваёй пляцоўцы быў мацнейшым за гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:1.
«Ліда» з «сухім» лікам 4:0 перайграла баранавіцкі «Авіятар».
Ды «Гомель» на сваім лёдзе ва ўпартай барацьбе саступіў лідару чэмпіяната – менскаму «Юнацтву» з лікам 3:4.
21 снежня прайшлі вырашальныя матчы Кубка Беларусі па валейболе сярод жанчын.
«Іскра» са Жлобіна, якая была створаная ў 2023 годзе, заваявала свой першы ў гісторыі трафей.
У фінале «Іскра» здабыла перамогу над «Прыбужжам» – 3:1 (25:21, 25:21, 18:25, 25:22)
У матчы за бронзавыя медалі «Мінчанка» перамагла «Камунальнік-ГрДзУ» – 3:0 (25:19, 25:16, 25:16).
Адзначым, што ў паўфінале «Іскра» сенсацыйна прайшла магутную «Мінчанку».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






