
З 3 па 5 красавіка праходзяць матчы 2-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе.
Учора ў стартавым матчы тура койданаўскі «Арсенал» з лікам 2:0 перамог наваполацкі «Нафтан».
Берасцейскае «Дынама» на сваім стадыёне з лікам 0:2 саступіла жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗ».
Пасля гульні падчас флэш-інтэрв’ю галоўнага трэнера берасцейскай каманды Аляксандра Сяднёва мясцовыя заўзятары скандавалі «Сыходзь!».
Нагадаю, што ў першым туры ЧБ «Дынама» прайграла бабруйскай «Белшыне» з лікам 0:1.
Сяднёў узначальвае каманду з 2025 года. Адметна, што на 18 хвіліне гульні лік у матчы супраць сваёй былой каманды адкрыў паўабаронца Арцём Быкаў. Гулец правёў за дынамаўцаў папярэдні сезон і пачаў у якасці іх гульца – цяперашні. Аднак у Берасці прынялі рашэнне развітацца з футбалістам, які ў статусе вольнага агента на мінулым тыдні перайшоў у «Тарпеда-БелАЗ».
Сёння гарадзенскі «Нёман» упершыню на натуральным газоне прыме «Віцебск», менскае «Дынама» прыме бабруйскую «Белшыну», а віцебскі «МЛ» – прысталічную «Іслач».
У нядзелю «Гомель» згуляе ў гасцях у «Мінска», барысаўскі БАТЭ сустрэнецца з «Баранавічамі», магілёўскі «Дняпро» прыме мазырскую «Славію».
Учора ў Лідзе стартаваў 36 розыгрыш чэмпіянату Беларусі па футболе ў Першай лізе.
Першы тур адкрыўся матчам «Ліды» супраць дубля менскага «Дынама».
Гаспадары здабылі валявую перамогу з лікам 2:1.
Гэты вынік для лідзян быў азмрочаны траўмай ключавога паўабаронцы каманды Дзмітрыя Градабоева, які пакінуў поле ў выніку гульнявога сутыкнення на 81-й хвіліне сустрэчы.
Папярэдні дыягназ: пералома-вывіх левага локцевага сустава. Пры такой траўме аднаўляюцца ад 4 да 6 месяцаў.
Адпаведны запіс зроблены судзейскай брыгадай у афіцыйным пратаколе матча.
TransferFeed са спасылкай на крыніцу на грэка-балгарскім рынку футбольных агентаў паведамляе, што 22-гадовы брамнік зборнай Беларусі і сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў зацікавіў клубы італьянскай Серыі А, чэмпіянату Партугаліі і лідараў чэмпіянату Грэцыі. Таксама ў спісе прэтэндэнтаў на гульца ёсць нямецкі «Айнтрахт», расейскія «Зеніт» і «Спартак», ды ангельскі «Саўтгемптан».
Нагадаем, што кантракт Лапавухава з ЦСКА дзейнічае да чэрвеня 2028 года.
У бягучым сезоне за балгарскі клуб беларус правёў 25 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх прапусціў 17 галоў і аформіў 12 «сухараў».
Учора прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ з удзелам беларускіх гульцоў.
«Мінесота» перамагла «Ванкувер» Мікіты Талапілы з лікам 5:2.
Беларускі брамнік правёў на лёдзе 57 хвілін 17 секунд, прапусціў 4 шайбы, адбіў 34 з 38 кідкоў супернікаў, а таксама скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 4,19 і паказчыкам адбітых кідкоў 89,5%.
«Вегас» перамог «Калгары» Ягора Шаранговіча з лікам 6:3.
Беларускі нападнік правёў на лёдзе 19 хвілін 29 секунд, выніковымі дзеяннямі не вызначыўся.
«Тампа-Бэй» выйграла ў «Пітсбурга» Іллі Салаўёва з лікам 6:3. Беларускі абаронца не патрапіў у заяўку на гульню.
«Нью-Джэрсі» абыграў «Вашынгтон» Аляксея Протаса з лікам 7:3. Беларускі форвард не быў заяўлены на гэтую гульню.
«Эдмантан» выйграў у «Чыкага» Арцёма Леўшунова з лікам 3:1. Беларускі абаронца з-за траўмы кісці левай рукі не быў заяўлены на гэтую сустрэчу.
У другім матчы паўфінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай Экстралігі салігорскі «Шахцёр» у Смаленску саступіў мясцоваму «Славуцічу» з лікам 1:4.
Лік у серыі да чатырох перамог стаў роўным 1:1.
У чэмпіянаце Беларусі па валейболе ўчора быў згуляны першы матч паўфінальнай серыі ў пары гомельскай «Энэргіі» і салігорскага «Шахцёра». Мацнейшымі быоі «гарнякі» з лікам 1:3 (25:19, 28:30, 21:25, 18:25).
Лік у серыі да трох перамог стаў 0:1 на карысць салігорцаў.
У другой пары за выхад у фінал змагаюцца – менскі «Будаўнік» і «Легіён» з Абухава (Гарадзенскі раён). Тут серыя 1:0 на карысць менчукоў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






