BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кубак Польшчы: каманда беларуса Шыкаўкі саступіла і вылецела

У чвэрцьфінальным матчы Кубка Польшчы «Карона» (Кельцэ), дзе выступае беларускі форвард Яўген Шыкаўка, саступіла «Руху» (Хожаў) – 0:2. Пры гэтым «Карона» не рэалізавала два пенальці. Шыкаўка выйшаў на замену ў другім тайме, але не здолеў дапамагчы камандзе.

Хакейны плэй-оф: «Нёман» супраць «Дынама-Маладзечна», «Гомель» сустрэнецца з «Металургам»

Завяршыўся рэгулярны сезон беларускай хакейнай экстралігі. У апошнім матчы жлобінскі «Металург» на выездзе перамог наваполацкі «Хімік» – 5:2, забяспечыўшы сабе пятае месца ў табліцы. Цяпер у чвэрцьфінале плэй-оф ён сустрэнецца з «Гомелем», які скончыў «рэгулярку» чацвёртым. Гарадзенскі «Нёман» заняў трэцюю пазіцыю і будзе гуляць супраць «Дынама-Маладзечна», якое скончыла сезон шостым. Далейшыя ўдзельнікі 1/4 фіналу вызначацца пасля раўнду плэй-ін, дзе «Брэст» згуляе са «Славуцічам», а «Лакаматыў» паспрабуе абыграць «Хімік». Адной з галоўных сенсацый стаў правал салігорскага «Шахцёра». У вырашальным матчы за месца ў плэй-оф клуб саступіў «Славуцічу» ў авертайме – 1:2. Гэта першы раз за 16 гадоў, калі «Шахцёр» не трапіў у плэй-оф экстралігі, хаця яшчэ ў мінулым сезоне быў бронзавым прызёрам.

Уэлле застанецца ў менскім «Дынама» яшчэ на два сезоны

Абаронца менскага «Дынама» Ксавье Уэлле працягне выступаць за клуб да канца сезону 2026/27. 31-гадовы хакеіст далучыўся да каманды перад стартам цяперашняга чэмпіянату і ўжо паспеў сябе зарэкамендаваць. У бягучым сезоне ён правёў 57 матчаў, набраў 24 балы (2+22) і мае паказчык карыснасці «+21». У сярэднім за гульню праводзіць на лёдзе больш за 21 хвіліну, выканаў 76 сілавых прыёмаў і заблакаваў 91 кідок. За сваю стабільную і надзейную гульню Уэлле нядаўна быў прызнаны найлепшым абаронцам тыдня ў КХЛ – гэта першае такое прызнанне ў яго кар’еры. Менчукі таксама працягнулі кантракт з яшчэ адным канадскім абаронцам – Джошам Брукам.

Фантастычны матч у Кубку Іспаніі: «Барселона» і «Атлетыка» згулялі ўнічыю 4:4

Першы паўфінал Кубка Іспаніі паміж «Барселонай» і «Атлетыка» (Мадрыд) стаў сапраўдным футбольным спектаклем. Матч скончыўся з лікам 4:4 – каталонцы спачатку саступалі 0:2, потым выйшлі наперад 4:2 – адзін з галоў забіў польскі нападнік Роберт Левандоўскі, які на гэты раз выйшаў на замену ў другім тайме. Але ў самай канцоўцы каталонцы прапусцілі два мячы. Найлепшымі гульцамі сталі Педры, які адкрыў лік для «Барселоны», і Хуліян Альварэс з «Атлетыка», які забіў і асіставаў. Цяпер каталонцам трэба абавязкова перамагаць у Мадрыдзе, каб выйсці ў фінал.

Жаночая зборная Беларусі зарабіла першы бал у Лізе Нацый

Футбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі згулялі ўнічыю 0:0 са зборнай Сербіі ў гасцях. Гэта першы бал для беларускай каманды ў новым сезоне Лігі Нацый УЕФА. Раней беларускі прайгралі Венгрыі 0:2, а сербкі перамаглі фінак 1:0. У наступных матчах Беларусь сустрэнецца з Фінляндыяй (4 красавіка) і Сербіяй (8 красавіка). Каманда, якая зойме першае месца, атрымае прамую пуцёўку ў лігу А.

Беларускае Радыё Рацыя