Беларускі і кітайскі клубы змагаліся другі раз за двое сутак. Пасля перамогі ў аўторак з лікам 5:1 “зубры” поспех замацаваць не змаглі, прайграўшы з лікам 2:5. „Дынамаўцы” з 51 балам працягваюць займаць восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, адрыў ад “Рэд Стар” скараціўся да 11 ачкоў.

Далей беларускую каманду чакае чатырохматчавая выязная серыя. Супраць маскоўскага “Дынама” “зубры” выйдуць на лёд у суботу.
“Віцебск”, “Гомель” і “Брэст” дамагліся перамог у матчах беларускай экстралігі
Матчамі ў Гародні, Гомелі і Берасці працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным паядынку вечара чацвёрты клуб сёлетняга сезона гарадзенскі “Нёман” прымаў “Віцебск”, які ідзе другім. Найбольш багатай на падзеі апынулася стартавая трэць, у якой дубль за гарадзенцаў аформіў Ігар Казячы, а госці адказалі голам Мікіты Ядроеца. У пачатку другога перыяду Ігар Карабанаў зраўняў лічбы – і больш каманды ў асноўны час не закідвалі. Вынік сустрэчы вырашыўся толькі ў вельмі працяглай серыі булітаў з 24 спроб, дзе дакладней усё ж апынуліся гульцы “Віцебска”. Вынік матча – 3:2. Паралельна ў Гомелі мясцовы клуб разграміў аўтсайдэра чэмпіянату “Магілёў” з лікам 7:2. Дзейныя чэмпіёны Беларусі з “Металурга” ў гасцях прайгралі канкурэнту за месца ў зоне плэй-оф “Брэсту” 1:3.
“Мяшкоў Брэст” разграміў “Кронан” ў чэмпіянаце Беларусі
Усе фаварыты гандбольнага чэмпіянату Беларусі святкавалі перамогі ў матчах чарговага туру. Лідар мужчынскага першынства “Мяшкоў Брэст” выйграў свой 16-ы паядынак запар, перамогшы на хатняй арэне гарадзенскі “Кронан” з лікам 38:26. Таксама СКА, які ідзе другім, перайграў у сталічным дэрбі свой фарм-клуб БДУФК-СКА з лікам 33:27.
У актыве берасцейцаў стала 32 ачкі, у менскіх армейцаў на шэсць балаў менш. У наступным туры 31 студзеня СКА прыме ў Менску “Мяшкоў Брэст”. У дзвюх папярэдніх сустрэчах гэтага першынства берасцейцы двойчы перамагалі – 37:35 (у гасцях) і 28:23 (дома).
Лідары жаночага турніру чэмпіёнкі краіны гандбалісткі “Гомеля” перайгралі ў Берасці “Вікторыю-Бярэсце” – 33:25. “БНТУ-БелАЗ”, які ідзе другім, перамог у Бабруйску мясцовую “Бярэзіну” 38:31. Гандбалісткі гарадзенскай “Гараднічанкі” таксама на выездзе выйгралі ў “Віцябчанкі” – 39:25. Цяпер у “Гомеля” 36 ачкоў, у актыве “БНТУ-БелАЗа” 30 балаў, “Гараднічанка” мае 28 ачкоў.
Валейбалісты “Шахцёра” на выездзе абыгралі “Кузбас”
Валейбалісты салігорскага “Шахцёра” здабылі першую сёлетнюю выязную перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце мужчынскай расейскай Суперлігі. Падначаленыя Віктара Бекшы гасцявалі ў яшчэ аднаго калектыву з верхняй паловы табліцы – кемераўскага “Кузбаса”. Першы сэт праходзіў з перавагай “Шахцёра” і ў выніку скончыўся перамогай гасцей 25:22, у наступнай партыі салігарчане прайгралі ў канцоўцы 23:25. У трэцім гульнявым адрэзку беларускія валейбалісты ўпусцілі перавагу ў пяць мячоў і зноў аселі на вырашальных розыгрышах 20:25, затое ў чацвёртым сэце зрабілі працу над памылкамі 25:21. Ход вырашальнай партыі “Шахцёр” кантраляваў з самага яе пачатку і ў выніку дамогся поспеху – 15:12 і 3:2 па сэтах.
Дзякуючы гэтай перамозе “гарнякі” ўмацаваліся на 8-й пазіцыі ў турнірнай табліцы сярод 16 каманд.
Беларускае Радыё Рацыя






