BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лапавухаў упершыню прызнаны найлепшым футбалістам года ў Беларусі

Галкіпер менскага “Дынама” і нацыянальнай зборнай Фёдар Лапавухаў упершыню прызнаны найлепшым футбалістам года ў Беларусі. Такі вынік традыцыйнага апытання АБФФ, у якім прынялі ўдзел футбольныя спецыялісты і журналісты. У гэтым сезоне шмат у чым дзякуючы выдатнай гульні 21-гадовага брамніка менскія дынамаўцы другі раз запар заваявалі залатыя медалі нацыянальнага чэмпіянату і прабіліся ў асноўны этап Лігі канферэнцый. Фёдар Лапавухаў таксама атрымаў прызы найлепшага гульца чэмпіянату Беларусі, брамніка, а таксама найлепшага маладога футбаліста вышэйшай лігі. Прымаючы ўзнагароды, Фёдар Лапавухаў адзначыў, што вельмі ўдзячны сваім партнёрам, трэнерам і заўзятарам менскага “Дынама”, без якіх у яго не было б гэтых поспехаў.

“Ягелонія” згуляла ўнічыю з “Пушчай” Непаломіцэ

Беластоцкая «Ягелонія» магла правесці зіму, заняўшы другое месца ў PKO Ekstraklasa, але павінна задаволіцца трэцім месцам. Чэмпіёны Польшчы не змаглі перамагчы ў Кракаве «Пушчу» Непаламіцэ і былі вымушаныя здавольвацца нічыёй 1:1. На гол Халевяка на 38-й хвіліне гульні ў другім тайме на 64-й хвіліне адказаў Нэнэ. У суцяшэнне – серыя без паразаў на ўсіх франтах падоўжылася да 17 матчаў.

“Нёман” у авертайме абыграў “Юнацтва” і падоўжыў серыю перамог да дванаццаці

Гарадзенскі “Нёман” абыграў сталічнае “Юнацтва” ў цэнтральным матчы нядзелі ў беларускай хакейнай экстралізе. Пачатак паядынку ў Гародні застаўся за менчанамі, якія пайшлі на перапынак з лідарствам у дзве шайбы аўтарства Арсенія Каўгарэні і Глеба Шкапцова. Аднак у другім перыядзе гаспадары лёду адыграліся дзякуючы галам Германа Паддубнага і Мікіты Цітова, а ў пачатку наступнага перыяду Рыгор Жалдакоў вывеў “Нёман” наперад – 3:2. Усяго праз паўтары хвіліны Шкапцоў аформіў дубль, зраўняўшы лічбы на табло. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе перамогу гарадзенцам з лікам 4:3 прынёс Рыгор Жалдакоў. Такім чынам, “Нёман” абыграў “Юнацтва” ў “беларускім класіка” другі раз за тры дні, паядынак у пятніцу скончыўся з лікам 3:1. Гарадзенскі клуб выйграў 12-ы матч запар і вярнуў лідарства ў экстралізе, якое напярэдадні перахапіў “Металург”.

Беларускі тхэквандыст Гурцыеў узяў срэбра прэстыжнага турніру ў Кітаі

Беларускі спартовец Георгій Гурцыеў стаў прызёрам міжнародных спаборніцтваў World Taekwondo Grand Slam Challenge. Аб гэтым паведамілі у прэс-службе Мінспорту. Спаборніцтвы праходзілі ў кітайскім горадзе Усі. Па ходу турніру Георгій Гурцыеў, які выступаў у вагавай катэгорыі да 57 кг, святкаваў пяць перамог, але ў фінальным паядынку саступіў прадстаўніку Рэспублікі Карэя, стаўшы тым самым уладальнікам срэбра. Дзякуючы гэтаму поспеху беларускі тхэквандыст кваліфікаваўся на ліцэнзійны турнір 2026 года, дзе будуць разыграны пуцёўкі на наступную Алімпіяду.

Беларускае Радыё Рацыя