BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лёгкаатлеты Падляшша атрымалі прызнанне

Наталля Качмарэк

Спартоўцы Падляшша сталі героямі ўзнагароды “Залатыя Шыпоўкі Шлёнск-Гала-2024”. Наталля Букавецкая (Качмарэк) і Войцэх Навіцкі атрымалі ўзнагароды найлепшых польскіх лёгкаатлетаў мінулага года.

Наталля Качмарэк заваявала бронзавы медаль Алімпійскіх гульняў у Парыжы па бегу на 400 метраў і ўсталявала пры тым нацыянальны рэкорд. Войцэх Навіцкі няўдала выступаў на Алімпіядзе, але заваяваў золата на чэмпіянаце Еўропы ў Рыме. Наталля Качмарэк палепшыла рэкорд Ірэны Шэвіньскай, які трымаўся ажно з 1976 года – 49,28. 26-гадовая спартоўка тройчы прабегла менш за 49 секунд, а 20 ліпеня ў Лондане прабегла 400 м за 48,90.

Раберта Манчыні адпраўлены ў адстаўку

Ведамы італьянскі футбольны спецыяліст Раберта Манчыні адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера зборнай Савудаўскай Арабіі. Раней паведамлялася, што Манчыні пакіне пасаду настаўніка гэтай нацыянальнай каманды з прычыны яе нездавальняючых вынікаў, а таксама з-за пагаршэння стасункаў паміж трэнерам і камандай.

59-гадовы спецыяліст узначаліў зборную Савудаўскай Арабіі летам 2023 года. За апошнія пяць матчаў каманда выйграла толькі раз. Напомнім, што арабійцы прымуць чэмпіянат свету ў 2034 годзе.

Манчыні ж раней узначальваў такія клубы, як «Інтэр», «Манчэстэр Сіці», «Галатасарай», «Зеніт», «Лацыё», «Фіярэнціна». Таксама ён трэніраваў зборную Італіі і выйграў з ёй Еўра-2020.

Фёдар Лапавухаў перапыніў сумную серыю

Брамнік менскага «Дынама» Фёдар Лапавухаў стаў 13-ым беларускім галкіперам, якому ўдалося адбіць пенальці ў еўрапейскіх футбольных кубках. Учора ён абараніў браму ў такім эпізодзе гульні Лігі канферэнцый з хельсінкскім ХІКам. Нацыянальным рэкардсменам тут ёсць Сяргей Верамко, якому ажно 4 разы ў складзе барысаўскага БАТЭ ўдавалася выйграць такія дуэлі. Прычым агулам Верамко прапусціў толькі два з шасці 11-мятровых. Па два пенальці не забілі колішняму брамніку магілёўскага «Дняпра» Руслану Капанцову, прычым у адным матчы, а таксама Аляксандру Гутару, які вызначыўся ў складзе менскага «Дынама». Цікава, што Лапавухаў перапыніў досыць сумную серыю – ажно з 2015 года беларускім галкіперам не ўдавалася адбіць пенальці ў еўракубках.

Стартуе 26 тур чэмпіянату Беларусі

Сёння матчам «Славія» (Мазыр) – «Смаргонь» адкрываецца 26-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. У турнірнай дыспазіцыі гэтая сустрэча асабліва важнага значання ня мае. «Славія» ідзе на 11-ым месцы, а смаргонцы – на 12-ым. Яшчэ па тры матчы пройдуць у суботу і нядзелю. А ў цэнтры ўвагі будзе заходнебеларускае дэрбі 26 кастрычніка – у прынцыповым паядынку берасцейскае «Дынама» прыме прэтэндэнта на золата – гарадзенскі «Нёман».

Лакальны поспех Эвеліны Ласкевіч

Беларуская тэнісістка Эвеліна Ласкевіч лёгка прайшла ў паўфінал турніру ITF у кітайскім горадзе Хучжоў. У чвэрцьфінале яна за 49 хвілін разабралася з мясцовай прадстаўніцай Жэнь Ушуань, аддаўшы пры тым суперніцы ўсяго тры геймы. Лік па партыях – 6:2, 6:1. Ласкевіч на сёння 354-я ракетка свету і лакальны поспех у Кітаі дазволіць ёй узняцца ў рэйтынгу.

На досыць прадстаўнічым мужчынскім тэнісным турніры ў швайцарскім Базэлі сёння гуляюцца чвэрцьфінальныя матчы. На гэтай стадыі пазмагаюцца наступныя пары: Давід Гафен (Бельгія) – Хольгер Руне (Данія), Стэфанас Цыцыпас (Грэцыя) – Арцюр Фіс (Францыя), Андрэй Рублёў (Расея) – Бен Шэлтан (ЗША) і Джавані Мпешы-Перыкар (Францыя) – Дзяніс Шапавалаў (Канада).

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя