BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Левандоўскі гатовы згуляць з Аўстрыяй

Нападнік зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі гатовы да матча Еўра-2024 супраць Аўстрыі, які пройдзе заўтра, паведамляе Meczyki.pl. Чакаецца, што 35-гадовы гулец «Барселоны» выйдзе ў стартавым складзе на гульню з аўстрыйцамі. Футбаліст атрымаў траўму двухгаловай мышцы падчас таварыскага матча супраць Турцыі. З-за пашкоджання ён прапусціў стартавы матч Еўра супраць Нідэрландаў, які палякі прайгралі 1:2. Нагадаем, сёння, 20 чэрвеня, у праграме Еўра-2024 матчы Славеніі і Сербіі, Даніі і Англіі, Іспаніі і Італіі.

Зборная Беларусі займае 98-е месца ў рэйтынгу ФІФА

Зборная Беларусі апусцілася на два радкі ў абноўленым сёння рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). Пасля двух буйных паразаў ад расейцаў і ізраільцян з аднолькавым лікам 0:4, каманда Карласа Алоса Ферэра перамясцілася з 96-га на 98-е месца. Наступныя сустрэчы беларускія футбалісты правядуць восенню ў групе С3 новага сезона Лігі нацый УЕФА. У стартавым матчы беларусы 5 верасня згуляюць з камандай Балгарыі. Цяпер рэйтынг ФІФА ўзначальвае чэмпіён свету Аргенціна. У топ-5 таксама ўваходзяць Францыя, Бельгія, Бразілія і Англія. З краін былога СССР найлепшая пазіцыя ў зборнай Украіны, якая знаходзіцца на 24-м месцы.

Дастанка вярнуўся ў «Юнацтва»

30-гадовы беларускі абаронца Раман Дастанка стаў гульцом хакейнага клуба «Юнацтва». Мінулы сезон Дастанка правёў у «Металургу», у 66 матчах набраў 26 (7+19) ачкоў. З 2021-га па 2023 год выступаў за «Юнацтва».

Больш за паўмільёна рублёў накіравана на заахвочванне дзіцячых трэнераў па хакеі

Больш як 300 выкладчыкаў з 28 хакейных школ краіны атрымалі персанальныя гранты, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. Пасля завяршэння сезона спецыяльная камісія ФХБ правяла дэталёвую ацэнку якасці работы трэнераў усіх хакейных школ краіны. Былі ўлічаны не толькі дасягнутыя вынікі, але і прымяненне інавацыйных методык выкладання, выкананне патрабаванняў рэгламенту дзіцяча-юнацкіх спаборніцтваў, падрыхтоўка кандыдатаў у зборныя каманды, а таксама прагрэс падначаленых на працягу ўсяго сезона.

Беларуская лёгкаатлетка Жодзік выступіць за Польшчу на Алімпіядзе

Беларуская лёгкаатлетка Марыя Жодзік уключана ў склад зборнай Польшчы для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, паведаміла 20 чэрвеня польская тэлекампанія TVP. Адзначаецца, што Жодзік, якая спецыялізуецца на скачках у вышыню, атрымала адпаведны дазвол ад Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі і можа выступаць пад польскім сцягам з 20 чэрвеня 2024 года. Тэрмін абумоўлены заканчэннем трох гадоў з апошняга выступлення спартоўкі за зборную Беларусі. Грамадзянства Польшчы Жодзік атрымала сёлета 20 сакавіка. 18 лютага на чэмпіянаце Польшчы спартоўка выступала па-за конкурсам. Яна ўсталявала асабісты рэкорд, узяўшы вышыню 1 м 97 см, што адпавядае выкананню алімпійскага нарматыву і стала найлепшым вынікам у Польшчы.

17-гадовы беларус Лазавік выйграў 1000 даляраў за перамогу на «Тытулаваным аўторку», па ходу турніру ён абыграў экс-чэмпіёна свету Карлсэна

17-гадовы беларускі шахматыст Дзяніс Лазавік стаў трыўмфатарам турніру «Тытулаваны аўторак». У турніры прынялі ўдзел 585 чалавек. У прыватнасці Лазавік перайграў экс-чэмпіёна свету 33-гадовага нарвежца Магнуса Карлсэна. За перамогу на «Тытулаваным аўторку» Лазавіку дасталіся 1000 даляраў прызавых.

Беларускае Радыё Рацыя