BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліанэль Месі прынёс перамогу “Інтэру Маямі”

Працягваецца клубны чэмпіянат свету па футболе. Апошні дзень прынёс наступныя вынікі. Турынскі «Ювентус» разграміў «Аль-Аін» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – 5:0. Па два мячы запісалі на свой рахунак Рандаль Кало-Муані і Франсішку Кансейсау, яшчэ адным голам вызначыўся Кенан Йылдыз. «Старая сіньёра» разам з “Манчэсцер Сіці” узначальваюць табліцу ў групе G – па 3 ачкі.

У групе H яшчэ адзін еўрапейскі клуб «Зальцбург» з Аўстрыі адолеў мексіканскую «Пачуку» 2:1 і аднаасобна ўзначаліў свой квартэт. Мадрыдскі «Рэал» і «Аль-Хіляль» з Савудаўскай Арабіі ў гэтай кампаніі маюць па адным ачку.

У чацвер распачаўся другі тур у групе А. Бразільскі «Палмейрас» сустрэўся з егіпецкім «Аль-Ахлі». Першы гол у гэтай кампаніі здарыўся толькі на 49-й хвіліне трэцяга паядынку, і то ён стаўся самастрэлам егіпцянаў. Пасля Флака Лопес падвоіў перавагу «Палмейраса», ну а потым у горадзе Іст-Ратэрфордзе (штат Нью-Джэрсі) надышоў прыродны ўраган і матч спынілі. Неўзабаве яго дагулялі – выніковыя 2:0 на карысць бразільскага клубу.

У гэтым жа квартэце ў пазнейшым матчы «Інтэр Маямі» змагаўся з партугальскім «Порту». У першым тайме гледачы ўбачылі адзін гол – досыць спрэчны пенальці рэалізаваў гулец еўрапейцаў Саму Агэхова. На пачатку другой паловы венесуэлец Тэласка Сеговія эфектным стрэлам параўняў лік. Пасля шэдэўр з штрафнога выдаў Ліанэль Месі – гэта быў якраз яго 50-ы гол за Маямі. Выніковыя 2:1 на карысць амерыканцаў. «Палмейрас» і «Інтэр Маямі» набралі па 4 ачкі і амаль гарантавалі сабе выхад з групы.

Супернік «Нёмана» памяняў рулявога

Армянскі футбольны клуб «Урарту», з якім гарадзенскаму «Нёману» давядзецца змагацца ў кваліфікацыі Лізе канферэнцый, памяняў галоўнага трэнера. Замест расейца Дзмітрыя Гунько цяпер камандай будзе кіраваць мясцовы спецыяліст – 39-гадовы Роберт Арзуманян. Раней ён ужо ўзначальваў «Урарту» ў 2021-22 гадах.

Хет-трык юнага Казановы

На чэмпіянаце Еўропы па футболе сярод гульцоў да 19-гадоў першай завяршыла групавы спабор кампанія А. Іспанія, якая датэрмінова забяспечыла сабе месца ў плэй-оф, не стала расслабляцца і ўчыніла сапраўдны разгром Чарнагорыі – 5:0. Юнак з Барселоны з характэрным прозвішчам Кім Казанова аформіў хет-трык. Данія і Румынія у вочным спаборы вызначалі іншага паўфіналіста. Аргуманты балканскіх маладзёнаў былі куды больш пераканаўчымі – 3:0 – Румынія ў паўфінале! У пятніцу, 20 чэрвеня, адбудуцца сустрэчы ў групе В: у паралельных паядынках сыдуцца каманды Нідэрляндаў і Англіі, а таксама Нарвегіі і Германіі. Галяндцы ўжо забяспечылі сабе месца ў паўфінале, а вось за другі квіток будзе гарачае змаганне.

Жаночы баскет-Еўра ў чатырох краінах

У чатырох краінах працягваецца жаночы чэмпіянат Еўропы па баскетболе. У фінальнай стадыі бяруць удзел 16 мацнейшых дружын Старога свету, якія гуляюць у Чэхіі, Італіі, Германіі і Грэцыі. 19 чэрвеня прайшлі чарговыя 8 матчаў. Турчанкі ўпэўнена разабраліся з швайцаркамі – 91:67. Іспанія досыць вольна адолела Вялікабрытанію – 85:70. Нашы суседкі з Літвы перамаглі моцную каманду Сербіі – 74:63. Чэшкі проста дэкласавалі чарнагорак – 89:44. Адзін з фаварытаў – каманда Францыі пераканаўча выйграла ў зборнай Грэцыі – 92:56. Іншыя матчы дня завяршыліся так: Германія – Швецыя – 89:76, Бельгія – Партугалія – 81:52, Італія – Славенія – 77:66. Баскетбольны Еўра толькі набірае разгон.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя