BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліга чэмпіёнаў: “Атлетыка” і ПСЖ святкавалі перамогі

Ліга чэмпіёнаў

8 красавіка былі згуляныя яшчэ два першыя матчы 1/4 фінала футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Гішпанская «Барселона» на сваім полі прайграла «Атлетыка» з Мадрыда з лікам 0:2.
На 44-й хвіліне чырвоную картку атрымаў абаронца «Барсы» Паў Кубарсі. Спачатку галоўны арбітр Іштван Ковач паказаў яму жоўтую картку, але пасля кансультацыі з VAR змяніў рашэнне, зафіксаваўшы фол «апошняй надзеі».
Ужо на 45-й хвіліне «Атлетыка» выйшаў наперад. Хуліян Альварэс забіў прамым ударам са штрафнога. Для Кубарсі гэта другое выдаленне ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. 19-гадовы футбаліст таксама быў выдалены ў мінулым сезоне ў гульні 1/8 фіналу ЛЧ супраць «Бенфікі».
А на 70 хвіліне Сёрлат зафіксаваў канчатковы лік на табло. Для яго гэта 17-ы гол у бягучым сезоне ва ўсіх турнірах і 6-ы ў Лізе чэмпіёнаў.

З такім самым лікам 2:0 дзеючы ўладальнік кубка французскі «ПСЖ» у Парыжы перамог ангельскі «Ліверпуль».
Спачатку голам вызначыўся вінгер парыжан Дэзірэ Дуэ.
20-гадовы француз забіў 5 мячоў і аддаў 2 асісты у 8 матчах Лігі чэмпіёнаў у бягучай кампаніі.
А пасля падвоіў лік Хвіча Кварацхелія на 65-й хвіліне гульні з перадачы Жаау Нэвеша.
У 25-гадовага грузіна 5 галоў і 1 асіст у апошніх 4 матчах Лігі чэмпіёнаў.

8 красавіка быў згуляны першы матч чвэрцьфінальнай пары ў Лізе Еўропы.
Партугальская «Брага» на сваім полі згуляла ўнічыю 1:1 з гішпанскім «Бетысам».

Астатнія тры пары далучацца ў барацьбу за выхад у паўфінал – сёння. Гэта італьянская «Балонья» і ангельская «Астан Віла», партугальскі «Порту» і таксама ангельскі «Нотынгем» і нямецкі «Фрайбург» з гішпанскай «Сельтай».

Англія будзе прадстаўлена 5 камандамі ў Лізе чэмпіёнаў у сезоне 2026/27.
Гэта стала вядома пасля перамогі «Арсенала» над «Спортынгам» з лікам 1:0 у першым матчы чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў.
Для таго, каб Англія мела 5 прадстаўнікоў у наступнай кампаніі турніру, яе клубам дастаткова было здабыць 1 нічыю ў астатніх матчах бягучага еўракубкавага сезона.
Для атрымання дадатковай пуцёўкі ў ЛЧ Англія павінна была заняць месца ў топ-2 табліцы каэфіцыентаў УЕФА за сезон 2025/26. Менавіта яна цяпер ідзе першай. На другой пазіцыі знаходзіцца Гішпанія. Англія пасля перамогі «Арсенала» над «Спортынгам» не апусціцца ніжэй за топ-2.

У рамках 29-га тура чэмпіянату Балгарыі па футболе сафійскі ЦСКА здабыў гасцявую перамогу над клубам «Мантана» з лікам 1:0.
Беларускія легіянеры Макс Эбонг і Фёдар Лапавухаў выйшлі ў стартавым складзе.
Лапавухаў правёў на полі ўвесь матч і аформіў свой трэці запар і адзінаццаты ў бягучым сезоне «сухар». Эбонг галявымі дзеяннямі не вызначыўся і быў заменены на 65-й хвіліне сустрэчы.
ЦСКА ўзняўся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы і мае перавагу перад ЦСКА 1948 Ягора Пархоменкі на два балы, аднак у суперніка ёсць матч у запасе.

Учора ў шостым матчы паўфінальнай серыі беларускай хакейнай Экстралігі жлобінскі «Металург» абыграў менскае «Юнацтва» з лікам 2:1.
Такім чынам, серыя завяршылася з лікам 4:2 на карысць жлобінскага клуба, які выйшаў у фінал.

«Металург» шосты раз згуляе ў фінале чэмпіянату Беларусі. Раней каманда са Жлобіна даходзіла да гэтай стадыі ў сезонах 2011/12, 2012/2013, 2021/22, 2022/23, 2023/24.
А вось каманда Сяргея Стася, якая выйграла рэгулярны чэмпіянат, заваявала бронзавыя ўзнагароды Экстралігі.
Нагадаем, што ў мінулым сезоне «Юнацтва» стала чэмпіёнам.
У другім паўфінале Экстралігі смаленскі «Славуціч» вядзе ў салігорскага «Шахцёра» з лікам 3-1.

У матчы рэгулярнага сезона НХЛ «Калгары» Ягора Шаранговіча ў гасцях саступіў у авертайме «Даласу» Уладзіслава Калячонка з лікам 3:4.
Беларускі нападнік «Калгары» на 39-й хвіліне адзначыўся голам.
Шаранговіч правёў на лёдзе 15 хвілін 49 секунд, зарабіў 1 (1+0) бал, нанёс 1 кідок па браме і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці +1.
Усяго ў сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 73 матчах, у якіх набраў 29 (15+14) ачкоў.
Шаранговіч перапыніў 11-матчавую безгалявую серыю. Гэта яго першая закінутая шайба з 12 сакавіка.
Калячонак не быў заяўлены на гульню.

«Ванкувер» дома саступіў «Вегасу» з лікам 1:2.
Беларускі брамнік «Ванкувера» Мікіта Талапіла быў заяўлены на гульню ў якасці асноўнага галкіпера.
Талапіла правёў на лёдзе 58 хвілін 19 секунд, прапусціў 2 шайбы, адбіў 26 з 28 кідкоў, скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 2,06 і адсоткам адбітых кідкоў 92,9%.
Беларус быў прызнаны другой зоркай матча.
Для Талапілы гэтая параза стала пятай запар у НХЛ.

«Нью-Джэрсі» прайграў «Філадэльфіі» Аляксея Коласава з лікам 1:5.
Беларус не быў заяўлены на гульню.

19-гадовы беларускі форвард Ілля Протас стаў гульцом тыдня ў «Хершы».
У яго актыве за тыдзень 7 (1+6) балаў у матчах АХЛ.
Напярэдадні Протас-малодшы атрымаў выклік у «Вашынгтон» у НХЛ, дзе згуляе ў адным звяне са старэйшым братам Аляксеем Протасам.

Беларускі гандбаліст левы паўсярэдні «Мельзунгена» з чэмпіяната Германіі і зборнай Беларусі Уладзіслаў Кулеш працягне кар’еру ў паўночнамакедонскім «Вардары».
Раней паведамлялася, што Кулеш улетку растанецца з «Мельзунгенам».
Пасля 27 матчаў «Мельзунген» займае 7-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Германіі.
«Вардар» у фінальнай частцы чэмпіянату Паўночнай Македоніі лідзіруе ў турнірнай табліцы.

У матчы ў адказ плэй-оф Лігі чэмпіёнаў сярод мужчын з удзелам беларускіх гандбалістаў
«Кельцы» Арцёма Каралька згулялі ўнічыю з венгерскім «Сегедам» – 32:32. У першым матчы яны саступілі з лікам 23:26.
Каралёк вызначыўся двума закінутымі мячамі. «Кельцы» выбылі з турніру па суме дзьвух матчаў.
Сёння плоцкая «Вісла» Кірыла Самойлы сустрэнецца з партугальскім «Спортынгам». Першы матч яна прайграла з лікам 29:33.
8 красавіка згуляны першы матч 1/2 фінала плэй-оф жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе.
Гарадзенская «Алімпія» з лікам 60:44 перамагла менскі «Гарызонт» і павяла ў серыі да 3 перамог з лікам 1:0.
У другой пары за выхад у фінал пазмагаюцца каманды «Мінск» і «Гарызонт-2».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя