BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліга чэмпіёнаў можа памяняць фармат

Ліга чэмпіёнаў

З 2027 года Ліга чэмпіёнаў УЕФА можа зведаць значныя змены ў фармаце і сістэме трансляцый.
Па плане, турнір захавае назву «Champions League» і колькасць удзельнікаў – 36 каманд. Аднак замест аднаго вялікага групавога этапу прадугледжваецца падзел на дзве падгрупы: у першай будуць 18 мацнейшых клубаў па рэйтынгу УЕФА, у другой – астатнія каманды. Кожная каманда правядзе па 8 матчаў – чатыры дома і чатыры на выездзе, толькі супраць супернікаў у сваёй падгрупе. Кваліфікацыя ў плэй-оф застанецца праз нацыянальныя лігі і каэфіцыенты.
Згодна з прапановамі, восем лідараў першай групы напрамую выходзяць у 1/8 фіналу, а фармат выхаду астатніх 16 каманд у раўнд 1/16 яшчэ абмяркоўваецца. Такі падыход забяспечыць больш значных матчаў кожны тыдзень і зменшыць колькасць паядынкаў супраць каманд з нізкім рэйтынгам.
Важныя змены чакаюць і права на трансляцыі: замест продажу правоў тэлеканалам УЕФА можа стварыць уласную платформу для трансляцый. Гэта дазволіць знізіць кошт доступу для заўзятараў і павялічыць даходы клубаў ад тэлетрансляцыяў.

38-гадовы беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч заключыў новы кантракт з «Кайратам» з казахскай футбольнай Прэм’ер лігі.
Працоўная дамова разлічана па схеме 1+1 год. Цяперашняя дамова дзейнічала да 31 снежня 2025 года. У 31 матчы за «Кайрат» ва ўсіх турнірах Мартыновіч забіў 3 галы і зрабіў 2 асісты. Каманда выступае ў агульным этапе Лігі чэмпіёнаў. У чэмпіянаце Казахстана пасля 23 матчаў «Кайрат» з 52 ачкамі займае другое месца.

Міжнародная федэрацыя хакея прэзентавала Еўрапейскі кубак нацый з удзелам зборных 17 краін. У новым турніры згуляюць Германія, Славакія, Латвія, Нарвегія, Данія, Аўстрыя, Венгрыя, Польшча, Францыя, Славенія, Вялікабрытанія, Італія, Нідэрланды, Літва, Эстонія, Гішпанія ды Румынія. Матчы першага сезона будуць праходзіць у час міжнародных паўз у лістападзе, снежні і лютым. Чэхія, Швецыя, Фінляндыя і Швейцарыя ўдзельнічаюць у Еўратуры.
Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Каларада Эвеланш» у Нацыянальнай хакейнай лізе забраў беларускага абаронцу Ілью Салаўёва з драфту адмоваў, куды раней яго змясціў «Калгары Флэймз».
Такім чынам, абаронца хакейнай зборнай Беларусі перайшоў у стан «лавін» без усялякай кампенсацыі, піша «Беларускі хакей».

У мінулым сезоне «Калгары» таксама выстаўляў яго на драфт адмоваў, але ў выніку тады Салаўёў так і застаўся ў «Калгары Флэймз», гуляючы за фарм-клуб.

У мінулым сезоне 25-гадовы нараджэнец Магілёва правёў 5 гульняў у Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе набраў 1 (0+1) бал, пры паказчыку карыснасці «-3».

Новы сезон у самай моцнай хакейнай лізе свету стартуе на гэтым тыдні. «Каларада» ў першым матчы згуляе з «Лос-Анджэлес Кінгз».

Малодшы брат Аляксея Протаса Ілля не здолеў пакуль замацавацца ў «Вашынгтон Кэпіталз», ён адпраўлены ў фарм-клуб — «Хершы» і будзе гуляць у Амерыканскай хакейнай лізе.

«Вашынгтон» з Аляксеем Протасам першую гульню правядзе 8 кастрычніка, яго супернікам будзе «Бостан Бруінз».

Уладзіслаў Калячонак будзе гуляць за «Далас». Спрабуе замацавацца ў НХЛ Арцём Леўшуноў з «Чыкага». А вось галкіпер Аляксей Коласаў быў адпраўлены «Філадэльфіяй» у фарм-клуб «Ліхай Вэлі Фантомс».

Стала вядома сетка турніру WTA-1000 ва Ухані з удзелам беларускай тэнісісткі і леташняй яго пераможцы Арыны Сабаленкі.
Першая ракетка свету пачне абарону тытула з другога круга, з 1/16 фінала. Яе суперніца вызначыцца ў матчы паміж славачкай Рэбекай Шрамкавай і расейкай Ганнай Калінскай.
Прызавы фонд тысячніка ва Ухані складае 3 654 963 амерыканскія даляры.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя