
У сераду ў цэнтры ўвагі заўзятараў зноў былі матчы 3-га тура футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
У больш ранніх спатканнях праблемны апошнім часам «Атлетык» з Більбао экзаменаваў сенсацыйны азербайджанскі «Карабах». Гаспадары поля праваліліся ўжо на 1-й хвіліне, прапусціўшы гол. Баскам спатрэбіліся максімальныя высілкі, каб адыграцца і перамагчы – 3:1. Дублем вызначыўся Горка Гурусета, а яшчэ адзін шэдэўральны гол на рахунку Рабэрта Навары.
У паралельным паядынку стамбульскі «Галатасарай» прымаў на сваім полі нарвежскі «Будзё/Глімт», які таксама заваёўвае сабе міжнароднае імя апошнія гады. На гэты раз скандынавы не знайшлі пераканаўчых аргумантаў, турэцкая каманда перамагла 3:1. Два мячы забіў нігерыец Віктар Осімхен.
У познім вечаровым слоце прайшло яшчэ 7 сустрэчаў. Мюнхенская «Баварыя» здзейсніла бліц-крыг у спаборы з бельгійскім «Бруге», выніковыя 4:0 на карысць бундэсчэмпіёна. Хары Кейн зноў папоўніў свой снайперскі баланс (ужо 5-ы гол бамбардзіра ў бягучым розыгрышы). Лонданскі «Чэлсі» без праблем давёў сваю перавагу над аўтсайдарам – амстэрдамскім «Аяксам» – 5:1. У гэтым спаборы ажно тры мячы былі забітыя з пенальці.
Брытанскі «Ліверпуль» пасля шэрагу няўдалых матчаў нарэшце парадаваў сваіх прыхільнікаў – ён разгромна адолеў у Франкфурце тамтэйшы «Айнтрахт» – 5:1. Два галы мерсісайдцы арганізавалі пасля падавання корнераў. Двума асістамі вызначыўся паўабаронца Фларыян Вірц.
Мадрыдскі «Рэал» дамінаваў у паядынку з турынскім «Ювентусам», але задаволіўся мінімальнай вікторыяй – 1:0. Поспех “сметанковым” прынесла ўдалае дабіванне Джуда Белінгема.
Іншыя матчы завяршыліся так: «Аталанта» (Бергама) – «Славія» (Прага) – 0:0, «Спортынг» (Лісабон) – «Марсель» – 2:1 (валявая вікторыя партугальскай каманды), «Манака» – «Тотэнхэм» (Лондан) – 0:0
Пасля трох тураў у Лізе чэмпіёнаў максімальныя 9 ачкоў маюць 5 клубаў: ПСЖ, «Баварыя», «Інтэр», «Арсенал» і «Рэал».
У розыгрышы баскетбольнай мужчынскай Еўралігі пачаўся 6-ы тур. Тэль-авіўскі «Макабі» сустрэўся з мадрыдскім «Рэалам» і ў напружаным змаганні перамог 92:91. Напомнім, што ў розыгрышы бяруць удзел 20 клубаў з розных краін кантыненту, а таксама ўпершыню каманда «Дубай» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Пакуль лідзіруюць афінскі «Панацінаікас» з Грэцыі і тэль-авіўскі «Хапаэль» з Ізраілю, у якіх па 4 перамогі.
Чарговыя тры матчы прайшлі і ў мужчынскай гандбольнай Лізе чэмпіёнаў. Нарвежскі «Кольстад» саступіў на сваёй пляцоўцы лісабонскаму «Спортынгу» – 30:34. Харвацкі «Заграб» дома быў слабейшым за мадзьярскі «Сегед» – 23:28. Французскі «Нант» прымаў дацкі «Ольбарг» і мінімальна саступіў 27:28.
У розыгрышы Лігі выступаюць 16 еўрапейскіх клубаў, падзеленых на дзве групы. У абедзвюх лідзіруюць нямецкія клубы – «Фюхзэ» (Берлін) і «Магдэбург», якія маюць па 5 вікторый. Сярод іншых у турніры ўдзел бяруць дзве польскія каманды – «Кельцэ» і «Вісла» (Плоцк). У складзе «Віслы» выступае беларус Кірыл Самойла, а за «Кельцэ» – іншы наш суайчыннік Арцём Каралёк.
Звернемся за акіян. Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас правёў чарговую выніковую гульню ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
Сталічны клуб дома абыграў “Сіэтл” з лікам 4:1, беларускі форвард зарабіў два асістэнцкія балы.
Усяго Пратас правёў на лёдзе 16 з паловай хвілін і скончыў матч з паказнікам карыснасці “+2”. У сямі гульнях сезона ў Аляксея 8 (4+4) ачкоў, ён з’яўляецца трэцім бамбардзірам каманды. Наступны паядынак “Вашынгтон” правядзе 25 кастрычніка ў гасцях супраць «Каламбуса».
26-гадовы славенскі разпасоўны абаронца «Лос-Анджэлес Лэйкерз» Лука Дончыч паўтарыў дасягненне легенды Нацыянальнай Баскетбольнай Асацыяцыі Майкла Джордана ў першым матчы рэгулярнага чэмпіянату лігі.
Дончыч і Джордан – адзіныя абаронцы ў гісторыі НБА, якія ў такіх матчах дасягалі наступных паказнікаў у статыстыцы – 40 ачкоў, 10 падбораў і пяць перадач. Дончыч у гульні з «Голдэн Стэйт Уорыёрз» (109:119) набраў 43 ачкі, зрабіў 12 падбораў і дзевяць перадач. Джордану падобнае дасягненне ўдалося ў далёкім 1989 годзе.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






