BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліга Чэмпіёнаў: сапраўдная голавая феерыя

Ліга чэмпіёнаў

18 сакавіка на футбольных палях Еўропы былі згуляныя астатнія матчы ў адказ 1/8 фінала Лігі чэмпіёнаў. У якіх выдалася сапраўдная голавая феерыя – у чатырох матчах з «хакейным лікам» было забіта 23 мячы.
Гішпанская «Барселона» пасля нічыёй 1:1 у Англіі разграміла «Ньюкасл» з лікам 7:2.
Тут варта адзначыць вінгера «Барселоны» Ламіна Ямаля, які забіў гол на 45+7-й дададзенай хвіліне матча – рэалізаваўшы пенальці.
Ва ўзросце 18 гадоў і 248 дзён ён стаў самым маладым гульцом у гісторыі Лігі чэмпіёнаў, які забіў 10 галоў. Ламін пабіў папярэдні рэкорд Кіліяна Мбапэ, устаноўлены ў 2017 годзе (ва ўзросце 18 гадоў і 350 дзён).
У гэтым сезоне Ямаль забіў 21 гол і аддаў 15 голавых перадач за 39 матчаў.
А вось галкіпер «Барселоны» Войцэх Шчэнсны, які на 82 хвіліне выйшаў на замену траўмаванага Жаана Гарсіі, згуляў свой 80-ты матч у Лізе чэмпіёнаў.
Шчэнсны стаў другім палякам, які дасягнуў гэтай адзнакі. Першым быў яго партнёр па «Барселоне» Роберт Левандоўскі, на рахунку якога зараз 142 матчы. Які, забіўшы ўчора 2 мячы, стаў аднаасобным рэкардсменам у намінацыі колькасьці клубаў – ён забіў ужо 41-й камандзе ў гэтым турніры. 40-ка клубам забіваў Ліанэль Месі, 38-мі – Крышціяну Раналду.

А таксама паляк Левандоўскі стаў самым узроставым аўтарам дубля і зрабіў гэта ў 37 гадоў і 209 дзён. Ранейшы рэкорд належаў Філіпа Індзагі. А таксама ён стаў самым узроставым аўтарам голу ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

Нямецкая «Баварыя» па суме дзвюх сустрэч з ліхвою адпомсціла італьянскай «Аталанце» за сваіх суайчыннікаў з Дортмунда, якіх перад тым выбілі з турніра бергамаскі. Учора мюнхенцы знову перамаглі, з крыху больш прыстойным лікам 4:1. А ў суме вышла 10:2.
Форвард «Баварыі» Гары Кейн адзначыўся дублем і дасягнуў паўсотні забітых галоў у Лізе чэмпіёнаў.

Ангельскі «Ліверпуль» разграміў з лікам 4:0 турэцкі «Галатасарай». І адквітаў паразу ў Стамбуле з лікам 0:1.
33-гадовы вінгер «Ліверпуля» Махамед Салах адзначыўся голам на 62-й хвіліне, а перад тым не забіў пенальці, і зрабіў лік 4:0 на карысць сваёй каманды. Гэта яго 50-ы мяч у Лізе чэмпіёнаў. Егіпцянін стаў першым афрыканцам, які дасягнуў гэтай адзнакі. Статыстыка не ўлічвае кваліфікацыю турніра.
47 галоў у ЛЧ Салах забіў за «Ліверпуль». Яшчэ 2 ён забіў за «Базэль» і 1 – за «Рому».

Такім чынам Салах разам з вышэйзгаданым Кейнам дагналі па галах Цьеры Анры і супольна з ім дзеляць 10-ы радок спісу ўсіх бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў.
Ангельскі «Тотэнхэм» у Лондане перамог гішпанскі «Атлетыка» з лікам 3:2.
Але пасля папярэдняй паразы з лікам 2:5 гэтага было не дастаткова, каб прайсці далей.
І такім чынам, сталі вядомыя ўсе пары 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў.
«ПСЖ» – «Ліверпуль»
«Рэал» – «Баварыя»
«Барселона» – «Атлетыка»
«Спортынг» – «Арсенал»
Матчы пройдуць 7-8 і 14-15 красавіка.

Учора таксама быў згуляны адзін матч 1/8 фінала ў Лізе Еўропы.
Партугальская «Брага» з лікам 4:0 разграміла венгерскі «Ферэнцвараш». Тыдзень таму перамаглі венгры 0:2, але за кошт лепшай розніцы ў чвэрцьфінал далей крочыць партугальская дружына.

Беларускі нападнік «Зімбру» Дзяніс Казлоўскі прызнаны найлепшым гульцом 2-га тура фінальнага этапу футбольнага чэмпіянату Малдовы па версіі Telegram-канала «Media Sport».
У матчы з «Дачыяй» 32-гадовы гулец аформіў асіст, а яго каманда перамагла з лікам 3:2.
У бягучым сезоне за клуб з Кішынёва футбаліст правёў 22 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх вызначыўся 17 забітымі мячамі і асістам.

Адразу пяць гульцоў зборнай Беларусі па пляжным футболе былі намінаваныя на званне найлепшага гульца Beach Soccer Stars 2025.
У гэты ростэр увайшлі Ігар Брыштэль, Анатоль Рабко, Мікіта Чайкоўскі, Яўген Новікаў і Алег Гапон.
Пра месца і дату правядзення гала-канцэрта Beach Soccer Stars 2025 стане вядома пазней.

Учора былі згуляныя яшчэ два трэціх матчы 1/4 фінала беларускай хакейнай Экстралігі.

«Гомель» саступіў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 3:4 і той павёў у серыі да чатырох перамог 1:2.
А таксама жлобінскі «Металург» выйграў у «Віцебска» з лікам 4:2 і павёў у серыі 2:1.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Мінесота» ў авертайме перамагла «Чыкага» з лікам 4:3.
У складзе «Чыкага» беларускі абаронца Арцём Леўшуноў адзначыўся асістэнцкім балам.
Ён правёў на лёдзе 26 хвілін 29 секунд і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-1».
Усяго ў гэтым сезоне НХЛ Леўшуноў правёў 62 матчы, у якіх набраў 24 ачкі (2+22).
Яго паказчык карыснасці складае -35.
«Чыкага» пасля 67 матчаў мае ў актыве 62 ачкі і займае 14-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

«Ванкувер» Мікіты Талапілы абыграў «Фларыду» з лікам 5:2. Беларускі брамнік правёў увесь матч на лаве запасных.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ) запытала ў хакейнага «Дынама» (Менск) абгрунтаванне бягучага кошту квіткоў у плэй-оф КХЛ, а таксама расшыфроўку артыкулаў выдаткаў і іншыя неабходныя дадзеныя.
«Хакейны клуб «Дынама» Менск выйшаў у плэй-оф! А што з коштамі на квіткі для заўзятараў? Хутка даведаемся. Не пераключайцеся», – гаворыцца ў заяве ведамства.
Нагадаем, што раней заўзятары абурыліся з-за высокага кошту білетаў на дамашнія матчы. Цэны на першы і другі матчы першага раўнда Кубка Гагарына складуць ад 60 да 120 рублёў (балкон), ад 80 да 100 рублёў (ніжні ярус за варотамі), ад 180 да 300 рублёў (ніжні ярус, цэнтр) і 600 рублёў (прэміум).

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя