
10 снежня 9 матчамі завяршыўся 6 тур у футбольнай Лізе чэмпіёнаў.
Азербайджанскі «Карабах» у Баку бязвольна саступіў аўтсайдэру лігі – нідэрландскаму «Аяксу» з лікам 2:4. Пры чым каўказцы двойчы вялі ў ліку да 79 хвіліны, а галандцы да гэтай пары ў 5 гульнях былі забіўшы ўсяго адзін мяч.
Дацкі «Капенгаген» на выезде здабыў перамогу над гішпанскім «Вільярэалам» з лікам 3:2. Пры гэтым пераможны гол скандынавы забілі на 90 хвіліне гульні.
Італьянскі «Ювентус» на сваім полі без асаблівых цяжкасцяў перайграў кіпрыёцкі «Пафас» з лікам 2:0. Для гэтага яму спатрэбілася ўсяго 6 хвілін – з 67-й па 73-ю.
Гішпанскі «Атлетык» у Більбаа прымаў дзеючага чэмпіёна Лігі – французскі «ПСЖ». І гэта была адзіная «сухая» гульня 6 тура – лік 0:0.
Таксама ўнічыю, але куды больш выніковую, згулялі паміж сабою нямецкі «Байер» ды ангельскі «Ньюкасл». Табло ў Леверкузене зафіксавала канцавы вынік – 2:2.
Партугальская «Бенфіка» ў Лісабоне з лікам 2:0 перайграла італьянскі «Напалі».
Нарвежскі «Бодзё/Глімт» у Дортмундзе стрымаў шквал атак мясцовай «Барусіі». «Зубныя шчоткі» здолелі двойчы адгуляцца па хадзе гульні і звялі лік да нічыёй 2:2.
Бельгійскі «Бруге» нічога не змог на сваім полі супрацьставіць ангельскаму «Арсеналу» з Лондана, які ў гэтым сезоне натуральным катком ідзе па ўсіх суперніках ў Лізе чэмпіёнаў.
Гэтым разам тут двойчы спрацаваў тандэм Зубімендзі-Мадуэке і дапоўніo іх Марцінэлі – лік 0:3 на карысць «кананіраў».
І ў гульні з самай гучнай афішай «Рэал Мадрыд» – «Манчэсцер Сіці», валявую перамогу з лікам 1:2 здабылі ангельцы. Першым за «сметанковых» лік адкрыў Радрыга, на што галамі адказалі «гараджане» О’Райлі ды Холанд з пенальці.
Такім чынам Ліга чэмпіёнаў сыходзіць на зімовы перапынак да 20 студзеня наступнага года.
Да цікавостак гэтага тура. Матч паміж казахскім «Кайратам» і грэцкім «Алімпіякасам», які завяршыўся з лікам 0:1, адбыўся пры фармальна самай нізкай афіцыйна зафіксаванай тэмпературы за ўсю гісторыю Лігі чэмпіёнаў. На двары падчас старту гульні было —21 °C.
Сітуацыю змякчала тое, што на стадыёне «Астана-Арэна», дзе праходзіў матч, ёсць рассоўны дах, дзякуючы чаму футбалісты гулялі ў больш камфортных умовах.
Цікава, што ў Алматы, дзе «Кайрат» звычайна праводзіць свае матчы, у той дзень было +2°C, але сустрэчу ўсё ж перанеслі ў значна халаднейшую сталіцу Казахстана.
Раней самым «марозным» лічыўся матч у Маскве ў 2007 годзе, калі мясцовы ЦСКА гуляў супраць лонданскага «Арсенала» пры —14 °C.
«Дынама» Менск упершыню выйшла ў 1/16 фіналу Юнацкай лігі УЕФА.
Мінчукі, прайграўшы першы матч 0:2, у гульні ў адказ трэцяга раўнда кваліфікацыі Юнацкай лігі УЕФА абыгралі тбіліскае «Дынама» з лікам 2:0, а затым каманда Сяргея Яромкі апынулася мацнейшай у серыі пенальці – 4:2, якая пачалася адразу пасля асноўнага часу.
У 1/16 фіналу да 10 пераможцаў чэмпіёнскага шляху 3-га раунда далучацца 22 найлепшыя каманды агульнага этапа асноўнай сеткі.
Лёсаванне турніра адбудзецца 12 снежня.
На 27 чэмпіянаце свету па гандболе сярод жаночых камандаў, які праходзіць у Германіі ды Нідэрландах, прайшлі астатнія чвэрцьфінальныя матчы.
Дзеючы чэмпіён – зборная Францыі перамагла бронзавых прызёраў – каманду Даніі з лікам 31:26.
А Нідэрланды – Венгрыю з лікам 28:23.
Такім чынам у паўфіналах сустрэнуцца Францыя – Германія ды Нідэрланды – Нарвегія.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






