
Учора распачаўся футбольны еўратыдзень. 9 матчаў было згуляна ў 6 туры асноўнага групавога этапа Лігі чэмпіёнаў.
«Кайрат» прымаў у Астане грэцкі «Алімпіякас» і саступіў з лікам 0:1.
Беларускі атакуючы паўабаронца чэмпіёнаў Казахстана Валер Грамыка адгуляў увесь другі тайм, а іншы наш суайчыннік у казахскай камандзе – абаронца Аляксандр Мартыновіч застаўся на лаве запасных.
Нямецкая «Баварыя» здабыла валявую перамогу над партугальскім «Спортынгам» з лікам 3:1. Што праўда ўсе 4 галы ў матчы забілі «швабы». Спачатку ў свае вароты забіў гол Кімміх, чым раззадорыў аднаклубнікаў. Пасля чаго тыя ўжо забілі тры галы ў браму лісабонцаў.
«Манака» на сваім полі прымала турэцкі «Галатасарай» і перамагло з лікам 1:0. Пры гэтым, перад тым, як забіць адзіны пераможны гол, манегаскі не рэалізавалі 11-мятровы ўдар.
Бельгійскі «Роял Юніян» на сваім полі згуляў драматычны матч з французскім «Алімпік Марсель». Спачатку лік у гульні на 5 хвіліне адкрылі бельгійцы, пасля прапусцілі тры галы ад французаў. Затым адзін гол адквіталі, забілі яшчэ два, але іх з розных прычын не залічылі і таму лік 2:3 на карысць гасцей з Марселя.
Ангельскі «Тотэнхэм» у Лондане без асаблівых праблем разабраўся з чэшскай «Славіяй» з Прагі з лікам 3:0. Прычым першы гол у сваю браму забілі акурат – пражане.
Нідэрландскі «ПСВ» на сваім полі ў Эйндховене прымаў гішпанскі «Атлетыка Мадрыд». Спачатку лік у гульні на 10 хвіліне адкрылі галандцы, а пасля, як і ў матчы «Роял» – «Алімпік», госці забілі тры галы ў адказ. Затым гаспадары адзін гол адквіталі, але лік усё адно застаўся на карысць гішпанцаў – 2:3.
Багатым выдаўся ўчорашні дзень на валявыя перамогі. Чарговую такую на сваім полі здабыла італьянская «Аталанта» ў матчы з ангельскім «Чэлсі». Спачатку лік адкрылі «арыстакраты» з Лондана, а затым два галы ім адыгралі бергамаскі. Лік 2:1.
Па такім самым сцэнары прайшла гульня і паміж гішпанскай «Барселонай» ды нямецкім «Айнтрахтам». Там таксама спачатку лік адкрылі немцы, на што меў што адказаць дублем за тры хвіліны з 50-й па 53-ю – абаронца каталонцаў Кундэ. Тут лік такі самы 2:1.
Італьянскі «Інтэр» і ангельскі «Ліверпуль» згулялі матч з самай яскравай афішай.
І тут шматпакутны апошнім часам «Ліверпуль» здолеў-такі здабыць перамогу. Спачатку ў першым тайме «пеліканам» гол адмянілі за гульню рукой, а пасля на 88 хвіліне суддзя вярнуў тым «пазыку» ў выглядзе даволі сумнеўнага пенальці. Вынік 0:1 на карысць «Ліверпуля».
У Доме футбола ў Менску прайшло лёсаванне матчаў 1/4 фіналу Кубка Беларусі.
Пары:
«Дынама» (Берасце) – «МЛ» (Віцебск)
«Іслач» (Менскі р-н) – «Дынама» (Менск)
«Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) – «БАТЭ» (Барысаў)
«Славія» (Мазыр) – «Арсенал» (Койданаў)
Усе матчы пройдуць у сакавіку 2026 года. Дакладныя даты іх правядзення стануць вядомыя пазней.
У рэгулярным сезоне Нацыянальнай Хакейнай Лігі былі згуляныя матчы з удзелам беларускіх гульцоў.
«Калгары» перамог «Бафала» з лікам 7:4.
Беларускі нападнік гаспадароў Ягор Шаранговіч упершыню з 7 сакавіка 2024 года набраў больш за два бамбардзірскія балы за матч. На яго рахунку галявы дубль і асістэнцкі бал.
Па выніках сустрэчы Шаранговіч з вынікам (2+1) быў прызнаны другой зоркай матчу.
За 15 хвілін 27 секунд гульнявога часу (уключаючы 0:16 хв у большасці і 0:50 хв у меншасці) Ягор вызначыўся 4 кідкамі (2 з іх у створ брамы), выйгрышам 1 з 4 укідванняў, 1 стратай і паказчыкам карыснасці «+2».
Усяго ў яго ў гэтым сезоне 27 матчаў, 11 (6+5) ачкоў і паказчык карыснасці «-6».
«Ванкувер» саступіў «Дэтройту» з лікам 0:4.
Беларускі галкіпер «Ванкувера» Мікіта Талапіла правёў на пляцоўцы трэці перыяд. Ён замяніў у браме фіна Кевіна Ланкінена, які перад тым прапусціў тры шайбы.
Мікіта правёў на лёдзе 19:12 хв і адбіў 6 кідкоў з 6. А яго каманда прапусціла 4-ю шайбу ўжо ў пустую брамку.
Талапіла правёў у гэтым сезоне 4 матчы ў НХЛ, у якіх святкаваў 2 перамогі. Каэфіцыент яго надзейнасці – 3,04 і працэнт адбітых кідкоў – 90,5.
У Германіі ды Нідэрландах працягваецца 27-ы Чэмпіянат свету па гандболе сярод жаночых зборных.
У 1/4 фінала каманда гаспадынь мундыяля – зборная Германіі перамагла апошнюю нееўрапейскую каманду гэтай стадыі – зборную Бразіліі з лікам 30:23. І таму кубак ужо дакладна застанецца на кантыненце.
А таксама фіналістка мінулага чэмпіяната – каманда Нарвегіі знову выйшла ў паўфінал, адолеўшы Чарнагорыю з лікам 32:23.
На афіцыйным сайце Australian Open размешчаны папярэдні заяўкавы ліст на першы ў сезоне 2026 года турнір «Вялікага шлема».
У жанчын у ім фігуруе толькі адна беларуска – першая ракетка свету Арына Сабаленка.
Усяго пропуск у асноўную сетку атрымалі 109 тэнісістак.
Аляксандра Сасновіч (N114), Вікторыя Азаранка (N132) і Ірына Шымановіч (N152 у рэйтынгу WTA) змогуць пазмагацца за выхад у асноўную сетку праз кваліфікацыю.
Australian Open у 2026 годзе пройдзе з 18 па 31 студзеня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






