Ліга чэмпіёнаў выходзіць на новы этап – па выніках агульнага раўнду восем каманд атрымалі прамыя пуцёўкі ў 1/8 фіналу, а яшчэ васьмі давядзецца змагацца ў стыкавых матчах.

Каманды, якія прайшлі далей без дадатковых выпрабаванняў – «Ліверпуль», «Арсенал», «Астон Віла», «Барселона», «Атлетыка», «Інтэр», «Байер» і «Ліль».
За шанец працягнуць барацьбу ў нокаут-раўндзе будуць змагацца «Рэал», «Баварыя», «ПСЖ», «Ювентус», «Аталанта», «Борусія Д»,«Манчэстэр Сіці», «Мілан» і ПСВ.
Напярэдадні «Манчэсцер Сіці» выратаваўся ў апошні момант – каманда Пепа Гвардыёлы ішла да вылету, прайграючы бельгійскаму «Бруге» 0:1 пасля першага тайма, але тры галы пасля перапынку прынеслі «гараджанам» валявую перамогу 3:1 і месца ў стыкавым раўндзе. «Рэал Мадрыд» застаўся без прамой пуцёўкі – «Каралеўскі клуб» хацеў гарантаваць сабе 1/8 фіналу, але нават перамога ў матчы супраць «Брэста» 3:0 не пазбавіла мадрыдцаў неабходнасці прайсці праз стыкавыя матчы. «ПСЖ» разграміў «Штутгарт» 4:1 дзякуючы тром забітым мячам ад французскага вінгера Усмана Дэмбеле, што дапамагло парыжанам прабіцца ў плэй-оф. «Ліль» зладзіў разнос «Феенорду» – 6:1, і французскі клуб не проста выйшаў далей, а зрабіў гэта вельмі ўпэўнена. Украінскі „Шахцёр” не здолеў прабіцца нават у стыкавы раўнд, саступіўшы дортмундскай «Барусіі» 1:3. „Барселона” не змагла на хатняй арэне абыграць італьянскую «Аталанту» 2:2 і заняла другое месца ў табліцы нягледзячы на нечаканую паразу лідара «Ліверпуля» у гасцявым матчы з ПСВ 2:3.
Ліга чэмпіёнаў працягнецца ў лютым – першыя стыкавыя матчы адбудуцца 11-12 лютага. Лёсаванне плэй-оф пройдзе заўтра ў штаб-кватэры УЕФА. Фінал галоўнага клубнага турніру Еўропы запланаваны на 31 траўня ў Мюнхене.
“Нёман” у апошнія секунды здабыў перамогу над “Магілёвам”
У чэмпіянаце Беларусі па хакеі напярэдадні асабліва напружаным атрымаўся матч у Гародні, дзе мясцовы “Нёман” сустракаўся з “Магілёвам”. Гаспадары вялі 3:1, але за дзве з паловай хвіліны да фінальнага свістка госці нечакана зраўнялі лік. Здавалася, пераможцу давядзецца вызначаць у авертайме, але за 20 секунд да канца асноўнага часу Ілля Летаў дакладным кідком прынёс перамогу “Нёману” – 4:3. У іншых матчах лідчане вырвалі перамогу ў гасцях у Гомеля ў дадатковы час дзякуючы шайбе Максіма Чубукова 2:1. “Юнацтва” разграміла “Хімік” 5:0, аформіўшы шостую перамогу запар. “Шахцёр” перапыніў серыю з трох паразаў абыграўшы баранавіцкі”Авіятар” 4:1. У турнірнай табліцы “Юнацтва” ўмацавалася на першым месцы з 66 ачкамі, “Нёман” падняўся на другую пазіцыю.
“Гарызонт” разнёс чэмпіёна: разгромная перамога над “МІНСКАМ” у жаночым чэмпіянаце
Баскетбалісткі “Гарызонта” ўпэўнена ўмацаваліся на першай пазіцыі ў жаночым чэмпіянаце Беларусі, разбіўшы дзеючых чэмпіёнак краіны з клуба “МІНСК” – 78:47. Суперніцтва, якое чакалася напружаным, ператварылася ў пераканаўчую перамогу падначаленых Наталлі Трафімавай. Напярэдадні ў іншым матчы гарадзенская “Алімпія” не пакінула шанцаў “Гарызонт-2-РЦОП” – 70:49. Пасля 20 тураў у лідыруючай групе: “Гарызонт” мае 38 ачкоў, “МІНСК” – 35, “Алімпія” – 34. 1 лютага чэмпіёнкі згуляюць супраць сваёй маладзёжнай каманды, а “Гарызонт” будзе прымаць “Алімпію”. Што да мужчынскага турніру, то ў галоўным матчы наступнага тура “Гродна-93” прыме магілёўскі “Барысфен”.
Фаварыты чэмпіянату Беларусі па гандболе не пакінулі шанцаў супернікам
У гандбольнай мужчынскай BeteraСуперлізе берасцейскі «Мяшкоў» і менскі СКА прадэманстравалі сваю перавагу, разграміўшы супернікаў у хатніх матчах. Берасцейцы на сваёй пляцоўцы не пакінулі шанцаў «Гомелю» – 32:18. У сталіцы СКА ўпэўнена перамог магілёўскага «Машэку» – 31:19. Такім чынам, «Мяшкоў Брэст» працягвае бездакорную серыю – 18 перамог у 18 матчах і лідэрства з 36 ачкамі. СКА займае другое месца маючы 30 балаў, «Гомель» ідзе трэцім – 19 ачкоў.
Данія і Партугалія выйшлі ў паўфінал ЧС па гандболе
На чэмпіянаце свету па гандболе сярод мужчын вызначыліся апошнія ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. Да ліку наймацнейшых далучылася зборная Даніі – трохразовыя чэмпіёны свету ўпэўнена абыгралі бразільцаў з лікам 33:21. Апошняга ўдзельніка паўфіналу вызначалі зборныя Германіі і Партугаліі. Партугальцы з лікам 31:30 перамаглі ў авертайме. Гэтая перамога забяспечыла ім першы ў гісторыі выхад у паўфінал сусветнага першынства.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: championat.com






