
На футбольных палях Старога свету ўчора завяршыўся 7 перадапошні тур групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.
Турэцкі «Галатасарай» згуляў унічыю 1:1 з гішпанскім «Атлетыка». Адметна, што лік у гульні на 4-й хвіліне адкрыў 23-гадовы Жуліяна Сімеонэ – сын нязменнага галоўнага трэнера мадрыдцаў Дыега.
Азербайджанскі «Карабах» у Баку здабыў перамогу над нямецкім «Айнтрахтам» з лікам 3:2. Пераможны гол каўказцы забілі на апошняй 94 хвіліне гульні. Гэта першая перамога «Карабаха» ў Лізе чэмпіёнаў над нямецкай камандай.
З такім самым лікам 3:2 гішпанскі «Атлетык» з Більбаа здабыў валявую перамогу ў Бергама над італьянскай «Аталантай».
Нямецкая «Баварыя» з лікам 2:0 адужала бельгійскі «Роял Юніян». Тут саліраваў Гары Кейн. Спачатку ангелец на 52 і 55 хвілінах аформіў дубль, пры гэтым другі гол забіў з пенальці. А затым ізноў жа з кропкі на 81-й хвіліне патрапіў у бэльку.
Ангельскі «Чэлсі» з мінімальным лікам 1:0 абгуляў кіпрыёцкі «Пафас».
Італьянскі «Ювентус» з лікам 2:0 абыграў партугальскую «Бенфіку».
Французскі «Марсэль» на сваім полі з буйным лікам 0:3 саступіў ангельскаму «Ліверпулю».
З такім самым лікам 3:0 іншы ангельскі клуб «Ньюкасл» абыграў нідэрландскі «ПСВ».
І гішпанская «Барселона» з лікам 4:2 здабыла ў Празе валявую перамогу над чэшскай «Славіяй». Тут двума галамі ў розныя брамы адзначыўся паляк Роберт Левандоўскі.
Па выніках 7 тураў лонданскі “Арсенал” і мюнхенская “Баварыя” забяспечылі датэрмінова месцы ў васьмёрцы.
Беларускі паўабаронца Валер Грамыка працягнуў кантракт з казахскім «Кайратам» на месяц, каб дапамагчы клубу з удзелам у агульным этапе Лігі чэмпіёнаў.
Заключны тур для каманды пройдзе 28 студзеня супраць ангельскага «Арсенала».
Раней паведамлялася, што 28-гадовы гулец зборнай Беларусі блізкі да пераходу ў турэцкі «Газіянтэп».
Сумарна за чэмпіёнаў Казахстана паўабаронца правёў 42 матчы, у якіх забіў 6 мячоў і аддаў 11 галявых перадач, а таксама адыграў у 7 матчах у агульным этапе Лігі чэмпіёнаў.
39-гадовы беларускі спецыяліст Ігар Шытаў увайшоў у трэнерскі штаб Віктара Ганчарэнкі ў зборнай Беларусі па футболе.
Раней ён працаваў у якасці трэнера ў Акадэміі AБФФ.
Нагадаем, што Шытаў завяршыў гульнявую кар’еру ў 2021 годзе. За зборную Беларусі ён правёў 66 матчаў
А тым часам стала вядома, што зборная Беларусі ў сакавіку правядзе яшчэ адзін таварыскі матч з камандай Арменіі. Гульня адбудзецца 29 сакавіка і пройдзе ў гасцях.
За тры дні да гэтага, 26 сакавіка, зборную Беларусі таксама чакае выязны спарынг з камандай Кіпра.
Першы афіцыйны турнір для зборнай будзе толькі ўвосень, калі каманда прыме здзел у чарговым розыгрышы футбольнай Лігі нацый, лёсаванне якога пройдзе 12 лютага.
У матчы другога раўнду Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, што праходзіць у Мельбурне, першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка перамагла 702-ю ракетку кітаянку Бай Чжусюань з лікам 2:0 – 6:3, 6:1.
Матч доўжыўся 1 гадзіну 14 хвілін.
У пятніцу ў 1/16 фіналу беларуска згуляе з 55-й ракеткай Анастасіяй Патапавай з Аўстрыі.
Сабаленка выйгравала Australian Open у 2023 і 2024 гадах, а год таму саступіла ў фінале. У 2012 і 2013 гадах у турніры перамагала іншая беларуска Вікторыя Азаранка.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Бостан» Уладзіслава Калячонка прайграў «Даласу» з лікам 2:6. Беларус не згуляў у матчы, бо клуб выставіў яго на драфт адмоваў.
А тым часам стала вядома, што «Далас» усё ж забраў беларускага абаронцу праз драфт адмоваў.
Такая працэдура адбываецца з беларусам другі раз за апошнія паўтара месяца і трэці раз за год.
Адзначым, што па цяперашнім кантракце Калячонка яго нельга перавесці ў клуб АХЛ без выстаўлення на драфт адмоваў.
Нагадаем, што «Бостан» забраў Калячонка ў «Даласа» праз драфт адмоваў 16 снежня.
У бягучым сезоне НХЛ 24-гадовы нараджэнец Менска абараняў колеры «Даласа» і «Бостана». У суме ён правёў 13 гульняў, набраў 3 (1+2) ачкі пры паказчыку карыснасці «+2».
«Хершы» дома саступіў «Хартфарду» у авертайме з лікам 4:5 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
19-гадовы беларускі нападнік гаспадароў Ілля Протас выйшаў на матч у цэнтры першага звяна і стаў аўтарам трэцяй шайбы сваёй каманды.
Усяго гулец набраў 1 (1+0) выніковы бал, зрабіў два кідкі па варотах і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-2».
Шайба ў гэтым матчы стала 15-й для беларуса ў бягучым сезоне, у якім ён выходзіў на лёд у 37 матчах, аформіў 30 (15+15) ачкоў пры карыснасці «+9» і атрымаў 16 хвілін штрафу.
На дадзены момант Протас з’яўляецца найлепшым снайперам і другім бамбардзірам каманды.
А вось у рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя некаторыя матчы 41 тура.
Наваполацкі «Хімік» саступіў «Брэсту» з лікам 2:4.
«Ліда» з лікам 1:4 зазнала бязвольную паразу ад «Дынама-Маладэчна».
Смаленскі «Славуціч» з мінімальным лікам 1:0 перайграў жлобінскі «Металург».
Менскае «Юнацтва» з такім самым лікам 1:0 абгуляла аршанскі «Лакаматыў».
Учора адбылося пасяджэнне рады Міжнароднай федэрацыі хакея, па выніках якога ІІХФ захавала ў сіле адхіленне зборных Беларусі і Расеі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.
Пра гэта паведаміў журналіст The Athletic Крыс Джонстан.
«Яны па-ранейшаму не маюць права ўдзельнічаць у міжнародных хакейных спаборніцтвах з-за меркаванняў бяспекі», – напісаў Джонстан.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Учора стала вядома, што дзякуючы пераразмеркаванню алімпійскіх ліцэнзій і суме набраных балаў на трох этапах Кубку свету, фрыстайлісткі Ганна Дзяруга і Настасся Андрыянава трапілі ў заяўку беларускай каманды на XXV зімовыя Алімпійскія гульні.
Усяго на бягучы момант у заяўку ўключаны 7 спартовак, якія выступяць у пяці дысцыплінах, акрамя вышэйузгаданых Дзяругі і Андрыянавай:
– Фрыстайл: Ганна Гуськова;
– Гарналыжны спорт: Марыя Шканава;
– Канькабежны спорт: Марына Зуева;
– Лыжныя гонкі: Ганна Каралёва;
– Фігурнае катанне: Вікторыя Сафонава.
Нагадаем, што беларускія і расейскія спартоўцы дапушчаныя да Алімпіяды-2026 у нейтральным статусе.
XXV зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 да 22 лютага 2026 года. У рамках спаборніцтваў будзе разыграна 116 камплектаў узнагарод у 16 відах спорту.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






