Беларускія футбалісты клуба першага расейскага дывізіёна «Балтыка» Віталь Лісаковіч, Юрый Кавалёў і Кірыл Капленка далі адмоўны адказ на выклік у зборную Беларусі. Пра гэта паведамляе sport5.by.

Каманда 2-га чэрвеня згуляе ў фінале Кубка Расеі супраць «Зеніта». Па выніках РПЛ «Балтыка» выбыла з элітнага дывізіёна. Нагадаем, 7 чэрвеня зборная Беларусі ў Менску сустрэнецца з расейцамі. 11 чэрвеня ў Венгрыі пройдзе спарынг супраць Ізраіля.
Абаронца зборнай Польшчы Кэш прапусціць Еўра-2024
Правы абаронца зборнай Польшчы Мэці Кэш не згуляе на Еўра-2024, паведамляе TVP Sport. Ён прапусціць турнір з-за траўмы галенастопа, з-за якой не ўдзельнічаў у двух апошніх матчах «Астан Вілы» у сезоне. У гэтым сезоне Кэш вызначыўся 4 галамі і 3 асістамі ў 44 матчах за клуб.
Зборная Польшчы згуляе таварыскія матчы супраць Украіны (7 чэрвеня) і Турцыі (10 чэрвеня). Супернікамі палякаў па групе D на Еўра-2024 будуць Францыя, Аўстрыя і Нідэрланды.
Менскае «Дынама» адправіла афіцыйны запыт у «Гомель» па трансферы Эфаге
Менскае «Дынама» сур’ёзна нацэлілася на 20-гадовага габонскага нападніка«Гомеля» Родзі Эфаге. Як паведаміў супрацоўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Салавей у эфіры «На грани фола», сталічны клуб адправіў афіцыйны запыт у «Гомель». У 9 матчах ЧБ Эфаге вызначыўся 7 галамі і з’яўляецца найлепшым бамбардзірам турніру пасля 10 тураў.
Расеец Салікаў перайшоў у «Мяшкоў Брэст»
31-гадовы расейскі левы крайні Максім Салікаў перайшоў у «Мяшкоў Брэст». Мінулы сезон ён правёў у «Пермскіх мядзведзяў». У 42 паядынках вызначыўся 165 галамі.
Беларускія тэнісісткі правядуць стартавыя сустрэчы адкрытага чэмпіянату Францыі
На парыжскіх кортах “Ралан Гарос” набірае абароты другі ў сезоне тэнісны турнір серыі “Вялікага шлема” – адкрыты чэмпіянат Францыі. Свае стартавыя паядынкі правядуць дзве прадстаўніцы Беларусі.
Другая ракетка свету Арына Сабаленка ў 1/64 фіналу сустрэнецца з расейкай Эрыкай Андрэевай, якая замыкае топ-100 сусветнага рэйтынгу. Суперніцай 21-га нумара рэйтынгу WTA Вікторыі Азаранкі будзе 59-я ракетка планеты прадстаўніца Аргенціны Надзя Падарошка. У мінулым годзе Арына Сабаленка дайшла да паўфіналу гэтых спаборніцтваў, а Вікторыя Азаранка выбыла ў першым раундзе.
Баскетбалісты “Бостана” сталі першымі фіналістамі сезона НБА
Баскетбалісты “Бостан Селтыкс” выйшлі ў фінал плэй-оф Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. У фінальнай серыі Усходняй канферэнцыі бостанцы ўсухую абыгралі “Індыяну Пэйсерс” 4:0. Чацвёрты паядынак супрацьстаяння праходзіў мінулай ноччу ў Індыянапалісе. У заключнай чвэрці гаспадары выйгравалі з адрывам у дзевяць ачкоў, але правалілі канцоўку і ў выніку саступілі – 102:105. Гэты паядынак стаў трэцім у серыі, які “Індыяна” прайграла, маючы лідарства за некалькі хвілін да сірэны.
Лідар “Сэлтыкс” Джэйсан Тэйтум набраў 26 ачкоў, аформіў 10 падбораў і аддаў 8 перадач.
“Бостан” выйшаў у фінал НБА другі раз за тры сезоны. Супернік “Бостана” па фінале НБА вызначаецца ў пары “Даласа” і “Мінесоты”, пасля трох матчаў у гэтай серыі наперадзе тэхасцы – 3:0. Чацвёрты паядынак фіналу Заходняй канферэнцыі адбудзецца найбліжэйшай ноччу ў Даласе.
Беларускае Радыё Рацыя






