
На футбольных палях Старога свету ўчора стартаваў 4 тур асноўнага групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.
Італьянскі «Напалі» згуляў унічыю 0:0 з нямецкім «Айнтрахтам».
У Празе адбыўся матч з афішай з беларускага чэмпіянату «Славія» – «Арсенал». На іх месцы маглі б быць каманды з Мазыра ды Койданава, але ўчора лонданскія «кананіры» з лікам 3:0 перамаглі пражанаў. «Арсенал» здабыў дзясятую перамогу запар, пачынаючы з 24 верасня, з агульным лікам 21:1. Апошні раз «Арсенал» цярпеў паразу ажно 31 жніўня, калі саступіў «Ліверпулю» (0:1). А таксама яшчэ адна цікавінка з гэтага матча – паўабаронца «Арсенала» Макс Доўман стаў самым маладым гульцом, які калі-небудзь выходзіў на поле ў матчы Лігі чэмпіёнаў. Юнак выйшаў на замену і дэбютаваў ва ўзросце 15 гадоў і 308 дзён, пабіўшы рэкорд, які належаў Юсуфу Мукако з дортмундскай «Барусіі» – нямецкі нападнік ў свой час згуляў у галоўным еўракубку ва ўзросце 16 гадоў і 18 дзён. У бягучым сезоне на рахунку Доўмана 2 мячы за «Арсенал U-19».
Італьянскі «Ювентус» згуляў унічыю 1:1 з партугальскім «Спортынгам».
З такім самым лікам 1:1 разышліся мірам – грэцкі «Алімпіякас» ды нідэрландскі «ПСВ». Пры чым галандцы параўнялі лік толькі на 93-й хвіліне матча.
Нарвежскі «Бодзё/Глімт» саступіў манегаскаму «Манака» з лікам 0:1.
Таксама на адзін гол з лікам 1:0 ангельскі «Ліверпуль» перайграў гішпанскі «Рэал Мадрыд».
А вось іншы мадрыдскі клуб – «Атлетыка» перамог бельгійскі «Роял Юніян» з лікам 3:1.
Ангельскі «Тотэнхэм» разграміў дацкі «Капенгаген» з лікам 4:0. Прычым, гуляючы з 55 хвіліны ў меншасці, «шпоры» забілі два мячы і Рышарлісан на апошніх хвілінах гульні не рэалізаваў 11-мятровы ўдар.
Сама цікавы матч учорашняга дня быў згуляны ў Парыжы. Там нямецкая «Баварыя» нанесла першую паразу ў гэтым сезоне дзеючаму чэмпіёну – «ПСЖ» з лікам 2:1.
Дублем у швабаў адзначыўся Луіс Дыяс на 4-й і 32-й хвілінах. Пасля чаго на 47-й хвіліне нагуляў на выдаленне. На што парыжане адказалі на 74 хвіліне голам Жаау Нэвэша.
Беларускі капітан казахстанскага «Кайрата» Аляксандр Мартыновіч з-за пашкоджання не згуляе сёння ў матчы з міланскім «Інтэрам», паведаміў галоўны трэнер казахстанскай каманды Рафаэль Уразбахцін.
– Перад матчам з «Інтэрам» нашы брамнікі і ўсе гульцы здаровыя за выключэннем Мартыновіча. У Аляксандра невялікае пашкоджанне пасля апошняй гульні ў чэмпіянаце, – сказаў Уразбахцін.
«Кайрат» пасля трох тураў агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў набраў адно ачко і займае 34-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы.
Учора былі згуляныя першыя матчы 21 тура рэгулярнага чэмпіяната беларускай хакейнай Экстралігі.
Гарадзенскі «Нёман» абыграў баранавіцкі «Авіятар» з лікам 5:3.
«Брэст» быў мацнейшым за «Магілёў» – 5:1.
«Віцебск» з мінімальным лікам 0:1 саступіў на сваім лёдзе смаленскаму «Славуцічу».
Прайшоў матч рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускага гульца.
«Сіэтл» абыграў «Чыкага» Арцёма Ляўшунова з лікам 3:1.
Леўшуноў выніковымі баламі не вызначыўся, але правёў рэкордны час на пляцоўцы ў гэтым сезоне. Хакеіст згуляў 19:09 хв і 21-у змену ў матчы. Таксама выканаў 1 кідок, заблакаваў 1 кідок суперніка, здзейсніў 2 страты і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
Яго «Чыкага» з 13 ачкамі ў 13 матчах займае 11-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
Беларуска Арына Сабаленка згуляла з 5 ракеткай амерыканкай Джэсікай Пегулай у Выніковым турніры WTA.
Пасля перамогі над Джэсікай з лікам 2:1 – 6:4, 2:6, 6:3 Арына Сабаленка стала першай тэнісісткай з 2013 года, якая выйграла 60+ матчаў за адзін сезон у статусе першай ракеткі свету.
Перамога над амерыканкай стала для Сабаленкі 61-й у 2025 годзе.
Апошні раз такога поспеху дасягала амерыканка Серэна Уільямс, якая ў 2013 годзе, будучы лідарам рэйтынгу WTA, дамаглася 66 перамог за сезон.
Беларускі гросмайстар Уладзіслаў Кавалёў пачне выступленне на Кубку свету па шахматах з 1/64 фіналу.
Яго супернік – Вінсэнт Кеймер з Германіі. У выпадку перамогі Кавалёў у 1/32 фіналу будзе змагацца з пераможцам пары Дзмітрый Каларс (Германія) – Мунірэцінам Пранеш (Індыя).
Матчы праходзяць у індыйскім Гоа і складаюцца з дзвюх партый з кантролем часу 90 хвілін на 40 хадоў, затым яшчэ 30 хвілін з дабаўленнем 30 секунд на кожны ход з першага. У разе нічыёй гуляецца тай-брэйк па хуткіх шахматах – дзве партыі 15+10 (затым пры патрэбе дзве 10+10; дзве 5+3; дзве 3+2; адна партыя ў фармаце “армагедона” 4+2).
Нагадаем, што Уладзіслаў Кавалёў – чэмпіён Беларусі 2016 года. У рэйтынгу ФІДЭ ў яго 2557 балаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






