Берасцейскі дынамавец Уладзіслаў Лях прызнаны найлепшым гульцом 20-га тура чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. У хатнім паядынку з мазырскай “Славіяй” 25-гадовы абаронца берасцейцаў не толькі паспяхова выконваў абарончыя функцыі, але і актыўна ўдзельнічаў у атакуючых дзеяннях сваёй каманды. У пачатку першага тайма Уладзіслаў Лях адкрыў лік, а незадоўга да перапынку аформіў дубль. У выніку берасцейскае “Дынама” святкавала перамогу з буйным лікам 3:0 і дагнала сталічных дынамаўцаў па набраных ачках. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура стаў паўабаронца “Мінска” Кірыл Забелін, які класным далёкім ударам са штрафнога забіў наваполацкаму “Нафтану”. Менчукі выйгралі 2:0 – гэта іх другая вікторыя запар.
Левандоўскі знізіў заробак, каб «Барса» змагла зарэгістраваць гульцоў
Прэзідэнт «Барселоны» Жаан Лапорта распавёў пра тое, як форвард Роберт Левандоўскі дапамог камандзе. «Адмысловай згадкі заслугоўвае Левандоўскі. Ён адданы клубу гулец. Калі ён пачуў, што трэба прыкласці пэўныя намаганні для рэгістрацыі гульцоў у рамках фінансавага фэйр-плэй, ён прапанаваў нам пайсці на паніжэнне ў сваім кантракце, каб дапамагчы клубу», – сказаў Лапорта. У гэтым сезоне 36-гадовы паляк аформіў 4 галы і аддаў 1 асіст у 4 матчах.
Сабаленка выйшла ў паўфінал адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка другі год запар прабілася ў паўфінал адкрытага чэмпіянату ЗША. Мінулай ноччу другая ракетка планеты разграміла ў чвэрцьфінале кітайскую тэнісістку Сінвэнь Жон, якая займае сёмае месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:1, 6:2. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 15 хвілін. У матчы за выхад у фінал суперніцай беларускі будзе амерыканская тэнісістка 12-ы нумар рэйтынгу WTA Эма Навара.
Спартоўцы “Вікторыі” выйгралі Суперкубак Беларусі па хакеі на траве
Спартоўцы “Вікторыі” са Смалявічаў сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. У Менску ў паядынку за першы трафей новага сезона чэмпіёнкі краіны адолелі ўладальніц Кубка хакеістак гарадзенскага “Рытма” ў серыі пасляматчавых булітаў. Гульнявы час завяршыўся ўнічыю – 1:1, а буліты лепш выканала “Вікторыя” – 3:2. Сёння ў Баранавічах у барацьбе за мужчынскі Суперкубак ХК “Мінск” сустрэнецца з берасцейскім “Будаўніком”. У мінулым сезоне мінчане сталі чэмпіёнамі і ўладальнікамі Кубка Беларусі, а берасцейцы ў абодвух турнірах былі другімі.
Беларускае Радыё Рацыя