BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лонданскі «Арсенал» разграміў мадрыдскі «Рэал»

Учора на футбольных паля Старога Свету прайшлі два першыя матчы чвэрцьфінальнай стадыі галоўнага еўрапейскага клубнага турніра – Лігі чэмпіёнаў.

© Photo :  Сацсеткі ФК “Арсенал”

Лонданскі «Арсенал» на сваім полі разграміў самы тытулаваны клуб і дзеючага чэмпіёна лігі – мадрыдскі «Рэал» з лікам 3:0. Дзякуючы фантастычнаму дублю Дэклана Райса і голу Мікела Мерына. А тым часам мюнхенская «Баварыя» на сваім полі саступіла міланскаму «Інтэру» з лікам 1:2. Галамі адзначыліся – Томас Мюллер у «швабаў» і Лаўтара Марцінэс ды Давід Фратэзі ў «Інтэрнацыянале». 

А ўжо сёння ўвечары «Барселона» прыме на сваім полі мінулагодняга фіналіста – «Барусію» з Дортмунда. А «ПСЖ» будзе экзаменаваць у Парыжы каманду-сенсацыю гэтага сезона «Астан Вілу» з англійскага Бірмінгема. Пачатак сустрэч у 21 гадзіну па польскім часе і ў 22 па часе беларускім.

Стала вядома, калі будзе дагуляны перапынены з-за снежнай завеі матч 3 тура чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе паміж менскім «Дынама» і гарадзенскім «Нёманам». Гэта адбудзецца 18 чэрвеня. Час пачатку гульні стане вядомы пазней.

Учора ў Катавіцах хакейныя дружыны Польшчы і Літвы правялі яшчэ адну таварыскую сустрэчу. І гэтым разам ізноў верх узялі палякі, выйграўшы ў суседзяў з лікам 2:0.

У працяг тэмы польскага хакея. Каманда ГКС з Тыхы ў 7-м матчы фінальнай серыі чэмпіянату Польшчы выйграла ў ГКС з Катавіцаў з лікам 4:2, лік у фінальнай серыі – 4:3, і тым самым клуб стаў пераможцам польскага чэмпіянату. Адметна, што ў складзе пераможцаў выступае беларускі 36-гадовы форвард Віктар Туркін, а ў трэнерскім штабе працуе беларускі спецыяліст Ян Шаляпнёў.

20-гадовы беларускі форвард Андрэй Лашко падпісаў трохгадовы кантракт навічка на суму $2 610 000 з клубам Нацыянальнай хакейнай лігі «Сіэтл Кракен». Лашко выступаў за юніёрскую зборную Беларусі на чэмпіянаце свету 2021 года. Ён з’яўляецца выхаванцам жлобінскага «Металурга». Калі Андрэй загуляе ў НХЛ, ён стане там 17-ым беларусам з 1992 года. У гэтым сезоне ў мацнейшай хакейнай лізе Свету гуляюць Аляксей Протас у «Вашынгтоне», Ягор Шаранговіч і Ілля Салаўёў у «Калгары», Уладзіслаў Калячонак у «Пітсбургу», ды Аляксей Коласаў у «Філадэльфіі».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя