BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мадрыдскі “Рэал” і “Баварыя” разыгралі яркі спектакль

Ліга чэмпіёнаў

7 красавіка двума ўдалымі для гасцей матчамі стартавала чвэрцьфінальная стадыя футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Партугальскі «Спортынг» у Лісабоне з мінімальным лікам 0:1 саступіў ангельскаму «Арсеналу». Лонданцы вырвалі перамогу на 91-й хвіліне гульні, дзякуючы голу Кая Хаверца.
Гішпанскі «Рэал» у Мадрыдзе прайграў нямецкай «Баварыі» з Мюнхена з лікам 1:2. Сустрэча выдалася яркай і насычанай на голавыя моманты.

Адразу двума галамі адзначыліся па чарзе Дыяз і Кейн. Першы забіў «сметанковым» гол «у распранальню» на 41-й хвіліне, а другі – «з распранальні» на 46-й хвіліне матча.
Адзіны гол мадрыдцы адквіталі на 74 хвіліне і зрабіў гэта Мбапэ.

“Баварыя” перапыніла сваю няўдалую серыю матчаў з “каралеўскім клубам” і выйграла у яго ўпершыню за апошнія 14 гадоў.

Сёння ж у чвэрцьфінальную стадыю далучацца таксама гішпанскія «Барселона» ды «Атлетыка Мадрыд» і дзеючы чэмпіён французскі «ПСЖ» ды ангельскі «Ліверпуль».

Учора быў згуляны заключны матч 27 тура польскай футбольнай Экстракласы. «Арка» Гдыня перамагла «Заглембе» Любін з лікам 3:1.
Раней «Ягелонія» ў Беластоку разышлася мірам 0:0 з пазнаньскім «Лехам».

«ГКС» Катавіцы з лікам 1:0 перамог плоцкую «Віслу». Беларускі форвард «гексы» Ілля Шкурын выйшаў у асноўным складзе і быў заменены на 80 хвіліне.
«Брук-Бэт» у Няцечы з лікам 3:2 перайграў глівіцкі «Пяст» беларускага форварда Германа Баркоўскага. Наш суайчыннік выйшаў у аснове і быў заменены на 61 хвіліне.

Такім чынам пасля 27 тураў «Ягелонія» з 42 пунктамі займае ў турнірнай табліцы другі радок, «ГКС» з 39 пунктаміі ідзе сёмым і «Пяст» з 35 пунктамі на 12-м радку.

19-гадовы беларускі хакейны форвард Ілля Протас выкліканы ў асноўны склад «Вашынгтон Кэпіталз». Пра гэта паведаміў старэйшы віцэ-прэзідэнт і генеральны мэнэджэр клуба Крыс Патрык.

У гэтым сезоне малодшы брат форварда «Вашынгтона» Аляксея Протаса дэбютаваў у Амерыканскай хакейнай лізе, дзе набраў 62 (28+34) балы ў 66 матчах за «Хершы», дзе з’яўляецца найлепшым бамбардзірам і па галах, і па балах (гол+пас). Сярод усіх хакеістаў АХЛ Протас займае шостае месца па балах, шостае — па колькасці галоў і сёмае — па галах у большасці (іх уяго 10). Калі Ілля дэбютуе за «Вашынгтон», то стане 19-м беларусам у Нацыяльнай хакейнай лізе з 1992 года. У гэтым сезоне ў НХЛ гуляюць сямёра беларусаў.

«Вашынгтон» змагаецца за траплянне ў плэй-оф (Кубак Стэнлі). Пакуль займае 12-ы радок ва Усходняй канферэнцыі (каб трапіць у плэй-оф, трэба быць восьмымі), адставанне ў каманды складае тры балы.

Таксама інтрыга, ці дагоніць Аляксандр Авечкін Уэйна Грэцкі па колькасці галоў у НХЛ з улікам Кубка Стэнлі (у мінулым годзе расеец перагнаў канадца беларускага паходжання па галах у рэгулярных чэмпіянатах). Да завяршэння рэгулярнага чэмпіянату гэтага сезона засталося правесці чатыры матчы. Наступную гульню «Вашынгтон» згуляе з «Таронта» ў ноч на чацьвер.

Учора быў згуляны чацвёрты матч паўфінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай Экстралігі паміж смаленскім «Славуцічам» і салігорскім «Шахцёрам». «Гарнякі» прайгралі ў Смаленску ў авертайме з лікам 1:2. Такім чынам лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:1 на карысць смалянаў.

Учора ў матчы першага раўнда 1/16 фінала турніру WTA-500 у аўстрыйскім Лінцы беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 115 радок у сусветным рэйтынгу, прайграла 258-й ракетцы прадстаўніцы Чэхіі Караліне Плішкавай з лікам 0:2 – 4:6, 4:6. І сышла з дыстанцыі.
Нагадаю, што ў асноўную сетку Сасновіч прабілася праз кваліфікацыю.

World Athletics аб’явіла пра заснаванне чэмпіянату свету па марафоне.
Першы турнір запланаваны на 2030-ы год, на гэты раз чэмпіянат па марафоне ўжо не будзе часткай чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, а будзе асобнай падзеяй. Правядзенне турніру запланавана штогод: адзін год чэмпіянат будзе праведзены сярод мужчын, у наступным – сярод жанчын. Чакаецца, што першы чэмпіянат свету па марафоне пройдзе ў Грэцыі ў Афінах.

Сыйшоў з жыцця футбольны спецыяліст былы трэнер кіеўскага «Дынама» і данецкага «Шахцёра» Мірча Лучэску. Яму было 80 год. Раней Лучэску быў шпіталізаваны. Па апошняй інфармацыі, лекары ацэньвалі яго стан як крытычны. КТ выявіла ў яго два сур’ёзныя захворванні сардэчна-судзіннай сістэмы.
У пятніцу 3 красавіка стала вядома, што Мірча Лучэску перанёс востры інфаркт міякарда. У гэты дзень яго павінны былі выпісаць з лякарні пасля таго, як 29 сакавіка ён быў шпіталізаваны з-за пагаршэння самаадчування ў стане зборнай Румыніі.
2 красавіка Румынская футбольная федэрацыя афіцыйна аб’явіла пра завяршэнне працы Мірчы Лучэску на пасадзе галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай.
Як гулец Лучэску выступаў за «Дынама» Бухарэст, «Спортынг» і «Карвіну», а таксама зборную Румыніі. 6 разоў выйграваў тытул чэмпіёна краіны. Як трэнер працаваў з данецкім «Шахцёрам» і кіеўскім «Дынама». З «Шахцёрам» 8 разоў выйграваў чэмпіянат Украіны, 6 разоў Кубак Украіны і 7 – Суперкубак краіны, а таксама заваяваў Кубак УЕФА. З «Дынама» па разе выйграў чэмпіянат, Кубак і Суперкубак Украіны.
Таксама трэніраваў «Карвінул», «Дынама» Бухарэст, зборную Румыніі, «Пізу», «Брэшыю», «Рэджану», «Рапід» Бухарэст, «Інтэр», «Галатасарай», «Бешыкташ», «Зеніт» і зборную Турцыі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя