Нараджэнцы Дагестана Магамед і Ахмед Гімбатавы заключылі пагадненні тэрмінам на адзін сезон з хакейным клубам «Брэст»
Магамед Гімбатаў — выхаванец пецярбургскага хакея. На яго рахунку 47 матчаў і 6 (2+4) ачкоў у КХЛ за СКА, “Віцязь” і навакузнецкі “Металург”, а таксама 353 гульняў і 147 (52+95) балаў у ВХЛ за “СКА-Неву”, “Тамбоў”, «Буран» ды іншыя клубы.
Апошнія тры сезоны Магамед правёў у Betera-Экстралізе, выступаючы за «Шахцёр» і «Віцебск». У мінулым чэмпіянаце ён згуляў у 55 сустрэчах, вызначыўся 46 (11+35) ачкамі. Усяго ў Betera-Экстралізе – 170 матчаў, 121 (39+82) бал. Ахмед Гімбатаў (1994) – таксама выхаванец СКА з Санкт-Пецярбурга. Раней выступаў у ВХЛ за “СКА-Неву”, “Барс”, пецярбургскае “Дынама”, “Тамбоў” і “Шугавея” — 285 гульняў, 88 (43+45) ачкоў. Апошнія два гады разам з братам Магамедам выступаў у Беларусі. Мінулы сезон за “Віцебск” для Ахмеда стаў самым выніковым у кар’еры — 56 сустрэч, 51 (20+31) бал, інфармуе прэс-служба “Брэста”.
Грыгараў можа ўзначаліць БАТЭ
Як стала вядома Tribuna.com, 42-гадовы беларускі спецыяліст Вячаслаў Грыгараў можа стаць галоўным трэнерам БАТЭ. Раней паведамлялася, што цяперашні коуч барысаўчан Ігар Крывушэнка ў бліжэйшы час можа пакінуць клуб. Раней Грыгараў узначальваў «Слуцк», «Рух», і «Цэнтр футбола», з якім спецыяліст па выніках мінулага сезона заваяваў пуцёўку ў першую лігу. Пасля 18 тураў ЧБ БАТЭ займае 11-е месца, у яго актыве 20 балаў.
Нарвежскія рэферы будуць судзіць матч футбалістаў менскага “Дынама” і “Андэрлехта” ў Лізе Еўропы
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прызначыў суддзяў на паядынкі плэй-оф кантынентальных клубных турніраў. У Лізе Еўропы першы матч футбалістаў менскага “Дынама” і бельгійскага “Андэрлехта”, які пройдзе 22 жніўня ў венгерскім Мезекевешдзе будзе судзіць нарвежская брыгада на чале з Рохітам Сагі. Галоўным суддзём сустрэчы ў адказ, якая адбудзецца 29 жніўня ў Брусэлі, будзе чарнагорскі рэферы Нікола Дабанавіч. Пераможца гэтага двухматчавага супрацьстаяння выступіць у асноўным этапе Лігі Еўропы, а той хто прайграе, згуляе ў трэцім па рангу турніры – Лізе канферэнцый. Менскае “Дынама”, нагадаю, пачынала сёлетні еўракубкавы сезон у Лізе чэмпіёнаў.
Фелікс перайшоў у «Чэлсі» – партугалец падпісаў 7-гадовы кантракт
Форвард «Атлетыка» Жаау Фелікс перайшоў у «Чэлсі». Футбаліст падпісаў з лонданскім клубам 7-гадовы кантракт. Раней паведамлялася, што «Чэлсі» заплаціць за партугальца 65 мільёнаў еўра – 35 мільёнаў адразу і яшчэ 30 на працягу пэўнага часу. Але пасля высветлілася, што чуткі не адпавядаюць рэчаіснасці. Нагадаю, нападнік ўжо выступаў за лонданскі клуб у другой палове сезона 2022/23 на правах арэнды. У 20 матчах ён вызначыўся 4 галамі. Па вяртанні ён быў аддадзены ў яшчэ адну арэнду – у «Барселону». Там ён забіў 10 мячоў і аддаў 6 асістаў у 44 матчах.
Гюндаган вернецца ў «Манчэстэр Сіці»
Паўабаронца «Барселоны» Ілкай Гюндаган вернецца ў «Манчэстэр Сіці».
Па дадзеных Фабрыцыа Рамана, «гараджане» і нямецкі футбаліст дасягнулі пагаднення па трансферы. Гюндаган пакіне «Барселону» бясплатна і падпіша кантракт з дзейнымі чэмпіёнамі Англіі да чэрвеня 2025 года. Гюндаган стаў гульцом «Барселоны» ўлетку мінулага года, калі як вольны агент перайшоў з «Манчэстэр Сіці». У дэбютным сезоне Ілкай забіў 5 мячоў і зрабіў 14 асістаў у 51 матчы.
Беларускае Радыё Рацыя