Абнаўленне спісу нейтральных атлетаў, каму спецыяльная камісія МАКа дазваляе выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе, утрымлівае даволі сенсацыйны дадатак у дачыненні да беларускага складальніка, які налічвае 16 чалавек. Нейтральны статус на Гульні-2024 атрымаў віцэ-чэмпіён Алімпіяды ў Токіа беларускі барацьбіт з дагестанскімі каранямі Магамедхабіб Кадзімагамедаў. У гэтым сезоне Кадзімагамедаў таксама заняў другое месца на чэмпіянаце Еўропы. Спачатку яго прозвішча не было ў ліку зацверджаных МАКам і, адпаведна, НАКам, але ў версіі спісу ад 19 ліпеня ўладальнік алімпійскага срэбра з’явіўся. Раней ад беларускай барацьбы допуск атрымаў толькі адзін з 10 уладальнікаў алімпійскіх ліцэнзій – Абубакар Хаслаханаў. На адпраўленае запрашэнне Магамедхабіб Кадзімагамедаў адказу пакуль не даў.
Шымановіч прабілася ў паўфінал турніру ў ЗША
У амерыканскім Эвансвілі праходзіць турнір серыі ІТФ з прызавым фондам 60 000 даляраў. У чвэрцьфінале беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч ва ўпартай барацьбе абыграла 318-ю ракетку планты прадстаўніцу Індыі Сахаю Рамалапалі – 5:7, 6:2, 7:6 (6). У паядынку за выхад у фінал Шымановіч паспрачаецца з 324-й у сусветным рэйтынгу амерыканкай Сафі Чан.
Пушкоў растаўся з «Брэстам»
Галоўны трэнер «Брэста» Сяргей Пушкоў пакінуў сваю пасаду. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. Пушкоў узначаліў берасцейскую каманду па ходу мінулага сезона. Пад яго кіраўніцтвам калектыў упершыню дайшоў да фінальнага раўнда плэй-оф, перайграўшы па выніках серый «Віцебск» і «Шахцёр». Спыніць берасцейцаў у барацьбе за золата змог толькі жлобінскі «Металург». Раней Пушкоў быў тройчы прызнаны найлепшым трэнерам Экстралігі. Ён тройчы выйграваў золата Экстралігі, а таксама два разы падымаў над галавой Кубак Салея.
Варакса перайшоў з «Нёмана» у Менск
Беларускі паўабаронца Уладзіслаў Варакса на правах арэнды будзе выступаць за «Мінск». Пра гэта паведамляе прэс-служба «гараджан». Дзеянне кантракта разлічана да канца сезона. Уладзіслаў, выхаванец футбольнай школы «Дынама-Мінск». У гэтым сезоне паўабаронца правёў дзевяць матчаў за «Нёман».
Квартэт беларускіх канаістаў перамог на маладзёжным Чэмпіянаце свету ў Балгарыі
Беларускія спартоўцы заваявалі чарговую ўзнагароду маладзёжнага першынства планеты па веславанню на байдарках і каноэ ў балгарскім Плоўдзіве. Праграму трэцяга дня спаборніцтваў ва ўзроставай катэгорыі да 23 гадоў завяршаў фінал мужчынскіх каноэ-чацвёрак на 500-метроўцы, дзе Беларусь прадстаўлялі Ілля Верашчака, Станіслаў Савельеў, Уладзіслаў Палешка і Даніла Верашчака. Беларускія весляры прайшлі дыстанцыю ў паўкіламетра за 1 хвіліну 32,69 секунды і заваявалі медалі вышэйшай пробы, апярэдзіўшы венграў, якія сталі другімі, на паўтары секунды. Трэцім фінішаваў квартэт з Іспаніі.
Беларускае Радыё Рацыя






