
Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) зацвердзіў змену спартыўнага грамадзянства для нарадзінка Менска і сярэбранай прызёркі Алімпійскіх гульняў у Токіа ў акадэмічным веславанні Ганны Пракацень з расейскага на ўзбецкае.
Пра гэта паведаміў дырэктар МАК па камунікацыях Марк Адамс.
“Зацвердзілі змену грамадзянства Ганны Пракацень з расейскага на ўзбецкае. Выканкам МАК задаволіў запыт пра зняцце неабходнасці адбыцця трохгадовага каранціну, спартсменка можа прадстаўляць новую краіну на Алімпійскіх гульнях у Парыжы”, – сказаў Адамс.
Раней прайшла кваліфікацыю на Алімпіяду-2024 па акадэмічным веславанні ў Азіі і Акіяніі, выйграўшы ў жаночым адзіночным веславанні ў карэйскім Чунджу.
Да 2016 года Пракацень прадстаўляла Беларусь. З 2017-га па травень 2023-га выступала за зборную Расеі, у складзе якой стала сярэбранай прызёркай АГ-2020 і пераможцай ЧЕ-2021. З траўня 2023 года беларуска змяніла спартыўнае грамадзянства на Узбекістан.
Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расеі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць “актыўнай падтрымкі” вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расеі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў будзе вызначаць спецыяльна створаная МАК камісія AINERP.
Крыніца: tribuna.com






