BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Маладэчна” пакідае вышэйшую лігу

футбол

У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе на выходных былі згуляныя матчы 26 тура.

Менскае «Дынама» ў Наваполацку здабыла валявую перамогу над «Нафтанам» з лікам 3:1. Хоць дынамаўцы і прапусцілі першымі літаральна са стартавым свістком ужо на 2 хвіліне гульні.
Мазырская «Славія» на сваім полі таксама здабыла валявую перамогу над гарадзенскім «Нёманам» з лікам 2:1. Гарадзенцы адкрылі лік ужо на 6 хвіліне гульні, а пераможны гол мазырцы змаглі забіць толькі на 91 хвіліне.

«Гомель» з буйным лікам 4:1 перамог «Слуцк».
Барысаўскі «БАТЭ» з мінімальным лікам 1:0 перайграў у дэрбі жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».
Прысталічная «Іслач» згуляла ўнічыю 1:1 з берасцейскім «Дынама».
«Маладэчна» у канцоўцы гульні саступіла 0:1 койданаўскаму «Арсеналу». І цяпер маладэчанцы страцілі нават матэматычныя шанцы на захаванне прапіскі ў Вышэйшай лізе.
Да 14-й пазіцыі «Маладэчна» за 4 туры да заканчэння ЧБ адстае на 13 ачкоў і з 11 баламі замыкае турнірную табліцу.
І ў віцебскім дэрбі ўласна «Віцебск» саступіў «МЛ» з лікам 0:1.
«Букмекеры» ўпершыню з 30 жніўня не прапусцілі. З таго часу каманда правяла 6 матчаў, у якіх 4 разы прайграла і 2 разы дамаглася перамогі.
А вось галкіпер «МЛ Віцебск» Павел Паўлючэнка правёў 15-ы «сухі» матч у ЧБ-2025.
У 26 матчах сезона брамнік прапусціў 16 мячоў.
Пяцёрка самых надзейных галкіпераў ЧБ:
Павел Паўлючэнка (МЛ Віцебск) – 15 (26)
Міхаіл Казакевіч (Дынама Бр) – 10 (25)
Андрэй Клімовіч (Іслач) – 8 (17)
Максім Плотнікаў (Славія) – 8 (26)
Станіслаў Кляшчук (Гомель) – 6 (16)
Паўлючэнка паўтарыў асабісты рэкорд па колькасці «сухіх» матчаў – у 2021 годзе іх было 15 (у 28 гульнях) у складзе берасцейскага «Руху».
Рэкорд чэмпіянатаў Беларусі належыць Фёдару Лапавухаву, які ў 2024 годзе 19 разоў захоўваў браму менскага «Дынама» ў недатыкальнасці.
Такім чынам «МЛ» з 58 ачкамі займае першае месца ў турнірнай табліцы ЧБ. На другім ідзе менскае «Дынама» з 52 ачкамі і гульнёй у запасе. А на трэцім радку «Славія», у якой 50 балаў.

У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе прайшлі матчы 30 тура. З цікавых вынікаў адзначым перамогу магілёўскага «Дняпра» з лікам 3:1 у матчы з бабруйскай «Белшынай», таксама перамогу «Баранавічаў» 1:0 над пінскай «Хваляй» ды паразу «Ліды» 2:3 ад аднаго з аўтсайдараў – «Асіповічаў».
Тут на першым радку з 68 ачкамі ідуць «Баранавічы». На другім – «Дняпро», у якога 63 балы. І на трэцім месцы «Белшына», у якой 56 пунктаў.

І трохі інфармацыі ад беларускіх легіянераў.
«Зімбру» згуляў унічыю 2:2 з «Дачы Буюкань» у 17-м туры чэмпіянату Малдовы.
Нападнік Дзяніс Казлоўскі адзначыўся голам на 30-й хвіліне матча.
32-гадовы беларус у бягучым сезоне правёў 13 гульняў, у якіх забіў дзевяць мячоў і такім чынам ўзначаліў спіс бамбардзіраў чэмпіяната Малдовы.
Нагадаем, што за «Зімбру» таксама выступае беларускі абаронца Мікалай Золатаў і паўабаронца Цімафей Шаркоўскі. Галоўным трэнерам з’яўляецца Алег Кубараў.

У актыве «Зімбру» 35 ачкоў, каманда займае другое месца ў чэмпіянаце.
«Медзь» з Легніцы на выездзе абыграла мелецкую «Сталь» з лікам 2:1 у 14-м туры другога польскага дывізіёна.
Беларускі паўабаронца Глеб Кучко правёў усю гульню на полі, а таксама вызначыўся галявой перадачай на 69-й хвіліне матча.
20-гадовы гулец быў арандаваны ў плоцкай «Віслы», за якую ў бягучым сезоне Экстракласы не правёў ніводнага матчу, але двойчы патрапіў у заяўку. У складзе «Медзі» беларус правёў дзевяць гульняў і аддаў два асісты.
У вырашальным матчы апошняга, 26-га тура Прэм’ер-лігі Казахстана вызначыўся чэмпіён краіны.
Нічыёй з «Астаной» Макса Эбонга (1:1) сталася дастаткова для афармлення чэмпіёнства «Кайрата» Аляксандра Мартыновіча і Валерыя Грамыкі.
Для клуба з Алматы, які набраў 59 ачкоў, гэта другое чэмпіёнства запар.
Па выніках КПЛ-2025 другое месца з 57 баламі заняла «Астана», трэцяе – «Табол» Мікалая Сігневіча і Ягора Хвалько (54).
Таксама фінішам на чацвёртым месцы з 48 ачкамі ўпершыню ў гісторыі дамогся выхаду ў еўракубкі «Елімай» Яўгена Бярозкіна.

Нападаючы «Аль-Насра» Крышцiяну Раналду вызначыўся ў матчы 6-га тура чэмпіянату Саудаўскай Аравіі супраць «Аль-Хазема».
40-гадовы футбаліст забіў на 88-й хвіліне і ўстанавіў канчатковы лік – 2:0. Гэта яго 950 гол за кар’еру ў афіцыйных матчах.
450 ён забіў за «Рэал», 145 – за «Манчэстэр Юнайтэд», 106 – за «Аль-Наср», 101 – за «Ювентус», 5 – за «Спортынг» і яшчэ 143 – за зборную Партугаліі.

У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі на выходных прайшлі матчы 18 тура.
Менскае «Юнацтва» з лікам 3:2 перайграла наваполацкі «Хімік».
Салігорскі «Шахцёр» перамог «Брэст» – 4:1.
Гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:2 абыграў «Магілёў».
«Славуціч» у Смаленску быў мацнейшым за «Дынама-Маладэчна» – 3:1. Пры гэтым у пустую браму маладэчанцаў трэцюю досыць рэдкую шайбу закінуў галкіпер смалянаў.
«Ліда» саступіла «Віцебску» – 1:4.
Баранавіцкі «Авіятар» прайграў «Гомелю» – 0:2.
Аршанскі «Лакаматыў» саступіў у овертайме жлобінскаму «Металургу» з лікам 2:3.
На першых трох радках турніра ідуць – «Юнацтва», «Ліда» і «Дынама-Маладэчна». У якіх – 32, 30 і 29 ачкоў адпаведна.

У фінале тэніснага турніру ITF з прызавым фондам 15 тысяч даляраў беларуска Дар’я Хамуцянская (№631 сусветнага рэйтынгу) сустракалася з расейкай Дар’яй Ягоравай (№710).
Гульня завяршылася з лікам 2:0 – 6:2, 6:2.
Раней Хамуцянская стала пераможцай турніру ў кітайскім Хучжоў.
За апошнія два месяцы 21-гадовая спартоўка здабыла перамогі на двух турнірах у егіпецкай Хургадзе і дайшла да 1/4 фіналу турніру ў кітайскім Куньшані.
Беларуска не прайграе 10 матчаў запар.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя