BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Малавядомыя віды спорту, якія ўжо даступныя ў Беларусі

Калі вы стаміліся ад звычайных і даўно вядомых відаў спорту, а новых уражанняў хочацца, у Беларусі насамрэч ёсць цікавыя альтэрнатывы. Мы падрыхтавалі для вас невялікую падборку актыўнасцяў, пра якія вы, верагодна, ніколі не чулі раней.

Калі гаворка заходзіць пра спорт, у памяці ўзнікаюць вобразы класічных відаў накшталт футбола, плавання ці гімнастыкі. Аднак, у Беларусь прыходзяць усё новыя і новыя віды спорту або актыўнасцяў. Некаторыя з іх з’явіліся ў нас дзясятак гадоў таму, але тым не менш застаюцца малавядомымі.

Фрысбі-гольф

Уявіце сабе гольф, дзе замест мячоў і клюшак – лётаюць дыскі, якія называюцца фрысбі. Гэта і ёсць фрысбі-гольф. Фрысбі-гольф з’явіўся ў 1970-х гадах у ЗША дзякуючы Эдварду Хедрыку, які адаптаваў ідэю класічнага гольфа з выкарыстаннем дыскаў. У гэтым відзе спорту мэта – патрапіць спецыяльным дыскам у кошык за мінімальную колькасць кідкоў. Пляцоўкі для фрысбі-гольфа нагадваюць гольф-палі, толькі замест лунак – падвешаныя сеткаватыя кошыкі. Гульцам трэба абыходзіць дрэвы, водныя перашкоды і іншыя натуральныя бар’еры, што робіць гульню цікавай і разнастайнай. У камплект уваходзяць тры дыскі: для далёкіх, сярэдніх кідкоў і патынга (фінальных кідкоў у кошык). Фрысбі-гольф даступны круглы год і падыходзіць для кожнага ўзросту, таму гэта выдатны спосаб правесці час на свежым паветры, палепшыць каардынацыю і трапнасць. У Беларусі такія палі пачалі ўжо з’яўляцца ў парках і зонах адпачынку.

Геакешынг

Ці хацелі б адчуць сябе даследчыкам, сучасным шукальнікам прыгод? Такую магчымасць дае геакешынг – гэта актыўнасць, свайго роду гульня, якая спалучае элементы спорту, турызму і квэста. Сутнасць геакэшынга простая: знайсці схаваны іншымі гульцамі “скарб” – невялікі кантэйнер з прадметамі або нататнікам для запісаў, выкарыстоўваючы каардынаты і падказкі, пакінутыя стваральнікам тайніка. Гэтыя “скарбы” могуць быць схаваныя дзе заўгодна: у гарадскім парку, у лесе ці нават у цэнтры Менску.

Гісторыя геакешынга пачалася ў 2000 годзе, калі амерыканец Дэйв Ульмер зрабіў першую схованку недалёка ад Портленда, штат Арэгон. Гэта адбылося адразу пасля таго, як урад ЗША адмяніў наўмыснае абмежаванне дакладнасці GPS для грамадзянскіх карыстальнікаў. Ульмер апублікаваў каардынаты схованкі ў інтэрнэце, і ўжо праз дзень яе знайшлі. Так нарадзілася новая гульня, якая хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце.

Каардынаты схованак публікуюцца на спецыяльных сайтах (адным з найбольш папулярных з’яўляецца Geocaching.com), а гульцы выкарыстоўваюць GPS-прылады або смартфоны для іх пошуку. Некаторыя схованкі лёгка знайсці, іншыя патрабуюць рашэння складаных загадак або выканання заданняў. Адшукаўшы схованку, вы можаце пакінуць там невялікі сувенір для наступнага шукальніка, запісаць сваё імя ў журнал ды падзяліцца ўражаннямі анлайн. Геакешынг – выдатны спосаб даследаваць новыя месцы, даведацца цікавыя факты. Многія схованкі размешчаны каля гістарычных помнікаў або ў маляўнічых мясцінах. У Беларусі ўжо існуе цэлая група геакешэраў і сетка схованак.

Слэклайн

Слэклайн – гэта від актыўнасці, пры якім удзельнік балансуе на стропе, нацягнутай паміж двума кропкамі (звычайна дрэвамі). Шырыня стужкі – каля 2,5-5 см, а вышыня ўстаноўкі вар’іруецца ў залежнасці ад роўню падрыхтоўкі. Галоўнае ў слэклайне – здольнасць трымаць раўнавагу і паляпшаць каардынацыю, бо стужка спружыніць, што ўскладняе задачу. Слэклайн з’явіўся ў 1980-х гадах у ЗША. Яго прыдумалі скалалазы, якія нацягвалі стропы паміж дрэвамі для трэніроўкі балансу.

Навічкі пачынаюць з кароткіх дыстанцый на 5-10 метраў, нацягнутых невысока над зямлёй. Прафесіяналы ж ходзяць па стропах даўжынёй да 100 метраў і выконваюць складаныя трукі. Пачаць можна з простага і паспрабаваць хаця б выстаяць на стропе. На справе гэта патрабуе сур’ёзнай канцэнтрацыі і балансу. Па ступені росту майстэрства можна навучыцца выконваць розныя трукі: павароты, скачкі, нават сальта. За апошнія гады гэты спорт набірае яшчэ большую папулярнасць і ў Беларусі.

Фрысбі-гольф, геакешынг і слэклайн – гэта толькі невялікая частка незвычайных відаў спорту, якія ўжо даступныя ў Беларусі. Яны не патрабуюць сур’ёзных фінансавых укладанняў або спецыяльнай падрыхтоўкі, што робіць іх даступнымі для шырокага кола людзей. Таму калі вы хочаце паспрабаваць нешта новае – не бойцеся эксперыментаваць.

Беларускае Радыё Рацыя