Зборная Беларусі па футболе згуляе таварыскі матч у гасцях з камандай Мальты. Ён прызначаны на 26-е сакавіка. Федэрацыя футбола паведамляе таксама, што вядзе перамовы пра правядзенне яшчэ аднаго таварыскага матчу. Беларуская зборная ў рэйтынгу FIFA займае 95-е месца, Мальта — 172-е.
Яны сустракаліся чатыры разы (апошні раз — у 2008-м годзе), у беларусаў тры перамогі, аднойчы была нічыя. У канцы мінулага года з’явілася інфармацыя, што зборнай Беларусі дазволілі правесці два таварыскія матчы на сваёй тэрыторыі. З 2022-га ўсе хатнія паядынкі яна праводзіла за мяжой на нейтральных палях. Федэрацыя звярталася ва УЕФА па дазвол правесці на радзіме таварыскія гульні і ён нібыта быў атрыманы. Гэтыя таварыскія матчы ў Беларусі могуць быць згуляны ў чэрвені пры ўмове, што знойдуцца супернікі. Апошні раз нацыянальная зборная гуляла ў Беларусі ў лістападзе 2021 года. Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларускі футбол трапіў пад санкцыі.
Зіновіч стаў гульцом махачкалінскага «Дынама»
Беларускі цэнтральны паўабаронца Кірыл Зіновіч падпісаў кантракт з “Дынама”. 20-гадовы хаўбек перайшоў у клуб другога расейскага дывізіёна на правах свабоднага агента. Кірыл – выхаванец ФК «Менск», прафесійную кар’еру пачынаў у гэтым жа клубе ў чэмпіянаце Беларусі, правёў за два сезоны 21 матч, забіў чатыры мячы. Таксама прыцягваўся ў юнацкія зборныя краіны. Затым паўабаронца падпісаў кантракт з маскоўскім “Лакаматывам”. У складзе сталічнага клуба згуляў тры матчы ў прэм’ер-лізе і яшчэ адзін у Лізе Еўропы. Яшчэ 13 гульняў на рахунку Зіновіча ў складзе фарм-клуба чыгуначнікаў “Лакаматыва-Казанкі” ў другой лізе. Праз год выступаў за «Лакаматыў» Кірыла набыў клуб элітнага партугальскага дывізіёна «Віторыя Гімарайнш».
“У махачкалінскае «Дынама» Кірыл перайшоў на правах вольнага агента», – адзначае прэс-служба «Дынама».
Міхалёў узначаліць маладзёжную зборную Беларусі па хакеі на Кубку Будучага
Вызначыўся галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па хакеі на Кубку Будучыні, які пройдзе ў сталіцы з 7 па 10 лютага, паведамілі у прэс-службе ФХБ. Галоўным трэнерам каманды Беларусі-U20 на хатнім Кубку Будучыні стане настаўнік бабруйскага “Дынама-Шынніка” Андрэй Міхалёў. У трэнерскі штаб таксама ўвойдуць Павел Мікульчык і Сяргей Шабанаў.
Удзел у Кубку Будучыні прымуць маладзёжныя зборныя Беларусі і Казахстана, Расею прадставяць юніёрскія каманды да 17 і да 18 гадоў. 7 лютага нашыя хакеісты згуляюць з казахстанскімі аднагодкамі, 9 лютага прымуць малодшы расейскі склад, а ў заключным матчы сустрэнуцца са старэйшымі хлопцамі з Расеі.
Чжэнь Ціньвэн выйшла ў паўфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе
Кітайская тэнісістка Чжэнь Ціньвэн (15-ы нумар сусветнага рэйтынгу) стала апошняй паўфіналісткай жаночага адзіночнага разраду Australian Open. У заключным чвэрцьфінальным матчы кітаянка абыграла расейку Ганну Калінскую – 6:7 (4:7), 6:3, 6:1. Заўтра ў паядынку за выхад у фінал яе суперніцай будзе ўкраінская тэнісістка Даяна Ястрэмская. У другім паўфінале беларуска Арына Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Коры Гаўф. У пачатку верасня мінулага года яны гулялі ў фінале US Open і тады Гаўф перамагла ў трохсэтавым паядынку.
Баскетбалісты “Мінска” згуляюць з віцэ-чэмпіёнам Адзінай лігі ВТБ
Чарговыя паядынкі 24-га тура пройдуць у рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Аўтсайдары сезона баскетбалісты “Мінска” згуляюць у Краснадары з віцэ-чэмпіёнам мясцовым клубам “Лакаматыў-Кубань”, за які выступае беларускі абаронца Уладзіслаў Блізнюк. У матчы першага круга ў беларускай сталіцы менчукі саступілі краснадарскай дружыне ва ўпартай барацьбе – 86:90.
Беларускае Радыё Рацыя