У матчах другога тура асноўнага этапу Лігі чэмпіёнаў “Манчэстэр Сіці”, “Барселона”, “Інтэр” і дортмундская “Барусія”, забіўшы на чацвярых 20 галоў, дамагліся буйных перамог. “Барселона” ,дзякуючы дублю польскага нападніка Роберта Левандоўскага, разграміла швейцарскі “Янг Бойз” – 5:0. “Барусія” не пакінула шанцаў шатландскаму “Селтыку” – 7:1 – тут хет-трык на рахунку Адэемі і дубль на рахунку Гірасі. “Інтэр” разграміў на хатняй арэне “Црвену Звезду” – 4:0. З такім жа лікам “Манчэстэр Сіці” на выездзе адолеў “Слован”. Таксама адзначым перамогу “Арсенала” над ПСЖ 2:0 і “Баера” над “Міланам” – 1:0.
Менскія дынамаўцы разграмілі “Адмірал”
Хакеісты менскага “Дынама” здабылі першую перамогу ў бягучай хатняй серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У другім матчы падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі “Адмірал” з Уладзівастока. Першую шайбу ў сезоне за “Дынама” правёў Ягор Борыкаў, затым Віталь Пінчук аформіў дубль, а перад адыходам на перапынак дэбютным голам у форме “зуброў” вызначыўся зорны навічок клуба Крыс Цірні. У заключным гульнявым адрэзку гаспадары лёду давялі перавагу да разгромнай: спачатку ў меншасці вызначыўся Ілля Усаў, пасля чаго дакладны кідок нанёс абаронца Джош Брук. Незадоўга да фінальнай сірэны хакеісты абедзвюх каманд абмяняліся шайбамі, у складзе мінчан вызначыўся Сэм Энас, які раней аддаў тры галявыя перадачы. Фінальны лік – 7:2 на карысць “Дынама”. Гэтая перамога стала для сталічнага клуба пятай у сямі апошніх гульнях. На гэты момант “зубры” займаюць 5-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ, набраўшы 12 балаў.
«Анахайм» адправіў Сідарава ў АХЛ
«Анахайм» скараціў колькасць гульцоў у трэніровачным лагеры да 34 хакеістаў. У іх ліку не апынулася беларускага нападніка Ягора Сідарава. Ён адпраўлены ў фарм-клуб «Сан-Дыега Гулз».
Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Пекіне
Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал прадстаўнічага турніру катэгорыі “ВТА-1000” у Пекіне. На стадыі 1/8 фіналу яна ўпэўнена разабралася з прадстаўніцай ЗША Мэдысан Кіз, якая займае 24-ы радок у сусветным рэйтынгу, — 6:4, 6:3. Працягласць матча склала 65 хвілін. У чвэрцьфінале Сабаленка згуляе з пераможцай матчу паміж 79-й ракеткай свету Крысцінай Букшай з Іспаніі і 49-й у рэйтынгу ВТА чэшскай тэнісісткай Каралінай Мухавай.
Беларускае Радыё Рацыя