Дзеючы пераможца футбольнай Лігі чэмпіёнаў англійскі “Манчэстэр Сіці” ў 1/8 фіналу гэтага сезона сустрэнецца з дацкім “Капенгагенам”. Такі вынік лёсавання, якое адбылося ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Фіналіст мінулага сезона чэмпіёнскай Лігі італьянскі “Інтэр” згуляе з іспанскім “Атлетыка” з Мадрыда. Супернікам самага тытулаванага клуба Старога Свету мадрыдскага “Рэала”, у актыве якога 14 перамог у галоўным кантынентальным турніры, будзе нямецкі “Лейпцыг”. Астатнія пары 1/8 фіналу склалі “Напалі” і “Барселона”; “Барусія” і ПСВ (Эйндховен), “Пары Сен-Жэрмэн” і “Рэал Сасьедад”, “Порту” і “Арсенал”; “Баварыя” і “Лацыё”. Першыя матчы за выхад у чвэрцьфінал ЛЧ пройдуць у лютым, матчы у адказ – у сакавіку.
“Сталіца” згуляе з БЧ у чвэрцьфінале Кубка Беларусі па міні-футболе
У Менску ў Доме футбола адбылося лёсаванне чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. Дзеючыя ўладальнікі Кубка краіны спартоўцы “Сталіцы” працягнуць абарону тытула ў двухматчавым супрацьстаянні з гомельскім БЧ. Фіналіст папярэдняга кубкавага турніру аршанскі “Вітэн” у барацьбе за выхад у “Фінал чатырох” паспрачаецца са сталічным клубам “Ахова-Дынама”. Менскі “Дарожнік”, які з’яўляецца сяміразовым пераможцам кубкавых розыгрышаў, будзе супернічаць з “Менскам”. Гомельскі ВРЗ згуляе з гарадзенскім “УУС-Дынама”. Першыя сустрэчы 1/4 фіналу адбудуцца 27 снежня, гульні ў адказ пройдуць 30 снежня. Квартэт пераможцаў чвэрцьфіналаў згуляе ў “Фінале чатырох” 34-га кубкавага розыгрышу. Ён пройдзе 13-14 студзеня ў магілёўскім спарткомплексе “Алімпіец”. У вырашальным паядынку мінулага сезона “Сталіца” адолела “Вітэн” у серыі пасляматчавых пенальці.
Беларускія пляжнікі разграмілі ЦСКА на зборы ў Санкт-Пецярбургу
Зборная Беларусі па пляжным футболе святкавала другую буйную перамогу на вучэбна-трэніровачным зборы ў Санкт-Пецярбургу. У паядынку з адным з наймацнейшых расейскіх клубаў маскоўскім ЦСКА беларусы саступалі 0:2, але потым поўнасцю захапілі ініцыятыву і выйгралі 9:4. У складзе пераможцаў па галявому дублю аформілі Анатоль Рабко і Яўген Новікаў. У першым кантрольным паядынку падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада разграмілі маладзёжны склад піцерскага “Крышталя” з сухім лікам 7:0.
Французскія гандбалісткі трэці раз сталі чэмпіёнкамі свету
Гандбалісткі зборнай Францыі трэці раз сталі чэмпіёнкамі свету. У фінальным паядынку за золата 26-га жаночага планетарнага форуму ў дацкім Хёрнінгу францужанкі перамаглі каманду Нарвегіі 31:28. Французскія гандбалісткі ўзялі рэванш за паразу ў фінале ЧС-2021 у Іспаніі, калі нарвежкі выйгралі з лікам 29:22. У гульні за бронзавыя медалі гандбалісткі Даніі з мінімальнай розніцай адолелі шведскую дружыну – 28:27, паўтарыўшы свой бронзавы поспех двухгадовай даўніны. Найлепшым гульцом цяперашняга турніру прызнана нарвежка Хэню Рэйстад. Найлепшым бамбардзірам сусветнага першынства стала чэшка Маркета Ержбакова, якая закінула 58 мячоў. Наступны жаночы планетарны гандбольны форум у 2025 годзе прымуць Нідэрланды і Германія.
Беларускае Радыё Рацыя






