
Марыя Жодзік — спартоўка 2025 года па версіі Падляшскай алімпійскай рады.
У Беластоку адбыўся ўрачысты гала-канцэрт Падляшскай алімпійскай рады, падчас якога былі падведзены вынікі спартовага года і названыя найлепшыя атлеты рэгіёна.
Галоўную ўзнагароду — званне спартоўкі 2025 года — атрымала нараджэнка Баранавічаў, лёгкаатлетка Марыя Жодзік, якая цяпер прадстаўляе польскі клуб KS Podlasie Białystok.
У мінулым сезоне Жодзік паспяхова выступала на міжнароднай арэне і прадстаўляла Польшчу на камандным чэмпіянаце Еўропы, дзе дапамагла зборнай заваяваць другое месца ў скоках у вышыню. Яе стабільныя вынікі і высокі ровень выступленняў сталі ключавымі фактарамі пры вызначэнні пераможцы рэйтынгу.
Гэтая ўзнагарода — яшчэ адно пацверджанне таго, што беларускія спартоўцы працягваюць яскрава праяўляць сябе ў еўрапейскім спорце і заставацца важнай часткай міжнароднай атлетычнай супольнасці.
Віншуем Марыю з заслужаным прызнаннем і жадаем новых перамог! – гаворыцца ў паведамленні Беларускага фонда спартовай салідарнасці.
А тым часам учора на Алімпійскіх гульнях у Італіі былі разыграныя чарговыя 9 камплектаў узнагарод.
У мужчынскай гонцы праследавання па біятлоне ў Антхольцы золата заваяваў швед Марцін Пансілуома.
1. Марцін Пансілуома (Швецыя) – 31.11,9 (1)
2. Стурла Хольм Лагрэйд (Нарвегія) – 20,6 (2)
3. Эмільен Жаклен (Францыя) – 29,7 (3)
Гэта першае золата Швецыі ў мужчынскіх асабістых гонках на Алімпіядзе з 2010 года, калі Б’ёрн Феры атрымаў перамогу таксама ў гонцы пераследавання. Апошні раз шведскія спартоўцы бралі золата ў асабістых гонках у 2018-м, калі Ханна Эберг перамагла ў індывідуальнай гонцы.
Акрамя таго, шведы заваёўвалі камандныя залатыя медалі на АГ-2022 (жаночая зборная) і АГ-2018 (мужчынская).
У мужчынскім фрыстайле ў паралельным могуле золата здабыў Мікаэль Кінгсберы з Канады, які перамог у фінале японца Ікуму Харысіму.
У малым фінале бронзу заваяваў аўстраліец Мэт Грэм.
Для Кінгсбэры гэта другі медаль на гэтых Гульнях. Да гэтага ён заваяваў срэбра ў звычайным могуле.
1. Мікаэль Кінгсбэры (Канада)
2. Ікума Харысіма (Японія)
3. Мэт Грэм (Аўстралія)
Зборная Вялікабрытаніі перамагла ў спаборніцтве па сноўбордкросе сярод змешаных каманд.
У складзе каманды выступілі Х’ю Найтынгейл і Шарлота Бэнкс.
Гэта другі медаль Вялікабрытаніі на гэтай Алімпіядзе.
Срэбра здабыла каманда з Італіі, бронзу – французы.
1. Вялікабрытанія (Х’ю Найтынгейл/Шарлота Бэнкс)
2. Італія (Ларэнца Самарыва/Мікела Маёлі)
3. Францыя (Лаан Базала/Леа Каста)
У жаночай гонцы пераследавання па біятлоне перамогу здабыла італьянка Ліза Вітоцы. Срэбра дасталося нарвежцы Марэн Кіркеэйдэ, бронзу здабыла фінка Суві Мінкінен.
1. Ліза Вітоцы (Італія) – 30.11,8 (0+0+0+0)
2. Марэн Кіркеэйдэ (Нарвегія) – +28,8 (0+1+0+2)
3. Суві Мінкінен (Фінляндыя) – +34,3 (0+0+0+0)
Зборная Італіі па біятлоне ўпершыню ў гісторыі заваявала золата Алімпіяды.
Да гэтага Італія ў біятлоне заваёўвала на Гульнях толькі срэбныя і бронзавыя ўзнагароды.
Увогуле гэта самая паспяховая зімовая Алімпіяда ў гісторыі краіны.
Учора завяршылася медальнае спаборніцтва па гіганцкім слаламе на гэтай Алімпіядзе.
Золата заваявала італьянка Федэрыка Брыньёнэ.
Шведка Сара Хектар і нарвежка Тэа Луіза Сцьернесун падзялілі срэбра. У абедзвюх спробах яны паказалі аднолькавыя вынікі: у першай – 1.03,97 хв, а ў другой – 1.10,15 хв.
1. Федэрыка Брыньёнэ (Італія) – 2.13,50
2. Сара Хектар (Швецыя) – +0,62
2. Тэа Луіз Сцьернесун (Нарвегія) – +0,62
У мужчынскай лыжнай эстафеце 4×7,5 км перамогу здабыла зборная Нарвегіі. Для Ёханэса Клэба гэта чацвёртае золата на гэтых Гульнях.
Таксама Нарвегію прадставілі Эміль Іверсэн, Марцін Леўстрэм Нюэнгет і Эйнар Хедэгарт.
1. Нарвегія – 1.04.24,5
2. Францыя – 22,2
3. Італія – 47,9
29-гадовы Ёханэс Клэба устанавіў новы рэкорд па колькасці залатых медалёў на зімовых Алімпіядах – у яго 9 узнагарод.
Такім чынам, па колькасці перамог ён перасягнуў сваіх суайчыннікаў – біятланіста Уле Эйнара Б’ёрндалена, лыжнікаў Б’ёрна Дэлі і Марыт Б’ёрген, у якіх было па 8.
Усяго ў Клеба 11 узнагарод Алімпійскіх гульняў – на яго рахунку таксама бронза і срэбра ў эстафеце.
Таксама Ёханэс параўняўся з прадстаўнікамі летніх відаў спорту, якія бралі па 9 залатых медалёў. Гэта Ларыса Латыніна (СССР, спартыўная гімнастыка), Карл Льюіс (ЗША, лёгкая атлетыка), Калеб Дрэсэл, Марк Спіц, Кэці Ледэкі (усе – ЗША, плаванне) і Пава Нурмі (Фінляндыя, лёгкая атлетыка).
З улікам і зімовых, і летніх Алімпіяд Клэба па колькасці перамог цяпер саступае толькі амерыканскаму плыўцу Майклу Фэлпсу (у якога іх 23).
Учора разыгралі апошні камплект узнагарод у скелетоне.
У спаборніцтвах змешаных каманд перамогу здабылі Мэт Уэстан і Табіта Стокер з Вялікабрытаніі. Уэстан другі раз становіцца алімпійскім чэмпіёнам на гэтых Гульнях.
Нямецкія пары Сюзана Крэгер / Аксель Юнк і Жаклін Пфайфер / Крыстафер Гротгер, якія ўзялі срэбра і бронзу адпаведна, падзяліла адна сотая секунды.
1. Табіта Стокер / Мэт Уэстан (Вялікабрытанія) – 1:59,36 хв
2. Сюзана Крэгер / Аксель Юнк (Германія) – +0,17
3. Жаклін Пфайфер / Крыстафер Гротгер (Германія) – +0,18
У медальным спаборніцтве па канькабежным спорце сярод жанчын на дыстанцыі 500 метраў пераможцай стала нідэрландка Фемке Кок.
Кок устанавіла новы алімпійскі рэкорд – 36,49 с.
Другой стала сэкс-сімвал гэтай Алімпіяды нідэрландка Юта Лердам, трэцяй – японка Міха Такагі.
1. Фемке Кок (Нідэрланды) – 36,49
2. Юта Лердам (Нідэрланды) – +0,66
3. Міха Такагі (Японія) – +0,78
У скачках на лыжах з трампліна алімпійскай чэмпіёнкай стала Анна Адзінэ Стром з Нарвегіі – гэта другое золата спартоўкі і трэці медаль на гэтай Алімпіядзе. Яе партнёрка ў зборнай Эйрын Марыя Квандал – другая. Бронза ў славенкі Нікі Прэц.
З топ-6 спартовак гэтай дысцыпліны чатыры прадстаўляюць Нарвегію.
1. Анна Адзінэ Стром (Нарвегія) – 284,8 бала
2. Эйрын Марыя Квандал (Нарвегія) – 282,7
3. Ніка Прэц (Славенія) – 271,5
Такім чынам па медальным заліку на гэты момант Нарвегія займае першы радок. Зборная Італіі ідзе другой, але ўжо абнавіла свае рэкорды як па колькасці залатых узнагарод, так і па колькасці ўзнагарод у цэлым. Трэція – ЗША. Польшча з двума срэбрамі і бронзай на 20 радку. Беларусы і ўкраінцы пакуль медалёў не здабылі.
1. Нарвегія – 26 медалёў (12 залатых + 7 срэбных + 7 бронзавых)
2. Італія – 22 (8 + 4 + 10)
3. ЗША – 17 (5 + 8 + 4)
На Алімпіядзе ў Італіі адбылася цырымонія ўзнагароджання біятланістаў, якія атрымалі медалі пасля перагляду вынікаў з-за допінг-бана расейца Яўгена Усцюгава.
Сатысфакцыя прайшла ўчора ў паўзе паміж мужчынскім і жаночым пасьютамі.
Раней Федэральны суд Швайцарыі канчаткова адхіліў апеляцыі Усцюгава на дыскваліфікацыю. Спартовец страціў два золаты: за мас-старт Ванкувера-2010 і эстафету Сочы-2014.
Узнагароды за Ванкувер-2010 уручылі Мартэну Фуркаду (золата), славаку Павалу Хурайту (срэбра) і аўстрыйцу Крыстафу Зуману (бронза).
За эстафету Сочы-2014 медалі атрымалі: зборная Германіі (Эрык Лесер, Даніэль Бем, Арнд Пайфер, Сымон Шэмп – золата), зборная Аўстрыі (Крыстаф Зуман, Даніэль Мезоціч, Сымон Эдэр, Дамінік Ландэртынгер – срэбра) і зборная Нарвегіі (Тар’ей Бё, Ёханэс Бё, Уле Эйнар Б’ёрндален, Эміль Хегле Свэнсэн – бронза).
«Мы далі абяцанне, што не спынім барацьбу за чыстых спартоўцаў і радыя, што свет пазначыць іх месца ў алімпійскай гісторыі», – заявіў кіраўнік Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) Оле Далін.
Ва ўзнагароджанні ўдзельнічала прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Кірсці Ковентры
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






