
У беларускім футбольным чэмпіянаце вызначыўся новы чэмпіён. Ім стаў дэбютант Вышэйшай лігі – «МЛ Віцебск».
Учора клуб на сваім полі разграміў «Гомель» з лікам 5:0 і за тур да фінішу ўпершыню заваяваў залатыя медалі чэмпіянату краіны па футболе.
Менскае «Дынама» выйграла дэрбі ў «Дынама» з Берасця з лікам 2:0 і будзе са срэбнымі медалямі. Мазырская «Славія» — трэцяя.
Такім чынам перад апошнім турам становішча ў турнірнай табліцы наступнае: МЛ Віцебск з 67 ачкамі застанецца на першым радку, Дынама Менск з 62 ачкамі на другім радку, Славія Мазыр з 54 пунктамі заваявала бронзавыя медалі, далей ідуць Дынама Брэст і Мінск, у якіх па 48 ачкоў.
«МЛ Віцебск» быў заснаваны ў 1971 годзе ў Рагачове як «Дняпро», гуляў у чэмпіянаце БССР, трэцяй і другой, потым першай лізе чэмпіянату Беларусі.
З 2021 года стаў называцца «Макслайн» (спонсар — букмекерская кампанія), у 2022 годзе каманда выйшла ў Вышэйшую лігу, але Беларуская федэрацыя футбола адмовіла ёй ў ліцэнзаванні. Клуб перабраўся ў Віцебск, а ў 2025 годзе змяніў назву на «МЛ Віцебск».
Год таму заняў другое месца ў Першай лізе і сёлета адразу выйграў Вышэйшую лігу. То-бок у наступным годзе прадставіць Беларусь у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
У наступным годзе з-за нізкага рэйтынгу Беларусь прадставяць у еўракубках тры, а не чатыры каманды, як гэта было звычайна: «МЛ Віцебск» у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, менскае «Дынама» і пераможца Кубка Беларусі, што вызначыцца наступнай вясной, у Лізе канферэнцый.
Вышэйшую лігу пакідаюць «Маладэчна» і «Слуцк», у яе выйшлі «Баранавічы», упершыню, і вяртаецца «Дняпро» (Магілёў), а «Белшына» згуляе ў стыкавых матчах з клубам, што фінішуе ў вышэйшай лізе 14-м, гэта будзе альбо «Смаргонь», альбо «Нафтан», альбо «Віцебск.
Усё вызначыцца ў апошнім туры ў бліжэйшыя выходныя.
Да іншых вынікаў перадапошняга 29 тура.
Койданаўскі «Арсенал» здабыў валявую перамогу над «Слуцкам». Першымі ў гульні адзначыліся случакі, пасля на 63 хвіліне з-за выдалення засталіся ўдзесяцёх і двойчы прапусцілі на 66 і 85 хвілінах.
Гарадзенскі «Нёман» перамог «Віцебск» Сяргея Гурэнкі з лікам 3:1.
Барысаўскі «БАТЭ» з лікам 5:0 разграміў наваполацкі «Нафтан». Тут хет-трыкам адзначыўся Уладзіслаў Яцкевіч.
«Смаргонь» на сваім полі здабыла вельмі важную для сябе перамогу над «Маладэчна» з мінімальным лікам 1:0.
«Мінск» здабыў валявую перамогу ў Мазыры над «Славіяй» з лікам 3:2. Пры чым двойчы даганяў мазырцаў і пераломны і пераможны галы забілі мінчукі на 89 і 90 хвілінах. А 4 з 5 галоў у матчы былі забітыя цягам апошніх 10 хвілін гульні.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» згуляла ўнічыю 0:0 з прысталічнай «Іслаччу».
У Першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе былі згуляныя матчы апошняга 34 тура.
З цікавых вынікаў адзначым валявую перамогу «БАТЭ-2» над магілёўскім «Дняпром», які з другога месца вяртаецца ў Вышэйшую лігу, з лікам 2:1.
Пры тым, што барысаўцы два галы забілі гуляючы ў меншасці, а сканчалі гульню наогул удзевяцёх.
«Ліда» на выездзе з лікам 5:0 разграміла «Гомель-2».
Такім чынам першае, другое і трэцяе месцы па выніках сезона занялі «Баранавічы», «Дняпро» і гомельскі «Лакаматыў». З-за немагчымасці згуляць стыкавыя матчы за выхад у вышэйшы дывізіён, замест гамельчукоў такая магчымасць будзе ў бабруйскай «Белшыны», якая заняла 4 месца. Пяты радок застаецца за «Лідай».
У польскай Экстракласе былі згуляныя некаторыя матчы 16 тура.
Глівіцкі «Пяст» Германа Баркоўскага здабыў важную перамогу ў Чэнстахове над «Ракувам» з лікам 3:1. Беларускі форвард выйшаў ў стартавым складзе, адгуляў 76 хвілінаў і на 57 хвіліне адзначыўся голам у браму «Ракува». Для яго гэта трэці гол у складзе «Пяста» цягам гэтага сезона.
А вось іншы беларускі форвард Ілля Шкурын павінен быў згуляць учора са сваім «ГКС Катавіцы» ў Беластоку супраць «Ягелоніі». Але з-за неспадзяванага снегапада матч быў адкладзены на нявызначаны тэрмін. Ніжэй глядзіце карціны заснежанага стадыёна “Ягелоніі” у нядзелю 24 лістапада.






Варта адзначыць, што галоўны канкурэнт «Ягелоніі» за першы радок «Гурнік» Забжэ працягвае «буксаваць» і гэтым разам згуляў унічыю 1:1 з плоцкай «Віслай». Ён зараз мае 30 ачкоў. А «Ягелонія», што ідзе другой, мае 27 ачкоў і 2 гульні ў запасе.
У беларускай хакейнай Экстралізе на выходных былі згуляныя матчы 27 тура.
«Ліда» перамагла салігорскі «Шахцёр» з лікам 4:1.
Баранавіцкі «Авіятар» з лікам 5:6 саступіў «Магілёву».
«Віцебск» па серыі пасляматчавых булітаў прайграў менскаму «Юнацтву» з лікам 2:3.
Жлобінскі «Металург» з мінімальным лікам 1:0 перайграў гарадзенскі «Нёман».
«Дынама-Маладэчна» выйграла ў «Гомеля» з лікам 7:3.
Аршанскі «Лакаматыў» саступіў «Брэсту» – 2:5.
Наваполацкі «Хімік» у Смаленску перамог «Славуціч» з лікам 3:1.
Такім чынам на першым радку з 48 баламі па-ранейшаму ідзе «Юнацтва», а другі і трэці радок з 41 балам дзеляць «Дынама-Маладэчна» і «Ліда».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя




