
Матчам «Маладэчна» – «Славія» (Мазыр) пачаўся 17-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Госці дамагліся выяздной вікторыі 2:0. Лік адкрыў лепшы бамбардзір мазырцаў Андрэй Салавей на 27-й хвіліне, а ў кампенсаваны да сустрэчы час Мікалай Іваноў са штрафнога павялічыў перавагу «Славіі». Такім чынам клуб з берагоў Прыпяці набраў 35 ачкоў і замацаваўся на другім месцы. «Славія» адстае ад «МЛ Віцебск» на 7 ачкоў, праўда ў лідара гульня ў запасе.
У суботу пройдуць яшчэ тры матчы: «Смаргонь» прыме «Слуцк», у абласным дэрбі «Іслач» з Менскай вобласці пазмагаецца з барысаўскім БАТЭ, а позна ўвечары «Віцебск» сустрэнецца з «Мінскам».
«Тэрмаліка» працягвае здзіўляць
У польскай футбольнай экстра-класе стартаваў 4-ы тур. У першай яго сустрэчы «Карона» з Кельцаў прымала «Радомяк» з Радама. Гаспадары ўпэўнена адолелі супернікаў – 3:0. Голавы дубль аформіў хаўбек «Кароны» Давід Бланік, а давяршыў справу кіпрскі легіянер Канстантынас Сатэрыу. Працягвае здзіўляць дэбютант лігі «Тэрмаліка» з Няцечы. На гэты раз яна адолела ў Забжэ тамтэйшы «Гурнік» – 1:0 і з 7-мю ачкамі ўвайшла ў групу лідараў. Сёння ў экстра-класе пройдуць яшчэ дзве сустрэчы: «Арка» (Гдыня) – «Пагоня» (Шчэцін) і «Відзэў» (Лодзь) – «Вісла» (Плоцк).
Анджэй Дуда будзе ў складзе МАК?
Нядаўні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда можа стаць сябрам Міжнароднага алімпійскага камітэта па рэкамендацыі Польскага алімпійскага камітэта. Пра гэта паведаміла радыёстанцыя RMF24.
Галасаванне па кандыдатуры былога прэзідэнта пройдзе ў час сесіі МАКу не раней наступнага года. Кандыдатура былога прэзідэнта зараз разглядаецца кансультацыйным камітэтам МАК.
Сябры гэтай арганізацыі абіраюцца на 8-гадовы тэрмін з магчымасцю яго падаўжэння. Цяпер у складзе МАК ёсць 89 сябраў.
Каму аддадуць «Залаты мяч»?
Ажно 9 футбалістаў французскага клуба «Пары Сэн-Жэрмэн» намінаваныя на «Залаты мяч» 2025 года, паведаміла прэс-служба УЕФА ў сацыяльных сетках. З складу «ПСЖ», які ўпершыню ў гісторыі выйграў Лігу чэмпіёнаў, у спіс увайшлі: Хвіча Кварацхелія, Усман Дэмбеле, Джанлуіджы Доннарума, Дэсір Дуэ, Ашраф Хакімі, Жаау Нэвеш, Фабіян Руіс, Віцінья і Нуну Мендэш.
Таксама на ўзнагароду намінаваныя 4 гульцы «Барселоны», па 3 – мадрыдскага «Рэала» і «Ліверпуля», па 2 – мюнхенскай «Баварыі» і міланскага «Інтэра», па 1 – дортмундскай «Барусіі», «Напалі», «Манчэстэр сіці», лонданскіх «Чэлсі» і «Арсенала», лісабонскага «Спортынгу» і леверкузенскага «Байеру».
Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў Парыжы 22 верасня.
Павел Забелін знайшоў клуб на Кіпры
Абаронец футбольнай зборнай Беларусі, выхаванец гарадзенскага «Нёмана», Павел Забелін падпісаў кантракт з кіпрскім клубам «Акрытас Хлоракас», які выступае ў мацнейшым дывізіёне сваёй краіны. Гулец ужо рыхтуецца з новай камандай да старту чэмпіяната. Апошнім клубам Паўла Забеліна быў саратаўскі «Сокал» з другой расейскай лігі. Раней футбаліст выступаў за родны «Нёман», мікашэвіцкі «Граніт», салігорскі «Шахцёр», узбекістанскі «Андыжан», казахскі «Табол».
Янік Сінэр пацвярджае сваё рэнамэ
Чатырохразовы пераможца турніраў «Grand Slem», лідар рэйтынгу АТП, італьянец Янік Сінэр другім кваліфікаваўся на Выніковы чэмпіянат года, які пройдзе з 9-га па 16 лістапада ў Турыне. Зараз Сінэр займае другое месца ў чэмпіёнскай гонцы АТП, набраўшы 6010 ачкоў. Ён ня браў удзелу ў хардавым «Мастэрс», што прайшоў у канадскім Таронта, але па яго выніках стаў недасягльным для іншых майстроў ракеткі, што не ўваходзяць у першую васьмёрку. Нагадаем, што на выніковы турнір года трапляе першы актэт тэнісістаў па рэйтынгу. Сёлета раней на яго прабіўся іспанец і другая ракетка свету Карлас Алькарас, цяпер жа і Сінэр, які летась стаў пераможцам прэстыжнага фінішнага спабору.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






