BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мбапэ аформіў хет-трык і вывеў «Рэал» у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў

Мадрыдскі «Рэал» прайшоў у наступны этап Лігі чэмпіёнаў, перамогшы «Манчэсцер Сіці» 3:1. Галоўным героем сустрэчы стаў Кіліян Мбапэ, які тройчы адправіў мяч у сетку брамы ангельцаў. Гэтая перамога замацавала перавагу «каралеўскага клуба», які выйграў і першы матч у Манчэсцеры 3:2. У наступным раўндзе «Рэал» сустрэнецца з мадрыдскім «Атлетыка» ці леверкузенскім «Байерам». Нідэрландскі ПСВ у напружаным паядынку выбіў «Ювентус» з Лігі чэмпіёнаў. Пасля мінімальнай паразы ў Турыне 1:2 ПСВ змог узяць рэванш на сваёй арэне – 3:1 у дадатковы час. Вырашальны мяч у авертайме забіў Фламінга, які прынёс сваёй камандзе месца ў 1/8 фіналу. Парыжскі «ПСЖ» дэманстраваў поўную дамінацыю ў двухматчавым супрацьстаянні з «Брэстам». Пасля перамогі 3:0 у гасцях, парыжане разграмілі суперніка і дома – 7:0. Цяпер «ПСЖ» чакае наступны супернік – «Ліверпуль» ці «Барселона». Дортмундская «Барусія» выйшла ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў, хоць у хатнім матчы не здолела забіць «Спортынгу» – 0:0. Але гасцявы разгром 3:0 дазволіў «шмялям» працягнуць удзел у турніры. У наступным раўндзе немцы сустрэнуцца з «Астан Вілай» або «Лілем».

Беларусы саступілі ў першым спарынгу з ААЭ

Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала вучэбна-трэніровачны збор у Дубаі з паразы. У першым кантрольным матчы каманда пад кіраўніцтвам Нікаласа Альварада мінімальна саступіла гаспадарам — 1:2. Юрый Пятроўскі адкрыў лік у першай траціне. Другі матч супраць зборнай ААЭ адбудзецца 21 лютага. Наперадзе ў беларусаў яшчэ спарынгі з Расіяй у сакавіку і ўдзел у ЧС-2025 на Сейшэльскіх астравах, які стартуе 1 траўня. На апошнім мундыялі беларуская каманда заняла чацвёртае месца.

Арына Сабаленка нечакана саступіла на ранняй стадыі турніру WTA-1000

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка сенсацыйна вылецела з турніру ў Дубаі, прайграўшы Клары Таусан з Даніі – 3:6, 2:6. Гэта ўжо другая няўдача першай ракеткі свету на ранняй стадыі турніраў серыі WTA-1000 запар, што ставіць пад сумнеў яе стабільнасць у гэтым сезоне.

Менскае «Дынама» зноў перамагло ЦСКА

Хакеісты мінскага «Дынама» ў трэці раз у сезоне апынуліся мацнейшымі за маскоўскі ЦСКА, перамогшы з лікам 4:1. Два галы на свой рахунак запісаў Вадзім Шыпачоў, што дапамагло «зубрам» замацавацца на 7-м месцы ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Гарадзенскі «Нёман» замацаваўся на другім месцы экстралігі

«Нёман» перамог «Шахцёр» 3:1. Гэта дазволіла гарадзенцам захаваць другую пазіцыю ў рэгулярным чэмпіянаце, саступаючы толькі «Юнацтву». «Шахцёр» застаецца ў зоне плэй-ін, змагаючыся за месца ў плэй-оф.

Бяляўскі стаў лепшым бамбардзірам матчу, але «Заграб» не змог перамагчы

Беларускі гандбаліст Ігар Бяляўскі забіў 8 мячоў у матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў, але гэта не дапамагло яго «Заграбу» перамагчы «Кольстад» – 25:25. Гэты вынік не дазволіў харватам выбрацца з ніжняй часткі табліцы.

Беларускае Радыё Рацыя