Хакеісты менскага «Дынама» выдатна правялі чарговы хатні матч у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У пятніцу «зубры» сустрэліся з маскоўскім «Дынама» і ўпершыню ў сезоне выйгралі дынамаўскае дэрбі. На працягу двух перыядаў каманды не змаглі адкрыць лік. На 52-й хвіліне матчу менчукі ўсё ж такі змаглі прабіцца праз абарону суперніка — пераможны гол забіў Роб Хэмілтан з перадачы Вадзіма Шыпачова 1:0. Брамнік гаспадароў Васіль Дземчанка стаў сапраўднай зоркай сустрэчы, адбіўшы ўсе 27 кідкоў і аформіўшы першы «сухі» матч у сезоне. Гэтая перамога дазволіла менскаму «Дынама» працягнуць серыю з набранымі ачкамі да шасці матчаў. Цяпер «зубры» займаюць сёмае месца ў Заходняй канферэнцыі і адстаюць ад чацвёртай пазіцыі ўсяго на тры балы. Заключны сёлетні матч менчукі згуляюць 29 снежня супраць лідара канферэнцыі — яраслаўскага «Лакаматыва».
«Юта» зноў прайграе: Калячонак згуляў мінімум часу
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ хакейны клуб «Юта» прайграў на хатняй арэне «Каларада Эвеланш» з лікам 1:4. 23-гадовы беларускі абаронца «Юты» Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе крыху больш за 11 хвілін, зрабіў адзін сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок і дапусціў адну страту, завяршыўшы гульню з паказчыкам карыснасці „нуль”. У складзе пераможцаў вызначыўся Артуры Лехканен, які аформіў хет-трык. На дадзены момант «Юта» займае 10-е месца ў Заходняй канферэнцыі, набраўшы 38 ачкоў у 35 матчах, у той час як «Каларада» ідзе пятым з 44 ачкамі пасля 37 гульняў.
Алексіевіч можа вярнуцца ў «Гомель»
33-гадовы паўабаронца БАТЭ Ілля Алексіевіч, магчыма, зменіць барысаўскі клуб на «Гомель». Паводле крыніцы, гамяльчане гатовыя прапанаваць футбалісту выгадныя фінансавыя ўмовы, што можа стаць вырашальным фактарам для пераходу. За бягучы сезон у Чэмпіянаце Беларусі Алексіевіч адыграў 22 матчы, забіўшы адзін гол і аддаўшы дзве галявыя перадачы. Варта адзначыць, што раней гулец ужо абараняў колеры «Гомеля», і яго магчымае вяртанне выклікае цікавасць у заўзятараў клуба.
Фрэнкі дэ Ёнг можа апынуцца ў «Ліверпулі», але са скарачэннем заробку
Ангельскі «Ліверпуль» зацікавіўся 27-гадовым паўабаронцам «Барселоны» Фрэнкі дэ Ёнгам. Паводле крыніц, каталонскі клуб гатовы разглядаць прапановы аб яго трансферы, калі яны складуць не менш за 35 мільёнаў еўра. Праўда, пераход можа адкласціся да летняга трансфернага акна. Асноўнай перашкодай для пераезду дэ Ёнга ў Англію можа стаць яго высокі заробак. Каб апынуцца ў складзе мерсісайдцаў, нідэрландцу, магчыма, давядзецца пайсці на яго скарачэнне. У гэтым сезоне Фрэнкі дэ Ёнг прыняў удзел у 13 матчах за «Барселону», дзе адзначыўся адным голам і адной галявой перадачай. Яго кантракт дзейнічае да 2026 года, а рынкавы кошт футбаліста, паводле Transfermarkt, складае 45 мільёнаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя