BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскае «Дынама» няўдала стартавала ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў

Футбольнае менскае «Дынама» правяло першы матч кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Яно сустракалася ў Балгарыі ў горадзе Разград з мясцовым улубам «Лудагорац».

Ужо на 9-й хвіліне абарона чэмпіёнаў Беларусі дала сур’ёзную трэшчыну і ганскі легіянер балгараў Бернард Тэкпетэй моцным ударам адкрыў лік. Нягегласць менскага «Дынама» стала відавочнай, калі найбольш дасвечаны ў яго шэрагах Сяргей Паліцевіч сфаліў на 45-й хвіліне, зарабіў жоўтую картку і яшчэ пенальці. Да слова, гэта была ўжо пятая жоўтая картка ў матчы падначаленых Вадзіма Скрыпчанкі. Тодар Нядзеляў упэўнена рэалізаваў 11-мятровы. Не нашмат аптымістычней было для беларусаў і ў другой палове. Толькі ў канцоўцы дынамаўцы маглі забіць, але не ўдалося. Выніковыя 2:0 на карысць «Лудагорца».

У іншых матчах назіралася куды больш зацятае змаганне. Грэчаскі ПАОК з лікам 3:2 узяў верх над  клубам «Борац» (Баня-Лука) з Босніі і Герцагавіны, тры разы пры тым выходзячы наперад. Славенскі «Цэле» прымаў на сваім стадыёне браціслаўскі «Слован» з Славакіі. Большую частку сустрэчы пасля ліку 1:1 славакі з-за выдалення правялі ў меншасці. Славенцы адзін раз забілі, але гол не залічылі з-за афсайду. Фінальная нічыя.

Адбыліся кваліфікацыйныя матчы і ў Лізе канферэнцый – найменш прэстыжным кантынентальным турніры. Футбольны клуб «Рыга» перамог віцэ-чэмпіёна Польшчы вроцлаўскі «Шлёнск» – 1:0. Македонская «Струга» адолела на сваім полі армянскі «Пюнік» – 2:1. Батумскае «Дынама» з Грузіі саступіла дома чарнагорскаму «Дэчычу» – 0:2. Грэчаскі АЕК з Афінаў граміў «Інтэр клуб эскальдэс» з Андоры – 4:1, але занадта рана расслабіўся, афінцы не рэалізавалі пенальці, а андорцы скарацілі лік да мінімуму – урэшце было зафіксавана 4:3.

Скандал на футбольным алімпійскім турніры

Стартаваў алімпійскі футбольны турнір. Напомнім, што ўдзел у ім бяруць гульцы не старэйшыя за 23 гады. У групе В Аргенціна пад кіраваннем вядомага ў мінулым хаўбека Хаўера Маскерана сенсацыйна прайграла камандзе Марока. Арбітр дадаў да асноўнага часу ажно 15 хвілін і на 116-й паўднёваамерыканцы ўсё ж нібыта дамагліся жаданай нічыі – 2:2. Аднак далей грымнуў сапраўдны скандал. Каманды вярнулі на поле праз паўтары гадзіны (!). Прагледзеўшы VAR, гол аргенцінцаў адмянілі, зборныя пабегалі яшчэ 3 хвіліны, пасля чаго была зафіксаваная перамога Марока. Маскерана назваў гэта «найбольшым цыркам, які ён бачыў у сваім жыцці».


У гэтым жа квартэце Украіна сустракалася з Іракам, першай забіла мяч, але ў выніку нечакана прайграла – 1:2. Адзначым, што пенальці ў браму «жоўта-блакітных» быў досыць спрэчным.

У групе С Іспанія не без праблем адолела дружыну Узбекістана – 2:1 і выйшла ў лідары. А Егіпет і Дамініканская Рэспубліка разышліся мірам – 0:0.

У групе А Новая Зеландыя перамагла Гвінею – 2:1. А гаспадары турніру  – каманда Францыі змагалася з дружынай ЗША. Амерыканцы доўга трымаліся годна, але ўрэшце Аляксандр Ляказет, адзін з дазволеных старэйшых гульцоў у складзе трохкаляровых, хвостка і вынікова стрэліў з-за межаў штрафной. Пасля гэтага Францыя забіла яшчэ двойчы і перамагла 3:0.

У квартэце D Японія нечакана разграміла зборную Парагвая – 5:0. У гэтай жа кампаніі Ізраіль і Малі разышліся парытэтам – 1:1.

Першая ракетка свету не выступіць на алімпіядзе

Стала вядома, што першая ракетка свету, італьянец Янік Сіннер не зможа з-за хваробы ўзяць удзел у алімпійскіх гульнях. Дакладна Сіннеру дыягназ не паставілі – у яго ні то танзіліт, ні то звычайная ангіна. Першы нумар рэйтынгу АТП планаваў выступіць у адзіночным разрадзе, а таксама ў парным разам з суайчыннікам Ларэнца Музетці. Напомнім, што яшчэ раней ад удзелу ў алімпіядзе з-за траўмы быў змушаны адмовіцца мацнейшы польскі тэнісіст Хуберт Хуркач.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by